• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мажэйка: «Вельмі сімвалічна, што аналітыкаў прызнаюць тэрарыстамі. Але экспертная супольнасць працягвае працу»

    Аналітык распавёў «Филину» пра стан экспертнай супольнасці, працу ва ўмовах рэпрэсій і захаванне беларускага кантэксту.

     

    Днямі выйшаў у свет «Беларускі штогоднік 2023» — традыцыйны комплексны аналіз стану спраў у найважнейшых сегментах дзяржавы і грамадства. Зборнік аналітычных матэрыялаў выдаецца з 2003 года, cёлета, можна сказаць, юбілейны выпуск, але цяпер — ва ўмовах беспрэцэдэнтных  рэпрэсій і ціску, у тым ліку на экспертную супольнасць.

    Пра тое, як рабіць аналіз, калі статыстычных звестак бракуе, а многія калегі знаходзяцца ў зняволенні, прызнаныя ўладамі экстрэмістамі ды тэрарыстамі, і чаму даследчую працу нельга спыняць нават у такіх умовах, Филин пагутарыў з галоўным рэдактарам і ўкладальнікам зборніка Вадзімам Мажэйкам.

    — Сапраўды, у пэўным сэнсе сёлетні «Беларускі штогоднік» юбілейны, але мінулы і цяперашні гады — гады вялікага чэленджу, бо «Штогоднік» робіцца без шматгадовай рэдактаркі Валерыі Касцюговай, якая ўсю гэту справу пачынала. І для мяне рэдактарства ў «Штогодніку» — не проста праца дзеля працы, але каб дзецішча Валерыі не загінула, пакуль яна ў зняволенні, каб зборнік працягваў выходзіць, развіваўся, — зазначае Вадзім Мажэйка. — Цяпер рабіць гэтую справу даводзіцца ў вельмі складаных умовах.

    Па-першае, апошнія гады ўпершыню склалася сітуацыя, калі значная частка аналітычнай супольнасці вымушана знаходзіцца за мяжой. Фактычна, летам 2021 года, калі пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, паз’язджала большасць аналітыкаў, тады ж і Валерыя была арыштаваная, і з гэтага часу большасць аўтараў знаходзяцца не ў Беларусі.

    Хаця адзначу, што ўсё роўна ёсць аўтары, якія пішуць з Беларусі — пад псеўданімамі, і гэтая экспертыза знутры краіны таксама вельмі каштоўная.

    Напрыклад, частка, якая тычыцца адміністрацыі прэзідэнта, напісаная менавіта чалавекам знутры дзяржаўнай структуры, некаторыя эканамічныя артыкулы таксама напісаныя людзьмі пад псеўданімамі — нягледзячы на цяперашнія ўмовы, мы ўсё ж стараемся спалучыць погляд звонку і знутры краіны.

    Валерыя Касцюгова, Уладзімір Мацкевіч, Ягор Лебядок, Андрэй Паротнікаў, Таццяна Кузіна — толькі невялікі пералік экспертаў, якія знаходзяцца сёння за кратамі, і гэта моцны ўдар па экспертнай супольнасці. Нават у тэхнічным сэнсе складаць комплексны агляд стану спраў у краіне без іх удзелу складана. А працу даводзіцца планаваць, пастаянна трымаючы ў галаве, што ў любы момант калег у Беларусі могуць затрымаць, гаворыць рэдактар «Беларускага штогодніка»:

    — Той жа Ягор Лебядок летась дэбютаваў у нас, напісаў вельмі добры тэкст пра ваенна-прамысловы комплекс, і мы з ім абмяркоўвалі планы, як разгарнуць думкі ў наступным артыкуле — але ў вельмі хуткім часе пасля той размовы Ягор быў арыштаваны. Так атрымалася i з Андрэем Паротнікавым: акурат у сакавіку ён мусіў здаць свой тэкст у «Штогоднік», але не паспеў — яго затрымалі.

    Вельмі ўдзячны Алене Кудзько, віцэ-прэзідэнтцы міжнароднага аналітычнага цэнтра GLOBSEC, якая напісала сёлета тэкст пра беларускае войска ў час вайны — відавочна, што гэтая тэма вельмі важная, увесь «Штогоднік» прасякнуты ёй.

    Яшчэ адзін чалавек з Беларусі мусіў напісаць аналітычны артыкул, але ў апошні момант адмовіўся — і я не магу яго ў гэтым упікнуць, бо ўсё разумею.

    Але, з іншага боку, у чымсьці стала нават прасцей — адчуваеш, што не маеш магчымасці адмовіцца ад працы, бо гэта справа годнасці, не саступаць, як бы цяжка не было. І вялікая падзяка ўсім экспертам, хто ў Беларусі і не ў краіне, усім партнёрам, хто працягвае супрацу і падтрымку.

    — Яшчэ раней многія аналітыкі казалі: з цягам часу ўсё больш будзе адчувацца адарванасць тых, хто за мяжой, ад «зямлі». Ці адчуваецца гэта цяпер, ці бракуе для аналізу статыстыкі, афіцыйных лічбаў, меркаванняў спецыялістаў знутры краіны?

    — На мой погляд, аналітычнай супольнасці ў гэтым сэнсе прасцей, чым іншым — журналістам, грамадскім арганізацыям, — бо аналітыка мусіць грунтавацца на аб’ектыўных дадзеных, а не на тым, што ты асабіста назіраеш на мінскіх вуліцах, размаўляючы з таксістамі, прадавачкамі ў крамах і г.д.

    Праблемы са статыстыкай шмат у каго ўзніклі, бо з кожным годам дзяржструктуры закрываюць усё больш лічбаў, утойваюць дадзеныя. І тут няма розніцы, ці ты ў Беларусі, ці за мяжой — звесткі Белстату ўсё адно закрытыя, не зробіш жа ўначы падкоп пад сцены Белстату, каб их знайсці.

    І калі мы паглядзім нават не на Пятроўскага ці Шпакоўскага, з якімі ўсё зразумела, а, скажам, на «Мінскі дыялог», які працягвае працу — нельга сказаць, каб, застаючыся ў Мінску, яны рабілі глыбейшую аналітыку, чым аналітыка за мяжой.

    Так што нам удаецца кампенсаваць гэты адрыў і падцягваць беларускі кантэкст, у тым ліку дзякуючы людзям, якія ў Беларусі, да таго ж шмат у каго застаюцца і працоўныя, і нефармальныя кантакты з экспертамі ў Беларусі.

    Плюс стараемся прыцягваць аўтараў, якія могуць паглядзець на Беларусь з іншага боку: тут хачу звярнуць увагу на ўкраінскага эксперта Яўгена Магду, які напісаў пра беларуска-ўкраінскія дачыненні, а таксама на яскравы тэкст спецдакладчыцы ААН па Беларусі Анаіс Марэн. Гэта хіба першы такога кшталту атрыкул Анаіс у статусе спецдакладчыцы, які глыбока і шматгранна паказвае сітуацыю хайне знутры Беларусі, але знутры ААН.

    — У мінулыя гады тыя ж дзяржчыноўнікі і дзяржструктуры з задавальненнем запрашалі незалежных экспертаў на дыскусіі, удзельнічалі ў мерапрыемствах, карысталіся дадзенымі аналітыкаў — а цяпер гэта не проста перакрэслена, аналітыкі атрымалі па надуманых абвінавачаннях тэрміны турэмнага зняволення часам большыя, чым бандыты і забойцы. Чаму, на вашу думку, улады так апалчыліся на экспертную супольнасць — каб вынішчыць любую крытыку і разуменне, што адбываецца?

    — Так, мы помнім, што Валерыя Касцюгова і Таццяна Кузіна былі асуджаныя на 10 год за«спробу захопу ўлады» і «пагрозу нацбяспецы», а зараз Валерыя Касцюгова ўнесеная ў спіс тэрарыстаў, што вельмі абмяжоўвае розныя побытавыя рэчы: менш будуць даваць спатканняў, у гэтым месяцы не дазволена нават тэлефанаванне родным.

    На мой погляд, гэта вельмі сімвалічна, што аналітыкаў прызнаюць тэрарыстамі. Такія захады не толькі дрэнна сведчаць пра ўладу — яе паводзіны ў прынцыпе не навіна, але паказваюць непрыняццё любых альтэрнатыўных меркаванняў.

    Таму мы бачым жорсткія прысуды не толькі аналітыкам, але і незалежным журналістам, і палітыкам, і грамадскім дзеячам, і каму заўгодна.

    Але ўсё гэта не на карысць перадусім самой дзяржаве: усё ж такі дзяржаўныя аналітычныя цэнтры, мякка кажучы, у меншасці на аналітычным полі Беларусі, а іхная прадукцыя, на жаль, нават пры большым доступе да нейкіх закрытых дадзеных не вылучаецца высокім узроўнем якасці. І наўрад ці ў такой нездаровай сітуацыі можна чакаць развіцця, нармальнага навуковага дыялогу.

    А незалежная аналітычная супольнасць працягвае працу: даследчыкі адзін аднаго ведаюць, камунікуюць на фармальных і нефармальных мерапрыемствах, і ўзровень незалежнай аналітыкі аб’ектыўна вышэйшы, чым тое, што выдаюць за аналітыку дзяржаўныя медыя.

    Больш за тое, пасля падзей 2020 года ёсць і плюс у тым, што беларускую незалежную аналітыку ўмацавалі прафесійныя кадры, якія павыходзілі з дзяржсістэмы — напрыклад, аўтар тэкста у «Штогоднік» Генадзь Коршунаў, а таксама Павел Слюнькін, Павел Мацукевіч, іншыя людзі. Гэта дазваляе павышаць узровень дыскусіі і разумення падзеяў.

    Чытайце яшчэ: 

    Belarus IGF-2023: силовики, раскаявшиеся айтишники и экстремистские активисты

    Вайна скончыцца. Калі-небудзь. У нашых фэйсбучных баталіях. Барыс Гарэцкі пра ўражанні ад паездкі ў Кіеў

    Как себе помочь при травме свидетеля в журналистике? Рекомендации психолога

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці