• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Расказаць праз фотаздымак сваю гісторыю”. Як беларуская журналістка ажыццявіла адукацыйны праект у Варшаве

    Усё пачалося з артыкула для польскага часопіса і з валанцёрскай дзейнасці, а цяпер у адным з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Варшавы адкрылася фотавыстава са здымкамі ўдзельнікаў/іц беларуска-украінскага праекта, ініцыятарам і рухавіком якога стала фатографка і журналістка Юлія Шаблоўская.

    “У шэлтары адбывалася ўзаемапранікненне двух грамадстваў”

    — З 2021 года я сачыла, што адбываецца з беларускімі ўцекачамі ў Польшчы, — расказала Юлія Шаблоўская Беларускай асацыяцыі журналістаў. — Фонд Humanosh стварыў шэлтар, які называецца “Мірны дом”. Там знайшлі прытулак палітычныя ўцекачы з Беларусі.

    Ідэя была ў тым, каб расказаць у часопісе Pis­mo, як жывуць беларусы ў вымушанай эміграцыі. На той момант тэма ўжо сышла з першых старонак газет. Цікавасці стала значна менш.

    — У мяне былі аднаразовыя фотакамеры, якія я раздала дзецям. Пакуль размаўляла з дарослымі, яны рабілі фотаздымкі, то бок сталі суаўтарамі рэпартажу, — кажа аўтарка праекта.

    Але на момант публікацыі інфармацыйны фон істотна змяніўся — пачалася вайна ва Украіне, і артыкул згубіўся сярод шматлікіх паведамленняў пра жудасныя падзеі.

    Тым часам фонд Humanosh стаў актыўна дапамагаць украінцам, і ў шэлтары з’явіліся новыя жыхары.

    — Выявіліся, што многія ўкраінцы не разумелі ўсёй трагічнасці сітуацыі ў Беларусі, — працягвае Юлія Шаблоўская. — Памятаю, як жанчына з Херсона здзівілася: «А што тут робяць беларусы?» Даводзілася тлумачыць і паслядоўна распавядаць.

    Было вельмі незвычайна назіраць, як адбываецца ўзаемапранікненне двух грамадстваў.

    Удзельнікамі праекта сталі і 5‑гадовая дзяўчынка, і 23-гадовы хлопец

    Нечаканым вынікам такой інклюзіі стаў адукацыйны праект New Home Project, які з’явіўся на мяжы арт-тэрапіі і фатаграфіі.

    — Я па-ранейшаму наведвала шэлтар. І ў першыя дні пасля пачатку вайны ва Украіне назірала прыкладна адну і тую ж сітуацыю: пакуль дарослыя вырашалі праблемы, дзеці і падлеткі заставаліся ў чатырох сценах, некаторыя былі псіхалагічна закрытыя, — дзеліцца назіраннямі фатографка.

    З гэтага часу пачаўся доўгі шлях за змаганне за праект, дзе дзякуючы фотаздымкам аб’ядналіся дзеці, падлеткі і моладзь, каб заявіць пра свой голас.

    Удзельнікамі праекта сталі і 5‑гадовая дзяўчынка, і 23-гадовы хлопец. Усяго — 20–25 чалавек.

    — Я раздала лічбавыя “мыльніцы” і прапанавала рабіць фотаздымкі, — кажа аўтарка праекта. — Першыя эмоцыі, канешне, неперадавальныя: што гэта? Яно фоткае? А дзе франтальная камера? Куды размяшчаць флэшку?

    На занятках не давалася канкрэтных заданняў. Удзельнікі размаўлялі пра фатаграфію, яе гісторыю, а таксама наведвалі месцы, звязаныя з візуальнай культурай: выставы, музеі, інстытуцыі.

    — Калі хтосьці паказваў нон-стоп сэлфі, то мы размаўлялі пра партрэтныя здымкі, пра Вів’ен Маяр (Vivian Maier), якая адной з першых расказала пра сваю гісторыю праз сэлфі на сярэднефарматную камеру, глядзелі іншыя прыклады, — апісвае працэс Юлія.

    Праз уласныя фатаграфіі ўдзельнікі праекта паказвалі свой свет: як яны бачаць абстаноўку вакол, што адчуваюць, хто знаходзіцца побач.

    — У залежнасці ад таго, які партрэт прыносілі, я даведвалася пра жыццё аўтара фотаздымка — хто яго сябры, як ён ці яна сябе адчуваюць, — тлумачыць фатографка. — Праблема ў тым, што часта паміж дзецьмі і дарослымі няма бяспечнай мовы камунікацыі. А я прапанавала такі канал праз фотаздымкі.

    Гэта таксама была магчымасць знайсці сяброў і атрымаць дапамогу. У межах праекта была прадугледжана дапамога крызіснага псіхолага, і выявілася, што гэта вельмі своечасовы і правільны крок.

    — Адной з частак праекта стала абмеркаванне фотаздымкаў, якія рабілі ўдзельнікі/цы, — расказвае пра адзін з прыкладаў Юлія Шаблоўская. — Хлопец паказаў фатаграфію. Здаецца, нічога незвычайнага: сцяна, ліхтарыкі і экран тэлевізара, па якім паказвалі мульцік “Скубі-Ду”. Але падчас размовы хлопец прызнаўся, што ў яго гэта выклікала цяжкія эмоцыі. Пасля падключылася псіхолаг, якая высветліла, што ў аўтара фотаздымка на вобразе з мультфільма замацавалася псіхалагічная траўма. Такім чынам яе ўдалося выкрыць і прапрацаваць.

    Пасля шырокага асвятлення дапамога прыйшла ад мэрыі Варшавы

    Спачатку Юлія Шаблоўская разлічвала на свае сілы — нават купляла за ўласны кошт камеры, але паступова інфармацыя пра незвычайнаю ідэю беларускі распаўсюджвалася, і дапамогу праекту пачалі аказваць фонды і буйныя кампаніі.

    — У нейкі момант знайшоўся фонд, які як раз і дапамог набыць тыя “мыльніцы” Sony. А пасля са мной звязалася кіраўніцтва Pana­son­ic Pol­s­ka, і ў нас з’явілася некалькі прафесійных фотаапаратаў, — кажа фатографка.

    Увосень адбылася фотавыстава, на якой былі прадстаўлены здымкі, зробленыя ўдзельнікамі/цамі праекта.

    — Яна ладзілася наўпрост на папулярнай у Варшаве вуліцы Хмельна, — расказвае Юлія Шаблоўская. — Туды не трэба было прыходзіць спецыяльна. Можна было шпацыраваць па горадзе і выпадкова ўбачыць нашы фатаграфіі.

    Адукацыйны праект выклікаў цікавасць з боку лакальных медыя. Фатографку запрасілі ў эфір нацыянальнага тэлебачання, на радыё.

    Працягам стала маштабаванне адукацыйнага праекта, які падтрымала мэрыя Варшавы. Быў вылучаны грант на праект «Збліжэнне культур», ён прадугледжваў шэраг актыўнасцяў, і ў тым ліку фотозаняткі New Home Project.

    Удзельнікамі/цамі новага этапу сталі 350 чалавек! Свой унёсак у падтрымку аказала UNICEF Pol­s­ka.

    Вынікам праекта па збліжэнні культур стала зборная фотавыстава, якая праходзіць у гэтыя дні ў гандлёвым цэнтры Blue City (Варшава). Прыкладна 100 фотаздымкаў былі зробленыя ўдзельнікамі праекта New Home Project.

    Самай цікавай рэакцыяй Юлія Шаблоўская лічыць эмоцыі звычайных людзей, калі яны разумеюць, што аўтары фатаграфій — дзеці, якія перажываюць няпросты вопыт вымушанай эміграцыі.

    Чытайце яшчэ:

    «Фота апельсіна прынесла мне 10 тысяч даляраў». Аб працы з фотабанкамі, правілах жыцця і пераездзе ў Заслаўе — вялікая гутарка з Віктарам Малышчыцам

    Пускалі ў хату, частавалі, дзяліліся тэкстамі замоў. Фатограф Сяргей Лескець выдаў кнігу пра шаптух, якіх здымаў 9 гадоў

    «У людзей няма страху, ёсьць толькі злосьць і жаданьне працаваць далей і болей». Беларускі фатограф пад бамбёжкамі ў Львове

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці