Шмат відэапраектаў, новыя сайты і інтэрнэт-кнігарня. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў другой палове 2023-га
Новыя відэапраекты, падкасты, сайты, інтэрнэт-кнігарня… Па выніках першай паловы 2023-га мы ўжо рабілі агляд новых медыйных праектаў. Другая палова паўгоддзя была не менш насычанай. Узгадваем, што дэбютавала ў беларускай інфармацыйнай прасторы.
Вечаровае шоў Сяргея Чалага
Безумоўна, адной з галоўных падзей у другой палове 2023-га стала прэм’ера шоў вядомага аналітыка. Як анансавалася, праект прадугледжваў фармат амерыканскіх вечаровых лайт-шоў з гасцямі ў студыі.
На момант публікацыі на YouTube-канале «Чалый LIVE», дзе амаль 60 тысяч падпісчыкаў, выйшлі чатыры выпускі. Сапраўды, атрымаўся новы прадукт для беларускай інфармацыйнай прасторы, дзе ёсць месца для фірмовай аналітыкі вядоўцы, гутарак пра культуру і нават расследаванняў.
Кулінарная перадача «Перетрём с Халезиным»
Тэатральны рэжысёр Мікалай Халезін, які ў 1990‑я працаваў журналістам у незалежных медыях, абвясціў пра запуск YouTube-праекта «Перетрём с Халезиным». Разам з гасцямі ён гатуе ежу і абмяркоўвае падзеі ў культуры, палітыцы, медыцыне. Суаўтарка ідэі — жонка рэжысёра Наталля Каляда.
Героямі відэа звычайна выступаюць журналісты, музыкі, спартоўцы. На дадзены момант выйшла больш за 10 ролікаў, колькасць падпісчыкаў вось-вось дасягне 1000 чалавек. Хоць самі выпускі звычайна глядзяць істотна больш карыстальнікаў відэаплатформы.
YouTube-канал «Алесь Чахоўскі | Беларускі вайб»
Яшчэ адзін дэбют аўтарскага відэапраекта ад медыйнай асобы — «Алесь Чахоўскі | Беларускі вайб». Як няцяжка здагадацца, яго вядоўца — прадзюсер Алесь Чахоўскі, які паспеў зрабіць 7 ролікаў з ЗША і Польшчы, дзе сустракаўся з цікавымі беларусамі і не толькі.
— Запрашаю выправіцца са мной у падарожжа па свеце, — так прэзентуе свой праект Алесь Чахоўскі. — Сустрэнемся з класнымі беларусамі і беларускамі. Паглядзім, чым жывуць і чаму ганарацца тым, што завуцца беларусамі. Высветлім, што ёсць для іх беларускасць сёння і якім чынам яны ствараюць свой беларускі вайб па-за межамі Беларусі. Акрамя таго, сустрэнемся з людзьмі іншых нацыянальнасцяў з беларускімі альбо небеларускімі каранямі. Запытаемся ў іх, што яны ведаюць пра нас і ці згодныя з тым, што беларусы і беларускі сексі. А таксама зафіксуем рэакцыі замежнікаў на беларускае мастацтва і музыку. Адным словам — адчуйма беларускі вайб у свеце! З вас падабайкі і падпіска, з мяне — файны і пазітыўны кантэнт.
Сумарная колькасць праглядаў на YouTube-канале набліжаецца да 50 тысяч.
Сатырычны праект «Пол первого»
Адна з апошніх навінак — YouTube-канал «Пол первого» (назва намякае на неафіцыйны Telegram-канал прэс-службы Лукашэнкі). Вядоўцам выступае сабака пароды шпіц, які размаўляе на беларускія тэмы з рознымі гасцямі. Героямі ўжо пабывалі стэндап-комік Павел Радзевіч, блогер і журналіст Мікіта Мелказёраў, юрыстка офіса Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.
— Мая праца перадусім накіраваная на тых, хто застаўся, — ставіў сабе такую мэту аўтар праекта. — Там у асноўным кажуць, што беларусы ў Польшчы галадаюць, мерзнуць, не знаходзяць сабе ўласнага месца. Вось, я прыйшоў і зараз буду высвятляць, ці гэта так. Адна справа — калі табе штосьці гавораць па тэлевізары, а іншая — самому прыехаць і ўсё праверыць праз размовы з рознымі людзьмі.
Цяпер на YouTube-канал падпісаныя больш за 100 чалавек, колькасць праглядаў кожнага з ролікаў прыбліжаецца да тысячы.
ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON
Гумарыстычная праграма «Еўраначос» ад Маргарыты Ляўчук
Яшчэ адзін сатырычны праект, які з’явіўся ў другой палове 2023-га — YouTube-канал «еўраначОс». Яго вядоўца — оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, якая таксама вядома ў межах праекта «Красная зелень» у вобразе Яленаўны. Гэты ж персанаж выступае ў новым праекце.
— Паколькі ніхто лепш за мяне не разбіраецца ў сусветнай абстаноўцы вакол Беларусі, мяне вырашылі адправіць сюды (на Захад), каб я запусціла першае самае залежнае медыя ў свеце, — распавяла гераіня Ляўчук у першым выпуску.
Відэа ад «Еўраначосу» сумарна праглядзела больш за 185 тысяч чалавек. На канале ў дадзены момант 8 ролікаў.
Інфармацыйна-аналітычны праект Prostyja rečy
У кастрычніку 2023 года быў абвешчаны запуск новага праекта ад Free Belarus Center, які прысвечаны каментаванню актуальных падзей. Напрыклад, за кошт чаго працягвае трымацца беларуская эканоміка ці колькі медыкаў з’ехала з Беларусі за апошнія гады. Героямі ролікаў ужо сталі эканаміст Уладзімір Кавалкін, каардынатарка ByMedSol Лідзія Тарасенка, былы дыпламат Павел Слюнькін, аналітык Арцём Шрайбман і інш.
— Гэта кароткія відэа з экспертамі і эксперткамі, якія дапамогуць разабрацца ў складаных сацыяльна-палітычных з’явах. Простай мовай мы адказваем на пытанні, датычныя няпростых тэм, часам на наіўныя ці стэрэатыпныя, але важныя — таму што базу трэба ведаць, — абяцаюць аўтары праекта.
Free Belarus Center — гэта незалежная грамадская ініцыятыва, створаная для аказання гуманітарнай падтрымкі людзям, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, інфармацыйнага асвятлення і забеспячэння міжнароднай рэакцыі на рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, распачатыя ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Серыя ролікаў пра стэрэатыпы аб беларусах «Хрусь і папалам»
Блогер «daroha» (Валер Руселік) распачаў даволі цікавы праект «Хрусь і папалам», які прысвечаны стэрэатыпам пра беларусаў: хто мы такія — кшталту лапці, вёска, адмовіліся ад сваёй мовы і г. д. Іншымі словамі пра тое, што нам часам накідваюць.
— Я з гэтай ідэяй прыбіўся да культурна-асветніцкага партала «Будзьма беларусамі!», мне здаецца, гэта на сёння найбольш аптымальная пляцоўка, якая якраз спецыялізуецца на тэме беларушчыны, там ёсць шэраг праектаў для ўсіх узростаў, — расказваў аўтар. — Стэрэатыпы пра беларусаў ёсць даўно, ёсць і каторыя мы чуем з 1994 года. Пра тое, прыкладам, што «белорусский язык — бедный язык, есть только два великих языка: русский и английский». Актуалізуюцца стэрэатыпы ў час, калі ў Беларусі з’яўляюцца звар’яцелыя Бондаравы і не толькі, калі Прыдыбайла расказвае, якія беларусы дрэнныя, калі Караеў нешта такое ж пра нас…
У межах праекта выйшла ўжо 6 відэа, якія сабралі ад 6 да 16 тысяч праглядаў.
YouTube-канал пра гісторыю «Загляне сонца»
Журналіст і блогер Мікіта Мелказёраў вядомы як вядоўца YouTube-канала «Жыццё-маліна», але некалькі месяцаў таму ён распачаў праект пра гісторыю Беларусі і адразу ж трапіў у скандал. Справа ў назве. Высветлілася, што спалучэнне «Кайлі Міндоўг» прыдумала дызайнерка Караліна Палякова, і яна была супраць ужывання назвы ў межах новага праекта.
Хутка Мікіта Мелказёраў выбачыўся і змяніў назву праекта на «Загляне сонца». Цяпер на YouTube-канал падпісаныя больш за 6 тысяч чалавек, хаця звычайна ролікі збіраюць нашмат больш праглядаў. У апошніх выпусках вядоўца распавядаў пра Андрэя Грамыку, які нарадзіўся ў Беларусі і доўгі час быў міністрам замежных спраў СССР, пра турму на вуліцы Валадарскага ў Мінску і пра жорсткае падаўленне мірнага шпацыру на пачатку ХХ стагоддзя.
Відэапраект пра жыццё беларускай дыяспары ў ЗША (і не толькі) «Беларускі крок»
Журналіст Алесь Пазняк пасля 2020 года з’ехаў у ЗША і нядаўна стварыў YouTube-канал пра дыяспару «Беларускі крок».
— Беларускі таму, што кантэнт ствараецца для беларусаў і на роднай мове, — тлумачыць аўтар. — А крок, бо наша жыццё — падарожжа, мы ўвесь час кудысьці крочым, бяжым, ляцім.
У ЗША даволі вялікая беларуская дыяспара. Таму, як кажа журналіст, гістарычных, культурных, рэлігійных тэм для ролікаў хапае. Канешне, гэта не хайповая фактура, але Алесь Пазняк падыходзіць да гэтага пытання аптымістычна: папулярнасць — суб’ектыўная катэгорыя, час пакажа…
— Цяпер тут шмат беларускіх суполак, ладзіцца многа мерапрыемстваў, — адзначае рэпарцёр. — Ёсць паваенная эміграцыя, нядаўна ў дыяспару ўлілася новая хваля. Таму івэнты адбываюцца амаль штотыдзень, хай і ў розных штатах.
Адзін з апошніх ролікаў — гэта інтэрв’ю з цёзкам па прозвішчы вядоўцы Зянонам Пазняком. Які ён у жыцці? Чым захапляецца? З кім сябруе? Якой бачыць Беларусь пасля 28 гадоў эміграцыі? Такія пытанні ўздымаліся падчас гутаркі.
Сайт інфармагенцтва «Позірк»
У кастрычніку 2023 года інфармагенцтва «Позірк», якое было створанае былой камандай БелаПАН і Naviny.by, абвесціла пра тое, што запусціла сайт. Ён мае тры версіі — беларускую, рускую і англійскую.
— З моманту стварэння [інфармагенцтва «Позірк»] у снежні 2021 года на закрытай стужцы публікавалася інфармацыя для нашых платных падпісчыкаў, а з шырокай аўдыторыяй найболей важнымі і цікавымі навінамі і аналітыкай мы дзяліліся ў Telegram і Facebook, — нагадваюць прадстаўнікі інфармагенцтва. — Са з’яўленнем новага сайта больш нашага кантэнту пра Беларусь будзе даступна шырокай аўдыторыі.
Цяпер там рэгулярна з’яўляюцца навіны пра Беларусь, актуальныя каментары, інтэрв’ю, аналітыка.
Інтэрнэт-кнігарня knihauka.com
Знакамітае выдавецтва «Янушкевіч» цяпер працуе па-за межамі Беларусі. Яго стары сайт быў згублены: нехта знішчыў januskevic.by. Аднаўлення працы ў інтэрнэце давялося пачакаць, але ў жніўні 2023 года адпаведная старонка з’явілася па адрасе knihauka.com.
— Будуць працаваць зніжкі з прамакодамі, падключаная праграма лаяльнасці для сталых кліентаў. Тут даступная дастаўка ў Вялікабрытанію, Францыю і Іспанію — тое, чаго бракавала ў маркетплэйсе Allegro. Падключаныя самыя папулярныя сістэмы аплаты і кур’ерскія службы. З цягам часу гэтая пляцоўка стане асноўнай — менавіта тут будзе адкрывацца папярэдні заказ, выкладвацца навінкі і запускацца разнастайныя акцыі, — абяцалі арганізатары інтэрнэт-кнігарні.
Адноўленая версія сайта кamunikat.org
Kamunikat.org — найбуйнейшая беларуская анлайн-бібліятэка. Там сабрана больш за 55 000 кніг, аўдыякніг, газет, часопісаў, відэа і інш. У верасні 2023 года каманда абвесціла, што аднавіла версію сайта.
— Кіруемся прынцыпам: сабраць у адным месцы тое, што выдадзена па-беларуску альбо пра Беларусь на іншых мовах. Шмат якія кнігі мы маем у фармаце ePub ці mobi, зручным для выкарыстання ў электронных чыталках. Наша мэта — зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай і больш даступнай для беларусаў, — падкрэсліваюць аўтары рэсурсу.
Аднаўленне сайта дазволіла зрабіць яго максімальна сучасным дзякуючы новаму дызайну і аптымізацыі пад самыя розныя дэвайсы і прылады. Таксама хутчэй сталі загружацца старонкі і выданні.
Навукова-папулярны часопіс Pamyłka
Навукова-папулярны часопіс выходзіць на беларускай мове ў Польшчы. Яго стварыла група энтузіястаў, якія папулярызуюць навуку. Аўтарамі ідэі сталі фізік Юрый Адамаў і выкладчыца фізікі Святлана Волчак. Хоць Pamyłka гэта таксама пра прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі. У ім матэматыка, хімія, біялогія, нават медыцына.
— Зараз мы робім ужо трэці нумар зіна. Праца над адным нумарам займае 3–4 месяцы. У нас ужо ёсць сталая база падпісчыкаў, у якіх штомесяц з карткі здымаецца пэўная сума грошай — 10 еўра. Гэтыя людзі надаюць устойлівасць праекту, вельмі моцна падтрымліваюць рэдакцыю, — расказвала Святлана Волчак.
Замовіць друкаваную версію часопіса можна па спасылцы ці атрымаць доступ да PDF.
Чытайце яшчэ:
Сайты, YouTube-праекты, аудыяпадкасты. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў 2023‑м
«Шпіцыяльны погляд на Беларусь і беларусаў»: размова з аўтарам новага відэапраекту «Пол первого»
«Прашу прабачэння». З‑за скандалу Мікіта Мелказёраў мяняе назву свайго новага гістарычнага праекта