• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У людзей няма страху, ёсьць толькі злосьць і жаданьне працаваць далей і болей». Беларускі фатограф пад бамбёжкамі ў Львове

    Беларускі фатограф Яўген Атцецкі расказвае, што адбываецца гэтымі днямі ў Львове, які абстрэльваюць расейскія войскі. 

    «Усё гэта моцна нагадала першыя дні вайны»

    Беларускі фатограф Яўген Атцецкі разам з жонкай Юліяй былі ў Львове, калі ў 7:30 раніцы 10 кастрычніка пачалася паветраная трывога.

    «З траўня ніякіх удараў у Львове не было, то я ня моцна зрэагаваў спачатку, але потым было нешта дзіўнае, падобнае да выбуху, і я пачаў хвалявацца, палез у тэлефон. Тады стала зразумела, што адбываюцца ўдары па горадзе. Праз пару гадзін адключылі электрычнасьць, ваду, бо абстрэлы трапілі па гэтай інфраструктуры. З 10‑й раніцы не было інтэрнэту. Усё гэта моцна нагадала першыя дні вайны, такая нявызначанасьць, нешта адбываецца, зьнікае сувязь, спэцыфічна крыху. Але праз тое, што поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ідзе больш за 7 месяцаў, людзі ўжо прывыклі, таму панікі абсалютна не было, мы проста хадзілі па горадзе і спадзяваліся, што ўсё будзе добра», — кажа Яўген Атцецкі.

    Мужчына дадае, што панікі сярод людзей не было яшчэ і таму, што ёсьць моцны давер да ЗСУ, якія добра сябе паказваюць. Людзі вераць, што ўсё рана ці позна скончыцца.

    «Недзе, а 5‑й гадзіне зьявіўся мабільны інтэрнэт, па горадзе пачалі паволі аднаўляцца вада, электрычнасьць, вось у мяне яна ўжо ёсьць. Такія паўсядзённыя рэчы становяцца вялікай каштоўнасьцю. Канечне, мы ўсе застрэсаваныя, стаміліся, гэта вельмі моцна вымотвае, з улікам таго, што ўсім нам трэба працаваць і ўсё сумяшчаць вельмі складана».

    «Мы ня можам браць адказнасьць за тое, што робіць Лукашэнка»

    Яўген кажа, ёсьць верагоднасьць, што яму з жонкай прыйдзецца зьехаць, калі Лукашэнка ўвядзе беларускія войскі ва Ўкраіну.

    «Я думаю, што мне будзе вельмі складана тлумачыць сваю прысутнасьць тут. Гэта нягледзячы на тое, што ўвесь мой папярэдні досьвед, 90% камунікацыі з украінцамі былі станоўчыя, ніякіх пытаньняў. Але, я думаю, тут таксама ўзровень цярпеньня не бясконцы».

    За ўвесь час, што Яўген ва Ўкраіне, ён згадвае два непрыемныя выпадкі праз тое, што ён беларус.

    «Я працаваў фотажурналістам, здымаў на мясцовым рынку, і да мяне падышоў чалавек. Ён падумаў, што я шпіён, дывэрсант, які пункты для абстрэлу здымае. Ён паглядзеў на маю акрэдытацыю, сказаў, што яна, магчыма, фэйкавая і ён хоча выклікаць паліцыю. Гэта вельмі зразумела: усё ж такі тады прайшло толькі 2 тыдні з пачатку вайны, абсалютна няясная сытуацыя ў краіне, людзі моцна ўзбуджаныя, таму ў мяне ніякіх пытаньняў няма. Другі раз быў, калі я рабіў страхоўку, каб працягнуць від на жыхарства. І ў адной з натарыяльных кантораў мне адмовілі, сказалі: „Мы прыватная кампанія і ня хочам рабіць беларусам“. Было непрыемна, скажу шчыра. Але ў астатніх выпадках да таго, што я беларус, альбо нэўтральна ставіліся, альбо пазытыўна».

    Яўген таксама кажа, што цалкам разумее, што рэпутацыя беларусаў ня можа быць «чыстая і белая».

    «Я не бяру на сябе адказнасьць за справы Лукашэнкі. Я раблю ўсё, што магу, са свайго боку, бо мне не абыякавая Ўкраіна і Беларусь. Я стараюся ўкладацца, падтрымліваць украінцаў, як гэта атрымліваецца. Мы ня можам браць такую велізарную адказнасьць за тое, што робіць Лукашэнка. Няхай Лукашэнка пускае расейскія войскі і сам апраўдваецца. А для мяне важна дапамагаць украінцам — я дапамагаю. Рэпутацыя беларусаў глябальна мне важная, але я абсалютна ясна разумею, што яна ня можа быць белая і чыстая».

    Мужчына кажа, што яму вельмі дапамагае цяпер трымацца моцная супольнасьць беларусаў у Львове.

    «Мы зьбіраемся разам, і гэта вельмі моцна падбадзёрвае, дае адчуваньне пляча. Увогуле, адна з асноўных прычын, чаму я тут застаюся, — вельмі моцная беларуская супольнасьць, якая сфармавалася ў Львове».

    Цяпер Яўген едзе на некаторы час у Польшчу па справах.

    «Вось толькі нядаўна быў адбой паветранай трывогі. Кажуць, былі два выбухі, зноўку па энэргетычнай інфраструктуры. Ранкам на нейкі час зьнікла вада, скокнула электрычнасьць. Мэр кажа, што цяпер 30% гораду без электраэнэргіі».

    Цалкам матэрыял чытайце тут

    Чытаць яшчэ:

    «Я бачыў кнігу не як нейкую сухую біяграфію, а гісторыяй чалавека». Гутарка з аўтарам першага выдання пра Ціханоўскую 

    Аб’яўлены лепшыя здымкі конкурсу Wildlife Photographer of the Year

    Беларускія традыцыі ў аб’ектыве Альфрэда Мікуса

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці