Магілёўскага відэааператара Яўгена Глушкова трымаюць у СІЗА і вінавацяць «за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні»
Відэааператару-фрылансеру Яўгену Глушкову высунутае абвінавачанне за ўдзел у «экстрэмісцкім фарміраванні». Пра гэта са спасылкай на мясцовых праваабаронцаў паведаміў Telegram-канал MAYDAY.TEAM. Паводле праваабаронцаў, у дачыненні да журналіста меркавана распачалі крымінальную справу па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім»).
Магілёўскі Telegram-канал дзеліцца таксама і падрабязнасцямі затрымання Яўгена Глушкова, якое адбылося на пачатку студзеня: сілавікі гвалтам уварваліся да яго ў кватэру, калі ён не адчыняў ім дзверы. Відэааператара схапілі «і вывалаклі на вуліцу проста ў тым адзенні, у якім ён быў дома», гэта значыць, без верхняй вопраткі.
Яўген Глушкоў жыў адзін, таму пра яго затрыманне стала вядома не адразу — знаёмыя распачалі пошукі, калі зразумелі, што ён ужо некалькі дзён не выходзіць на сувязь. Паводле сяброў відэааператара, некаторы час пасля затрымання яго ўтрымлівалі ў ІЧУ, а потым перавялі ў следчы ізалятар пры турме № 4.
Цяпер там знаходзіцца і магілёўскі блогер і фатограф Алесь Сабалеўскі. Верагодна, абодвух падазраюць у супрацоўніцтве з інфармацыйнымі рэсурсамі — YouTube-каналам 6TV Belarus і інфармацыйным сайтам «Магілёў. Media» («Навіны Магілёўскага рэгіёну»). Гэтыя медыі рашэннем КДБ Беларусі ад 29 лістапада 2023 года прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
Яўген Глушкоў шмат гадоў працаваў на магілёўскім гарадскім тэлебачанні, на пачатку 2000‑х супрацоўнічаў з некалькімі гарадскімі парталамі, апошнім часам ніякай грамадскай дзейнасцю не займаўся і вёў даволі замкнёны лад жыцця.
Чытайце яшчэ:
Раман Пратасевіч анансаваў сваё вяртанне ў вялікае блогерства
Флэшмоб «21»: што рабілі і як выглядалі беларускія медыйшчыкі ў свае 21 год
Сергей Дорофеев: я — беженец