• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Браты Сяргей і Аляксандр Сацукі адзначаюць юбілей. Першы — у калоніі, другі — у эміграцыі

    15 красавіка ў калоніі №15 Магілёва адзначыць 55-гадовы юбілей палітвязень, журналіст-расследавальнік, рэдактар інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук. 

    Адначасова спраўляе дзень нараджэння і адзін з самых блізкіх яму людзей — брат-блізнюк Аляксандр. Атрымаўшы звесткі пра тое, што ў Беларусі да яго гэтаксама «падбіраюццца», з’ехаў з краіны і цяпер у бяспецы Польшчы. 

    «Так, калегі перадалі, што супраць мяне гэтаксама пачалі справу — праўда, дагэтуль не ў курсе наконт артыкула. Пра тое, што гэта не блеф, сведчыць наступнае: людзі ў пагонах перыядычна прыходзяць у Мінску да сваякоў, знаёмых, цікавяцца, дзе я… Вельмі дзіўна, бо ў памежнага камітэта ёсць звесткі, што я законна перасёк мяжу», — гаворыць Аляксандр Сацук.

    Пэўны час Аляксандр таксама быў шчыльна звязаны з журналістыкай, аднак урэшце схіліўся ў бок юрыспрудэнцыі. Праўда, у вымушанай эміграцыі адукацыйны дыплом не прыдаўся — палякам не патрэбны юрыст з веданнем беларускага заканадаўства (асабліва калі ў самой краіне «не да законаў»). Прызнаецца, што прапаноўваў паслугі штабам Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі, але там згодныя толькі на валанцёрства. Утрымліваць сям’ю даводзіцца няпрофільнымі заробкамі.      

    З будаўнічай пляцоўкі — у журналістыку і юрыспрудэнцыю 

    Сяргей і Аляксандр Сацукі нарадзіліся 15 красавіка 1968 года ў Жодзіне. Браты ніколі не задумваліся пра журналісцкую будучыню, хоць яшчэ з дзяцінства забаўляліся, складаючы розныя прыгодніцкія гісторыі. Пасля школы адслужылі ў войску і ў канцы 1980‑х разам падаліся ў будаўнікі. 

    Паміж зменамі працягвалі гуляць у «пісьменнікаў», пакуль Сяргея ўрэшце не «засмактала» — стаў пісаць паўнавартасныя фантастычныя апавяданні. На фоне кніжнага голаду постсавецкага часу выдаўцы адважыліся паставіць на аўтара-дэбютанта: навукова-фантастычную трылогію «Миротворцы конуса» і раман «Спецподразделение чистки». І не прагадалі. Так учорашні будаўнік вырашыў працаваць з тэкстамі. 

    У 23 гады Сяргей паступіў на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, паралельна пачаў супрацоўнічаць з «Белорусской деловой газетой» пад кіраўніцтвам Пятра Марцава. Праз нейкі час перацягнуў працаваць у рэдакцыю і роднага брата. Але неўзабаве ўлады апалчыліся на папулярнае бізнес-выданне, давёўшы яго да банкруцтва.

    У вымушаную паўзу, узважыўшы «за» і «супраць», Аляксандр зразумеў, што журналістыка — прызванне не ягонае. У выніку скончыў юрфак БДУ і  перакваліфікаваўся ў юрыста. А вось Сяргей доўга без працы не заставаўся, рэалізаваўшы з аднадумцамі ідэю першай у краіне лічбавай PDF-газеты «Ежедневник». Праўда, як і ў выпадку з «БДГ», спыніцца давялося не па ўласнай волі.   

    Ад пасады галоўнага рэдактара — да статусу «экстрэміста»

    Сяргея Сацука затрымалі 8 снежня 2021 года на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «атрыманне хабару» (арт. 430), «распальванне варажнечы» (арт. 130), «перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт. 426). Тады ж рашэннем Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны сайт «Ежедневника» — ej.by.

    Наступныя 10 месяцаў яго ўтрымлівалі ў следчым ізалятары, судовы працэс пачаўся толькі летась 23 сакавіка. На яго прызначылі суддзю  Святлану Бандарэнку, вядомую ў журналісцкім асяродку перадусім тым, што адправіла за краты карэспандэнтку парталу Tut.by Кацярыну Барысевіч за матэрыял пра гвалтоўную смерць гарадскога актывіста Рамана Бандарэнкі (так званая справа «нуль праміле»). 

    Не жадаючы выпрабоўваць лёс, Аляксандр на той момант быў ужо ў  Польшчы, адкуль з хваляваннем сачыў за ходам, як ён перакананы, цалкам надуманай справы.  

    «Наўрад ці трэба расказваць, што ў нас з Сяргеем асаблівая сувязь, дзесьці нават на містычным узроўні. Прынамсі гэта неаднаразова выяўлялася цягам усяго папярэдняга жыцця. Таму мая рэакцыя на яго арышт адназначная з першага дня — так быць не павінна, бо ўсё прыцянута за вушы. Зрэшты, тут я ў аналагічнай сітуацыі з усімі тымі, у каго блізкія несправядліва знаходзяцца ў зняволенні», — кажа Аляксандр. 

    19 кастрычніка 2022 года адбыліся спрэчкі бакоў, а на наступны дзень дзяржаўны абвінаваўца папрасіў прызначыць журналісту 8 гадоў зняволення. Яшчэ  праз тыдзень суддзя пагадзілася з пракурорам і прызнала фігуранта вінаватым у інкрымінаваных «злачынствах». Дадаткова яму прызначылі штраф у эквіваленце 16 тысяч беларускіх рублёў, і таксама суд спагнаў у даход дзяржавы 12 тысяч 384 рублёў. З прычыны вялізных выдаткаў фонд падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў BySol ініцыяваў збор сродкаў для пацярпелай сям’і.

    Дапамога сям’і Сяргея Сацука, палітвязня журналіста-расследавальніка

    Акрамя таго, палітвязень пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Арыштаваную маёмасць — аўтамабіль, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, планшэтны камп’ютар,  флэш-назапашвальнікі, дыктафон, карту памяці — пакінуць пад арыштам дзеля забеспячэння фінансавых спагнанняў.

    Сёлета 10 лютага Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю Сяргея Сацука, якую ён склаў на 85 старонках — нездарма доўгі час спецыялізаваўся ў медыях на прававой тэматыцы. Прывёў доказы скажэння фактаў судом першай інстанцыі, абгрунтаваў уласную невінаватасць па кожным з эпізодаў. Чым матывавала суддзя Таццяна Васілевіч адмову ў задавальненні скаргі, дакладна невядома — працэс чамусьці адбываўся ў закрытым рэжыме. Але звычайна ў такіх выпадках людзі ў мантыях агульнай фразай спасылаюцца на тое, што «довады абвяргаюцца матэрыяламі справы». 

    А яшчэ праз месяц Міністэрства ўнутраных спраў уключыла вядомага журналіста ў пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

    Страцілі медыцынскі дыягназ — значыць, для турмы цалкам здаровы

    Яшчэ да разгляду апеляцыі Сяргея Сацука перавялі з СІЗА №1 Мінска ў следчы ізалятар турмы № 4 Магілёва, дзе ён напоўніцу паспрабаваў увесь «гуманізм» пенітэнцыярнай сістэмы — ад праблемаў з ліставаннем да блакады медыкаментаў.

    «Практычна ўвесь час наша перапіска, скажам так, аднабаковая. Я яму пішу, але ад яго лісты за мяжу не выпускаюць. Таму перадае прывітанні  

    праз лісты, якія дасылае сваёй сям’і — жонцы і дачцэ. Дарэчы, з іх вынікае, што палова маіх пасланняў не даходзіць, а можа нават і больш. Ну а што да фізічнага і маральнага стану, дык ён такі, які дазваляюць тыя ўмовы», — падзяліўся Аляксандр. 

    У лістах на волю вязень неаднаразова наракаў, што мясцовая адміністрацыя прытрымлівае лекі, атрыманыя ад сваякоў — хоць і цудоўна абазнаныя наконт медычных назначэнняў. У журналіста праблемы з сэрцам, яму прапісаны пажыццёвы прыём адмысловых прэпаратаў, інакш могуць быць сур’ёзныя наступствы — за кратамі ўжо здарыўся прыступ мігацельнай арытміі. З улікам гэтага вымушаны быў зніжаць дозы, каб расцягнуць таблеткі ў часе. Але ў перспектыве гэта пагражае істотным ускладненнем яго фізічнага стану.

    Журналіст-палітвязень можа застацца без лекаў — іх яму папросту не аддаюць

    Ужо пасля пераводу Сяргея Сацука з турэмнага ізалятара ў калонію № 15 паўстала яшчэ адна бяда: у працэсе этапавання з асабістай справы загадкава «зніклі» медыцынскія прадпісанні, а таму як «абсалютна здаровага» яго адразу па-максімуму нагрузілі фізічна.   

    «Нечакана ўзніклі праблемы з яго справай. Раптам зніклі ўсе важныя дакументы: ад медыцынскіх з дыягназам хваробы — да тых, дзе пацвярджаецца сваяцтва. Іншымі словамі, у адсутнасць доказаў аказаўся «цалкам здаровым», таму кінулі на самыя цяжкія працы, якія яму ў прынцыпе супрацьпаказаныя. Штосьці звязанае з металаломам. Яго жонка тыдні тры таму выслала паўторна ўсе дакументы, але медыцынскія дзесьці абнуліліся. Збірала зноў, пакуль не ў курсе, ці дайшлі гэтым разам, даведаемся толькі з яго лістоў», — наракае на лагерныя рэаліі Аляксандр. 

    Хацеў свабоды слова — атрымаў «забойчы» тэрмін зняволення

    На думку калег Сяргея Сацука, падставай для яго пераследу сталі  рэзанансныя расследаванні фактаў карупцыі на самым высокім узроўні. Самыя гучныя публікацыі тычыліся медыцынскай галіны, якую ў апошнія гады скалынула серыя скандалаў з масавымі арыштамі «пярэваратняў» у белых халатах. 

    Сапраўдны пярэпалах выклікала публікацыя пра пастаўкі ў Беларусь карэйскага прэпарата «Эўпента», пасля прышчэпкі якім у Ганцавічах памерла двухмесячнае дзіця. Аўтар паставіў пад сумнеў тлумачэнні Міністэрства аховы здароўя аб «поўнай бяспецы лекаў», бо вакцына на той момант не была зарэгістравана нават у краіне-вытворцы.

    Аднак за нязручныя пытанні, якія Сяргей Сацук уздымаў у матэрыялах, да адказнасці намагаліся прыцягнуць самога аўтара. Так, прапаганда выдала сюжэт, у якім абвінаваціла рэдактара ў «пастаўцы на канвеер заказных тэкстаў» на карысць канкурэнтаў. На гэта медыяменеджар адказаў, што не мае патрэбы ў «закулісных падачках», бо адкрыта публікуе ў «Ежедневнику» рахунак для збору сродкаў на падтрымку расследаванняў. 

    «Ежедневник» адказаў на абвінавачаньні БТ у замоўных матэрыялах пра карупцыю ў мэдыцыне

    Як паспеў расказаць БАЖ сам Сяргей Сацук, цягам 2017–2018 гадоў яму тэлефанавалі дзяржаўныя «пасланцы», уключна з топ-кіраўнікамі — міністрам аховы здароўя Валерыем Малашкам і міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам. Маўляў, спыняй сваё «шэрлакхолмства», даволі ўжо падвышаць градус нервознасці ў грамадстве. Зрэшты, толькі словамі не абмежавалася. Аднойчы заявіўся «ганец», які наўпрост папярэдзіў: ці сядзеш у турму, ці знойдуць у канаве з прабітай галавой. 

    Журналист Сергей Сацук попросил опубликовать этот текст, если его задержат

    Сяргей Сацук на маральную здзелку не пайшоў, працягнуўшы гучныя выкрывальніцтвы. Напрыклад, на падставе сумяшчэння лічбаў і фактаў засумняваўся ў дакладнасці афіцыйнай статыстыкі распаўсюду COVID-19 у Беларусі. Рытарычнае пытанне ў загалоўку «Дык хто сее паніку вакол каранавіруса — прэзідэнт або сайты?» стала «чырвонай анучай» для ўладнай вертыкалі. Аляксандр Лукашэнка публічна загадаў КДБ разабрацца з «пісакамі», якія тыражуюць непацверджаныя «фэйкі».  

    У выніку па журналіста прыйшлі людзі ў цывільным, зладзілі ператрус, пасля чаго ён апынуўся ў следчым ізалятары. Праўда, паралельна набірала абароты маштабная «справа ўрачоў», ініцыяваная ўжо не «Ежедневником», а праваахоўнікамі. Праз тыдзень пракурор змяніў меру стрымання арыштанту пад падпіску аб нявыездзе.

    Аднак 8 снежня 2021 года Сяргея Сацука затрымалі ізноў нібыта па старой справе аб «хабары». А ўжо ў няволі крымінальная «тэчка» пачала абрастаць новымі палітычнымі эпізодамі. Агулам «нарасло» аж на 8 гадоў за кратамі. 

    Сяргей Сацук — лаўрэат прэміі Deutsche Welle «За свабоду слова»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці