• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст праекта Dekoder: «Доўгі час немцам пра падзеі ў Беларусі і Украіне распавядалі карэспандэнты з Масквы»

    Як прасунуць у інфармацыйную бурбалку Захаду беларускую тэму, застаецца надзвычай складанай задачай. Яе вырашэнне патрабуе шмат сістэмных высілкаў на працягу гадоў. Пра адну такую спробу — праект Dekoder — расказаў нямецкі журналіст Інго Пэтц падчас сустрэчы, арганізаванай Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

    «Калі пра краіну няма сістэмных ведаў, то палітыкам складана растлумачыць, чаму трэба падтрымліваць Украіну ці беларускія ініцыятывы»

    Сусветная журналістыка перажывае крызіс даверу. На фоне развіцця сацсетак, палярызацыі меркаванняў па шырокаму колу пытанняў, падрыве аўтарытэту пасля прадузятасці буйных выданняў рэйтынгі СМІ зніжаюцца, і прыклад Германіі вельмі яскравы. Па апошніх дадзеных, каля 20–25% немцаў не давяраюць медыям. У такіх умовах журналісты не адчуваюць сябе ў поўнай меры ўпэўнена. Многія спрабуюць падлашчвацца да аўдыторыі, пакідаючы важныя тэмы па-за межамі свайго выдання.

    Што ўжо казаць, калі вайна ва Украіне — самая маштабная і несправядлівая ў Еўропе пасля Другой сусветнай — сышла з першых палос пасля амаль двух гадоў жудасных падзеяў. А пра Беларусь, будзем шчырыя, цяпер у нямецкай прэсе амаль ніхто не ўзгадвае.

    — Летась пра рэпрэсіі ў Беларусі нямецкія СМІ нічога не пісалі, — кажа Інго Пэтц. — Як тэма яна знікла з інфармацыйнай прасторы, як не раз ужо бывала пасля выбараў і пратэстаў у 2006‑м, 2010‑м гадах. Змяніць гэтую сітуацыю вельмі складана. Калі цяпер звярнуцца ў рэдакцыю буйнога медыя і прапанаваць артыкул пра рэпрэсіі, то вам хутчэй за ўсё адкажуць: давайце не будзем — людзі стаміліся ад дрэнных навінаў.

    Нямецкі журналіст нарадзіўся на захадзе ФРГ і кажа, што пачуў назву Вайсруслэнд (цяпер пад ціскам беларускіх актывістаў ад гэтай назвы паступова адмаўляюцца на карысць Беларусь) у 1993 годзе. Пасля распаду СССР наша краіна не ўспрымалася як асобны суб’ект ў нямецкім грамадстве, хутчэй як частка аморфнага Усходу.

    — Як ні крыўдна чуць, але пра Беларусь сістэмных і фундаментальных ведаў у нямецкім грамадстве не існуе. У 2020 годзе сітуацыя палепшылася. Але раней людзі нават не ўяўлялі, што ёсць такая краіна са сваёй мовай і яе мнагаслойнай гісторыяй, — працягвае журналіст.

    На працягу многіх гадоў Інго Пэтц спрабаваў прасоўваць беларускі парадак дня. Яму хацелася пісаць пра нашу культуру. Гэта атрымлівалася сяк-так. Рэдактары пыталіся: што знойдуць у гэтым нашы чытачы?

    — Звычайна цікавасць узнікала, калі адбываліся выбары, пратэсты і рэпрэсіі, — працягвае рэпарцёр. — У 2020 годзе падзеі ў Беларусі нямецкае грамадства ўспрыняла пазітыўна. Тады многія знаёмыя звярталіся да мяне па каментары, спрабуючы зразумець, што адбываецца.

    У Беларусі не прысутнічалі на рэгулярнай падставе нямецкія карэспандэнты буйных СМІ. Гэта стары савецкі падыход: падзеі ў нас асвятлялі супрацоўнікі карпунктаў у Маскве. А значыць, яны фактычна рэтранслявалі інфармацыю з Расіі, не маючы аб’ектыўнага і поўнага ўяўлення з Беларусі. Гэта быў прамаскоўскі фокус.

    — Ва Украіне такая ж сітуацыя, — дапаўняе Інго Пэтц. — Калі адбыўся Еўрамайдан (у 2014 годзе), украінцы, якія жывуць у Германіі, сталі актыўна скардзіцца, што асвятленне нямецкімі журналістамі прадузятае, што яны транслююць расійскія наратывы.

    Карэспандэнты нацыянальных нямецкіх выданняў у Маскве — Die Welt, Süd­deutsche Zeitung, Frank­furter All­ge­meine — асвятлялі падзеі ва Украіне і Беларусі, але гэта было другаснай задачай, нібыта заадно, факультатыўна. Уявіце, наколькі складана было пераламаць тэндэнцыю, калі толькі ў 2023 годзе буйны тэлеканал ARD вырашыў, што ў Кіеў на пастаяннай аснове трэба накіраваць карэспандэнта.

    — А калі пра краіну няма сістэмных і дастатковых ведаў, то палітыкам складана растлумачыць, чаму трэба падтрымліваць Украіну ці беларускія ініцыятывы. Гэта неабходная ўмова, каб у прынцыпе пачаць дыскусію, — падкрэслівае журналіст.

    «Дыскусіі інтэлектуалаў былі за шчыльнай заслонай. У Германіі гэтага не бачылі»

    Шмат у чым менавіта падзеі ў 2014 годзе ва Украіне падштурхнулі журналістаў да ўсведамлення, што паміж грамадствамі трэба ствараць камунікацыйныя каналы. Пасля Еўрамайдану ў нямецкім соцыуме паўсталі вострыя дыскусіі, на якія актыўна ўплывала расійская прапаганда.

    Нямецкі журналіст Марцін Крос, які шмат гадоў працаваў у Маскве і, у прыватнасці, арганізоўваў культурныя праекты для Гётэ-Інстытута, быў расчараваны: «Я думаў, што немцы лепш ведаюць Расію! Аказалася, дыскусіі інтэлектуалаў былі за шчыльнай заслонай. У Германіі гэтага не бачылі».

    Рашэннем стала стварэнне праекта Dekoder, назва якога, як не складана здагадацца, паходзіць ад дзеяслова «дэкадзіраваць». Увосень 2017 года Марцін Крос перадаў праект рэдакцыі, але застаецца членам праўлення і працягвае падтрымліваць праект.

    — З 2015 года мы дэкадзіруем Расію, а апошнія некалькі гадоў і Беларусь, — кажа Інго Пэтц.

    Сайт складаецца з двух частак. У калонцы злева — публікацыі. У асноўным гэта артыкулы з незалежных медыяў, якія адбірае каманда праекта. Адбор праходзяць тэксты, якія дапамагаюць нямецкаму чытачу лепш разабрацца ў падзеях у Расіі і Беларусі. Напрыклад, пра дэбаты на сацыяльна-палітычныя падзеі. Далей з імі працуюць літаратурныя перакладчыкі.

    — Аднак гэтага недастаткова, каб пагрузіцца ў кантэкст, — прызнае Інго Пэтц. — Таму была створана другая частка сайта — у калонцы справа мы размяшчаем так званыя гнозы (літаральна — вышэйшыя веды), у якіх даем кароткія эксплейнеры. Бо далёка не ўсе немцы ведаюць тэрміны з рускага свету. Тлумачым, напрыклад, якія былі адносіны паміж NATO і Расіяй. Гэтакае паглыбленне ў бэкграўнд.

    Калі казаць пра беларускую тэму, то можна бачыць эксплейнеры пра Францыска Скарыну, Васіля Быкава, Святлану Ціханоўскую.

    — Калі Ангела Меркель (канцлер ФРГ з 2005 па 2021 гады) сышла ў адстаўку, мы вырашылі сцісла расказаць, якія адносіны былі ў яе з Пуціным і Расіяй, — прыводзіць яшчэ адзін прыклад журналіст. — Выбралі ключавыя моманты ў кар’еры і пастараліся растлумачыць значэнне яе фігуры не толькі нямецкім чытачам.

    Можна заўважыць, што ў публікацыях мала фатаграфій і шмат тэксту, што не вельмі адказвае трэндам. Але супрацоўнікі праекта не збіраюцца адыходзіць ад кансерватыўнага падыходу: аўдыторыя Dekoder — лаяльная і рэгулярна заходзіць на сайт. А ўстойлівасць — вельмі важны паказчык.

    «Уплываць на стэрэатыпы — гэта працяглы працэс»

    У апошні час невялікая каманда праекта ўсё часцей стала прыцягваць шырокае кола аўтараў, якія могуць прадстаўляць экспертны пункт гледжання на некаторыя падзеі. Так, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, які жыве ў Германіі, распавядаў пра тое, што значыць для Беларусі закон аб генацыдзе і якія матывы рэжыму.

    Асобная гісторыя — публікацыя спецпраектаў, што дазваляе лепш прадстаўляць сацыяльныя і культурныя асаблівасці краіны. Да прыкладу, аб беларускай міфалогіі. Відавочна, што праца займае нямала часу — графічныя рашэнні, унікальная вёрстка, стылізаваныя ілюстрацыі. Але які вынік!

    Асноўныя мовы праекта — руская і нямецкая. Але ёсць таксама публікацыі на беларускай мове: нядаўна сваё бачанне літаратуры выклаў паэт Андрэй Хадановіч, а пісьменніца Святлана Курс разважала на тэму ідэнтычнасці. Журналісты Decoder называюць гэты вопыт удалым і разлічваюць маштабаваць беларускую тэму.

    — Уплываць на стэрэатыпы — гэта працяглы працэс, — з нямецкай педантычнасцю кажа Інго Пэтц. — Dekoder эфектыўны ў доўгатэрміновай перспектыве. Калі людзі трапляюць на сайт, у іх паўстане шмат пытанняў. Наша ж надзея заключаецца ў тым, што яны ўцягнуцца і будуць вяртацца за адказамі.

    Сустрэчны рух — гэта прапанова для беларускай і расійскай аўдыторыі лепш даведацца пра нямецкае грамадства. «Ці ведаеце вы Германію?» — задаюцца правакацыйным пытаннем супрацоўнікі праекта, запрашаючы прайсці апытальнік.

    — Таксама мы перакладаем некаторыя матэрыялы з нямецкіх СМІ для рускамоўных чытачоў. Важна разумець, якія дэбаты вядуцца ў Германіі. Скажам, чаму Олафу Шольцу так складана вырашыць пытанне аб перадачы зброі для Украіны, — кажа журналіст.

    Падобныя праекты — маленькі, але важны крок да ўзаемаразумення для розных грамадстваў Еўропы, разбурэння стэрэатыпаў і барацьбы з агрэсіўнай прапагандай. Запатрабаванасць такіх ініцыятыў востра адчуваецца не толькі ў Германіі, але і ў многіх іншых краінах. Гэта мосцікі, якія могуць аб’яднаць дэмакратычныя сілы.

    Чытайце яшчэ:

    «Праз пару дзён мяне перастаюць заўважаць, і я пачынаю здымаць». Як французскі фатограф стаў летапісцам жыцця беларусаў у выгнанні

    «Беларусь мяне здзівіла». Гісторыя паляка Альбэрта Ежы Вяжбіцкага, які вядзе тэлеграм-канал па-беларуску

    Любоў Лунёва: Недапушчальна, калі дасведчаныя журналісты вымушаныя заціскаць у сабе прафесіяналізм і выконваць працу капірайтара

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці