«Спадзяюся, ў яе атрымаецца». Ксеніі Луцкіной за кратамі споўнілася 40
14 лютага палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна адзначае за кратамі 40-ы дзень нараджэння. У зняволенні ў яе пагоршылася здароўе, а дома яе чакае маленькі сын. Журналістка спачатку адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні, але калегі і блізкія спадзяюцца, што яна зменіць пазіцыю — бацькі сабралі дакументы.
БАЖ узгадвае факты пра гэтую мужную журналістку.
Ксенія Луцкіна — былая журналістка і карэспандэнтка «Белтэлерадыёкампаніі», дзе працавала да жніўня 2020 года. Пасля выбараў яна далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу. Пасля звальнення ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады. Была затрымана разам з фігурантамі справы «Прэс-клубу», якія амаль усе выйшлі на волю да суда. Ксенію абвінавацілі ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады і асудзілі да васьмі гадоў калоніі. Адбывае пакаранне Ксенія ў Гомельскай калоніі №4.
Запісала відэа супраць гвалту
Падчас пратэстаў некаторыя супрацоўнікі «Белтэлерадыёкампаніі» запісалі відэа супраць гвалту. Вось што прамовіла Ксенія:
«Мы, ужо былыя супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі, звяртаемся да вас, нашых калег. Да вас, супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ. Мы абвясцілі страйк, таму што хочам займацца журналістыкай, а не прапагандай. Мы сышлі, а вы засталіся. Мы сышлі, бо сорамна назваць месца сваёй працы. Чырванець за ўтаптаную ў хлусню прафесію, быць часткай сістэмы татальнай хлусні і гвалту. Апраўдваць забойствы, фальсіфікацыі, бандыцкі разбой на вуліцах і беззаконне ў турмах. Таму што немагчыма знаходзіцца ў адным будынку з людзьмі, якія ведаюць і маўчаць пра гвалт».
«Будуць помсціць за «здраду»»
Былая калега Ксеніі Кацярына Ваданосава больш шчыльна пазнаёмілася з ёй падчас стачкі. Яна лічыць, што з Луцкіной так абыйшліся, бо лічылі яе за сваю.
«Што да Ксеніі, дык яна мела ўласныя буйныя праекты, працавала шмат гадоў, яе лічылі за «сваю», і цяпер, зразумела, катуюць і будуць максімальна помсціць за «здраду». Яна не адзіная, хто працаваў на БТ, а потым адсядзеў ці яшчэ сядзіць, Таму тут, безумоўна, гаворка пра помсту і пра тое, што гэты спрут (як у братоў Стругацкіх) не мае сэрца, ніколі не даруе і не адпусціць».
Спачатку адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні
«Ксенія працавала на беларускім тэлебачанні. Калі пачаліся пратэсты, яна сышла з беларускага тэлебачання. А калі нам зрабілі прапанову напісаць заяву аб памілаванні, Ксенія адмовілася яе пісаць. Чалавек атрымаў восем гадоў», — узгадвае ў фільме «Настоящего времени» «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі» пра яе Сяргей Альшэўскі, фінансавы дырэктар «Прэс-клуба», які правёў у заключэнні 240 дзён і вызваліўся летам 2021 года.
Для памілавання сабралі дакументы
Дадзеныя Ксеніі з’явіліся ў пераліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія «маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», у студзені 2023 года. Летам таго ж года яе бацька сабраў неабходныя дакументы, каб Ксенія магла падаваць прашэнне аб памілаванні.
«Мы спрабуем хоць нешта рабіць, бо дачка і так ужо нацярпелася за кратамі. Да таго ж, у яе такая цяжкая хвароба. Таму, як толькі з’явілася магчымасць у калоніі напісаць прашэнне – адразу запусцілі гэтую працэдуру. Калі збяру ўвесь пакет дакументаў (я і маці будзем паручальнікамі Ксеніі), адпраўлю іх у калонію. А там ужо сама дачка падасць прашэнне, якое затым павінна быць разгледжана ў адмысловай камісіі аб памілаванні», — расказаў бацька Ксеніі «Народнай Волі».
Размаўляе з сынам па відэасувязі
Перад новым 2023 годам Ксенія сустрэлася ў СІЗА з бацькам, братам і сынам Мацвеем. Размова доўжылася дзве гадзіны.
«Ксенія, натуральна, вельмі хацела пабачыць сына, тым больш, што гэта сустрэча адбылася акурат перад Новым годам. Таму іх спатканне было вельмі душэўным і пранізлівым, як заўсёды, не абышлося без слёз. Пасля супакоіліся, нармальна пагаварылі», — узгадваў яе бацька.
Цяпер з сынам палітзняволеная размаўляе па відэасувязі.
«Лісты даходзяць. Таксама тэлефануе па графіку — чатыры разы ў месяц. Дазваляецца відэасувязь, таму Ксенія перыядычна бачыць сына і размаўляе з ім. Яна па ім так сумуе! Як і сын па маці…», — дадаваў бацька.
Здароўе не паляпшаецца
У зняволенні ў журналісткі ўзніклі моцныя праблемы са здароўем — пачала расці пухліна ў галаўным мозгу. Таксама яна перахварэла на двухбаковую пнеўманію. Стан здароўя Ксеніі не паляпшаецца. Блізкія перадаюць ёй лекі.
«З Луцкіной на Валадарцы я перасякалася ў санчастцы. Яна сказала, што вельмі хварэе, і па ёй было бачна, што кепска са здароўем. У мяне засталося ўражанне пра яе, як пра моцнага чалавека», — расказвала ў красавіку 2023 года палітзняволеная Вольга Класкоўская.
Двойчы на суткі вадзілі на ўколы
Былая зняволеная Вольга Лойка ў інтэрв’ю праекту «Ток» узгадала, што Ксенію двойчы на суткі вадзілі на ўколы. Ад яе хацелі прызнання віны і супрацоўніцтва са следствам.
«Ксенія Луцкіна, з якой мы сядзелі ў суседніх камерах, казала: «Ня важна колькі, я нічога не прызнаю». Потым прыйшлося мяняць канцэпцыю, таму што, калі ты разумееш, што гэта [зняволенне] надоўга і што моцна ратаваць цябе ніхто не будзе, трэба спрабаваць мінімізаваць гэты тэрмін. Вельмі спадзяюся, што ў яе атрымаецца. Таму што ўсё ж такі сын маленькі і цяжкі фізічны стан у яе», — сказала Вольга.
У лістах захоўвае аптымізм
На БТ Ксенія 15 гадоў здымала выключна дакумэнтальныя фільмы і гістарычныя рэпартажы — яна гісторык паводле адукацыі. Яе праекты — Terra incognita («Невядомая Беларусь») і «1418 дзён. Гісторыя перамогі» пра Другую сусветную вайну. У лістах журналістка ўзгадвае і свае працы.
«Па словах экспэртаў, «1418 дзён» — мая найлепшая праца. Яна вельмі важная для мяне з многіх прычынаў. Самае важнае — я людзей паказала ў тых абставінах, перажыць якія ня ўсім пад сілу. Думала пра сваіх продкаў, калі пісала… Цяпер сама ў падобных абставінах… Бачыш, як жыцьцё паварочваецца…», — пісала яна блізкім.
Сябры расказвалі, што журналістка піша вельмі аптымістычныя лісты. На аркушы заўсёды пакідае свой фірмовы лагатып: чырвонае сэрцайка і подпіс «Усё будзе добра».
Чытайце яшчэ:
Магілёўскага відэааператара Яўгена Глушкова трымаюць у СІЗА і вінавацяць «за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні»
Журналіст праекта Dekoder: «Доўгі час немцам пра падзеі ў Беларусі і Украіне распавядалі карэспандэнты з Масквы»
У Расіі абвешчаныя ў вышук журналісты, вымушаныя з’ехаць з Беларусі праз пераслед