Telegram-канал Hrodna.life прызналі «экстрэмісцкім». Ужо трэці раз
Міністэрства інфармацыі Беларусі дадало ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» Telegram-канал Hrodna.life, які належыць аднайменнаму гродзенскаму незалежнаму медыяпраекту.
Адпаведнае рашэнне ў дачыненні да інтэрнэт-рэсурсу t.me/hrodnaonelove прыняў 17 кастрычніка суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы.
Паводле таго, як трактуюць сілавікі сучаснае беларускае заканадаўства, наяўнасць падпіскі на так званыя экстрэмісцкія матэрыялы з’яўляецца парушэннем ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі).
У ліпені 2021 года суд Ленінскага раёна Гродна ўжо прызнаваў экстрэмісцкім Telegram-канал Hrodna.life, але іншы. Тады справу ініцыявала Гродзенская гарадская пракуратура, якая заўважыла ў публікацыях і каментарах канала паведамленні нібыта «накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы».
Каб не падвяргаць небяспецы сваіх чытачоў, рэдакцыя выдаліла канал, абвешчаны экстрэмісцкім, а замест яго заснавала новы, змяніўшы трохі назву.
Але праз год, у ліпені 2022-га, экстрэмісцкім быў прызнаны беларускім судом і Telegram-канал «Гродна Like».
Чарговая змена назвы дазволіла Telegram-каналу гродзенскага медыя праіснаваць у так званых прававых беларускіх межах крыху больш за год. На гэтым тыдні яго зноў прызналі экстрэмісцкім.
Медыяпраект Hrodna.life з’явіўся ў 2016 годзе ў выніку перафарматавання выдання «Твой Стыль» у паўнавартасны інтэрнэт-партал пра жыццё горада.
У верасні 2021 года яго сайт быў заблакаваны на тэрыторыі Беларусі паводле адпаведнай пастановы пракуратуры Гродненскай вобласці. Рашэннем КДБ Беларусі ад 21 лістапада 2022 года выданне Hrodna.life было прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем».
Чытайце яшчэ:
У гэты дзень 19 гадоў таму забілі Вераніку Чаркасаву
Мажэйка: «Вельмі сімвалічна, што аналітыкаў прызнаюць тэрарыстамі. Але экспертная супольнасць працягвае працу»
«Гэта вайна камунікацый». Міжнародная федэрацыя журналістаў заклікала пазбягаць фэйкаў пры асвятленні вайны