• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Шпіцыяльны погляд на Беларусь і беларусаў»: размова з аўтарам новага відэапраекту «Пол первого»

    Кіруючыся ўзростам цікавасці да стварэння ютуб-кантэнта ў жанры інтэрв’ю, у канцы лістапада ў гэтую медыяпрастору ўварваўся новы персанаж — шпіц Чумка. Ён стварыў новы відэапраект, які, нягледзячы на папулярнасць падобнага фармату, усё ж такі даволі адрозніваецца ад ужо існуючых. Пра ягоныя мэты, асаблівасці, адбор суразмоўнікаў і страх канкурэнцыі Вudzma.org вырашыў паразмаўляць асабіста з самім шпіцам Чумкам.

    — Раскажы, калі ласка, пра ідэю праекта. Як і чаму ён узнік, што цябе натхніла? 

    — Напэўна, многія заўважылі, што я на некаторы час наогул знік з радараў. Насамрэч гэта была падрыхтаваная «шпіц-аперацыя». І падрыхтоўка доўжылася прыкладна год — каб перакінуць мяне ў Польшчу і каб тут я праводзіў сваю медыйна-контр-прапагандысцкую дзейнасць. З’яўляецца шмат рознай інфармацыі пра тое, як тут жывуць людзі і як гэтае ўяўленне транслюецца ў дзяржаўных медыя. Таму лічу, што трэба разабрацца. Плюс да таго, што ў беларускім грамадстве сапраўды наспела такое незразумелае пытанне: хто ёсць беларусы, якія засталіся дома, і хто ёсць беларусы, які апынуліся за мяжой? Паміж імі ўвесь час расце цывілізацыйная прорва. Людзі адно аднаго не разумеюць. Ёсць патрэба, каб людзі вярнуліся. Уласна, усе гэтыя камісіі па вяртанні, якія там створаныя, не выконваюць сваю ролю, бо ставяць такія ўмовы, якія людзі выконваць не будуць. Таму ў мяне задача трошкі аб’яднаць людзей і расставіць усе кропкі над «і». Зрабіць так, каб усе жылі ў міры, спакоі. І калі людзі не могуць гэтага зрабіць, на дапамогу прыходзяць браты меншыя — сабакі.

    — Мяркуеш, сабака можа быць лепшым за чыноўніка і выканаць ягоную працу лепш?

    — Ну канечне! Сабака — гэта ж, безумоўна, сябра чалавека. Нягледзячы на свой пасіўна-агрэсіўны запал, я лічу, што мой мілы выгляд можа паўплываць на тое, каб людзі паглядзелі, хто і як жыве, дзе лепш і горш, і прыйшлі да нейкіх агульных пунктаў судакранання.

    — А ці ёсць у цябе ідэя, як гэтую працу палепшыць і сапраўды зрабіць так, каб людзі вярталіся дадому?

    — Пакуль што праца вядзецца ў гняздзе мясцовых інфлюэнсараў і не толькі, таму трэба назбіраць розныя меркаванні, падумаць, як і што зрабіць, і тады ўжо канчаткова прыйсці да нейкага вырашэння.

    — А якая глабальная задача? Павярнуць усіх беларусаў з‑за мяжы дадому?

    — Ну так. «Вярнуць усё ўзад», як гаварыцца. Аб’яднаць народ, тое грамадства, якое зараз расколатае. Раскол гэты толькі ўзмацняецца, трэба яго трошкі спыніць. І праз розныя інтэрв’ю, праз гумар, які вельмі важны ў камунікацыі паміж людзьмі, гэта ўсё зрабіць. Існуе шмат розных баек, як тут усе жывуць і як гэта ўсё падаецца ў Беларусі і наадварот. Калі шчыра — гэта тупік. Трэба з яго выходзіць.

    — Як аб’яднаць людзей, у якіх розныя меркаванні?

    — Гэта цяжкае пытанне. Пакуль дакладнага адказу няма. Але праца над гэтым вядзецца. Мне здаецца, трэба знаходзіць нейкія пункты, па якіх будзе крок па кроку весціся гэтая праца.

    — У апісанні твайго праекту асобным сказам гучыць, што яго місія — «дамаўляцца». З кім і аб чым?

    — З усімі пра ўсё. Бо сказаць так, каб не пакрыўдзіць — гэта трэба ўмець. Я пакуль што вучуся гэтаму ўсяму, бо фантомныя болі час ад часу мяне агортваюць, і ў гэтым, напэўна, адлюстроўваецца характар тых падзей, што адбываюцца на экране, у ютубе. У нас ёсць вялікая праблема. З аднаго боку, усе хваляць адно аднаго там, у Беларусі, хаяць іншых, і роўна наадварот. То-бок, не вядзецца размовы пра нейкі здаровы сэнс. Яго няма. Таму здаровы сэнс павінен перадусім перамагчы. Няхай сабе пакуль з нейкай пасіўнай агрэсіяй і прэтэнзіяй. Але трэба вучыцца дыскутаваць, размаўляць.

    — Але ж для гэтага патрэбна, каб і людзі, якія зараз у Беларусі, таксама глядзелі тваю перадачу. 

    — Перш за усё! Мая праца перадусім накіраваная на тых, хто застаўся. Там у асноўным кажуць, што беларусы ў Польшчы галадаюць, мерзнуць, не знаходзяць сабе ўласнага месца. Вось, я прыйшоў і зараз буду высвятляць, ці гэта так. Адна справа — калі табе штосьці гавораць па тэлевізары, а іншая — самому прыехаць і ўсё праверыць праз размовы з рознымі людзьмі.

    — А Чумку віза не патрэбная?

    — А Чумка аказаўся без візы, бо сабакам яны сапраўды не патрэбныя. Я трапіў сюды нелегальна ў скрынцы па маршруце Менск — Варшава. У Польшчы якраз было свята, Дзень Незалежнасці, таму польскія памежнікі былі занятыя сваёй незалежнасцю і не правяралі змест скрынак. А далей будзем нешта прыдумляць — як і многія беларусы, якія тут жывуць і неяк вырашаюць сваю легалізацыю.

    — А Чумка не баіцца, што яго зараз знойдуць і адправяць назад у Беларусь?

    — Не, бо ён надзейна схаваўся ў сваім бункеры, адкуль і вяшчае. Ёсць цэлая агентура, якая тут падрыхтавала глебу, на якой гэта ўсё стала магчыма. Працуе каманда. Яна невялікая, але пры гэтым ёсць пэўныя зрухі. І мы спадзяемся, што ўсе госці, якіх я да сябе запрашаю, застануцца сумленнымі людзьмі і не выдадуць Інтэрполу месцазнаходжанне «шпіцыяльнага» агента.

    — Дарэчы, згодна з якім прынцыпам ты абіраеш сваіх гасцей? 

    — Хочацца размаўляць з рознага кшталту людзьмі. З розных сфераў — палітычная, інфлюэнсарская, у мяне ўжо нават запісаная размова са стэндаперам. Я хачу, каб гэта быў зрэз грамадства, якое тут існуе. Безумоўна, на пачатку мусяць быць нейкія пазнавальная людзі, а ўжо далей можна пашыраць іх геаграфію. І няважна, палітыкі гэта, акторы, мастакі, рабочыя, дактары…

    — Святары?

    — Святары, вядома! Трэба разумець усіх. Патрэбныя набор меркаванняў і дыскусія. І самі размовы з погляду майго выхавання падаюцца, можа быць, не ў кампліментарным ключы, але ў гэтых спрэчках і дыскусіях можа нарадзіцца нешта менавіта такога існага.

    — А што наконт канкурэнцыі? Ці не баішся, што тваё шоў можа не стаць такім папулярным? Бо сёння ж гэта даволі вядомы фармат — інтэрв’ю, асабліва жартлівае.

    — Я разважаю як сабака, які толькі робіць свае першыя крокі «ў космасе» — дарэчы, хто быў першы ў космасе? Сабака. А потым ужо Гагарын. Так і тут. Няхай шпіц не першы беларускі і беларускамоўны ютубер — дарэчы, я вывучыў мову на добрым узроўні, у некаторых выпадках нават на лепшым, чым мае госці. Хаця пакуль толькі беларускамоўныя і трапляюць, што не можа не радаваць. І пра канкурэнтаў сваіх я ўсё ведаю. Бо таксама з’яўляюцца «перабежчыкі» і з таго боку.

    — «Пераабуўшчыкі»?

    — Так, якія сябе выдаюць за дамаўлятараў і міратворцаў. Ёсць шэраг такіх ютуб-дзеячоў кшталту чыноўнікаў…

    — Гэта якія «Мы — вы»?

    — Так. І ў тык-току я ведаю такую жэншчыну з начосам. І літаральна напярэдадні таго, як я вырашыў выходзіць у эфір, яны прачухалі і зрабілі падобнае. Вядзецца праца ў розных напрамках рознымі людзьмі, і гэта добра, што яна ідзе па ўсіх франтах. Добра, калі яна пашыраецца і робіцца больш якаснай. Спадзяюся, гэта аднойчы прывядзе да розных калабарацыяў.

    — Каб чыноўнікі ўзялі шпіца і паехалі з ім у Берлін?

    — Так, у Берлін, ці куды яшчэ. Зрабіць жывы эфір, каб яны селі за круглы стол у квадрацік ці наадварот, за квадратны стол у кружок, і пагутарылі, зрабілі сабе план таго, як яны будуць надалей уцірацца ў давер гэтых «даверлівых» і пашыраць свае ўплывы.

    — А ці ёсць у Чумкі мара трапіць на «БелГосЮтубКанал», так скажам, на гэтую «тэлевяршыню»?

    — У Чумкі свой ютуб-канал. Таму гэта ў «БелГосЮтубКанала» павінна быць мэта трапіць на канал «Паў першага». Запрашаю! Выпускі выходзяць а 12:30.

    — Дарэчы, чаму?

    — У адміністрацыі падказалі сугучную назву. Ну і, як кажуць звычайна, што ёсць сям’я, і ёсць яе лепшая і горшая паловы. Я, як прадстаўнік лепшай паловы сямейства, дэлегаваны тут, нават не пад санкцыямі — гэта вельмі важны момант, бо так ці інакш ёсць шмат перашкодаў з бакоў «нядружасцвяных» краін.

    — Чым твой праект ўвогуле асаблівы? 

    — Я ўбіраю ў сябе ўсё лепшае, што ёсць. Я ж сабака. У мяне фрагментарная псіхіка. Дзякуючы гэтаму, няма жадання — хоць і запаветы ў Беларусі існуюць, што ўсё лепшае на Захадзе можна скрасці, і шмат хто ідзе па такім шляху, крадзе фарматы адзін у адзін — у мяне фармат усё ж такі больш гібрыднага характару. Тут ёсць і чорны гумар, і грэблівае стаўленне да суразмоўцы. Ёсць і фармат інтэрв’ю, калі закранаюцца сапраўды сур’ёзныя тэмы. Ёсць і гульнёвы фармат, і камунікацыя з гледачом — гарачая лінія.

    — А на гарачую лінію Чумкі, дарэчы, можна неяк датэлефанавацца? 

    — Пакуль яна існуе ў тэставым фармаце. Першыя пытанні дасылаюцца менавіта персанальна, ну а далей мы будзем ангажоўваць сваіх гледачоў, пісаць у каментарах выпускаў. Нават той тэлефон, які ёсць у мяне, у Чумкі, яго ж ведае няшмат людзей. А тэлефон сам падарыў, дарэчы, Ілан Маск. Разам з «Тэслай». Гэта новая эксперыментальная мадэль, таму могуць узнікаць праблемы. І вы не глядзіце, што ён не падключаны. Ён працуе толькі ад спадарожніка. Нам тут нядаўна датэлефанаваўся адзін беларус з Амерыкі, Мікіта М., і адна жанчына з Горадні, Вольга Б. Таму, калі захочаце, то якімі заўгодна спосабамі зможаце дасягнуць шпіца.

    — А калі нейкі звычайны чалавек захоча стаць госцем праграмы, ці ёсць у яго шанец?

    — Канешне. Пішыце нам у адміністрацыю, і мы разглядзім вашую прапанову цягам 14 дзён. Абавязкова трэба адразу напісаць спіс вашых дасягненняў і грашкоў, даслаць матывацыйны ліст і рэзюмэ, каб нашая кампетэнтная каманда вас разгледзела, параілася і вырашыла.

    — Чумка, што ты можаш пажадаць сваім гледачам і, можа быць, будучым гасцям?

    — Глядзіце мяне, сачыце за мной, будзьце здаровы, бдзіцельны і не дайце сябе аблапошыць. Не верце нікому на словы і карыстайцеся толькі праверанымі крыніцамі інфармацыі.

    Чытайце яшчэ:

    «Самое зависимое медиа в мире». Маргарита Левчук представила новый сатирический проект

    Крызіс даверу ці крызіс аўдыторыі? Гарачая спрэчка наконт «паразы ў інфармацыйнай вайне»

    У Беларусі з’явіцца дзяржаўная ўзнагарода для супрацоўнікаў СМІ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці