• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аб’яўлены лепшыя здымкі конкурсу Wildlife Photographer of the Year

    Пераможцам конкурсу Wildlife Photographer of the Year у гэтым годзе стаў здымак кактусавых пчол, які зрабіла Карын Айгнер, піша Бі-бі-сі.

    Самцы кактусавых пчол абляпляюць самку. Але хто з іх акажацца тым шчасліўчыкам, які зможа з ёй спарыцца? Гэты выдатны здымак, зроблены Карын Айгнер, стаў пераможцам конкурсу Wildlife Pho­tog­ra­ph­er of the Year у гэтым годзе.

    З аднаго боку, гэта даволі тэхнічная карцінка. Для таго, каб патрапіць у самую гушчу падзей, давялося выкарыстоўваць макрааб’ектыў. «Мне давялося правесці даволі шмат часу лежачы на жываце ў гразі», — кажа Карын.

    Амерыканка стала толькі пятай жанчынай, якая выйграла галоўны прыз за 58-гадовую гісторыю конкурсу WPY.

    «Не тое каб я спецыяльна гэта шукала. Я ўжо шмат гадоў працую на ранча ў Паўднёвым Тэхасе, і проста выпадкова апынулася ў гэтым месцы. Я ўбачыла ўсе гэтыя маленькія «вулканы» ў зямлі — асобныя норы, выкапаныя самкамі для стварэння гнёздаў», — распавяла яна Бі-бі-сі.

    Кактусавыя пчолы, як вынікае з назвы, жывуць на кактусавых раслінах і вакол іх. Самкі збіраюць пылок, які ператвараюць у маленькія шарыкі і захоўваюць у камерах у глебе. У гэтых шарыках развіваюцца лічынкі, якія затым выбіраюцца на паверхню і працягваюць рэпрадуктыўны цыкл.

    «Карціна цудоўная, у ёй столькі энергіі! Гэта сапраўдны «паводзінны» здымак. За гэта я і люблю бесхрыбтовых, — сказала Роз Кідман Кокс, старшыня журы WPY. — Важная і кампазіцыя. Што робіць фатаграфію завершанай, дык гэта пчолы, якія прылятаюць збоку. Яны то і даюць вам «саўндтрэк».

    Маладым фатографам года дзікай прыроды ў 2022 годзе стаў Катанью Вуціичайтанакорн з Тайланда. Пераможная праца 16-гадовага фатографа — гэта знятая буйным планам галава паласаціка Брайда і кітовых пласцін у ягонай пашчы, якія выкарыстоўваюцца для фільтрацыі ежы. На іх фоне бачныя сардзіны, якія спрабуюць выратавацца ад кіта. «Нейкім чынам сардзіна заскочыла ў лодку, — успамінае Катаньоу. — Мне пашанцавала. Я падабраўся ў лодцы бліжэй, а кіт заставаўся над вадой каля хвіліны».

    WPY — адзін з найбольш прэстыжных конкурсаў у сусветнай фатаграфіі. Конкурс быў заснаваны ў 1964 годзе часопісам BBC Wildlife Mag­a­zine, а цяпер яго арганізатарам з’яўляецца Лонданскі Музей натуральнай гісторыі. Сёлета на конкурс было пададзена 38 575 работ з 93 краін.

    Ніжэй прадстаўленыя некаторыя з пераможцаў у розных катэгорыях. 

    «Смерць Ндакасі». Брэнт Стыртан, Паўднёвая Афрыка

    Брэнт Стыртан — вядомы фотажурналіст. На яго фатаграфіі адлюстраваныя апошнія моманты жыцця Ндакасі, горнай гарылы, якая была выратаваная ў двухмесячным узросце. Яе зграю забілі браканьеры з мафіі, якая займаецца нелегальнай вытворчасцю драўнянага вугалю ў Нацыянальным парку Вірунга ў Конга. Ндакасі знаходзіцца на руках у свайго выратавальніка і апекуна Андрэ Баўма.

    «Нябесныя фламінга». Дзюндзі Такасага, Японія

    Гэтыя фламінга знятыя высока ў Андах на найбуйнейшым у свеце саланчаку Уюні. Тут таксама знаходзіцца адзін з найбуйнейшых у Балівіі літыевых руднікоў, што ставіць пад пагрозу будучыню фламінга. Каб зрабіць гэты здымак, японскаму фатографу Дзюндзі Такасага прыйшлося перанесці вышынную хваробу, але ягоныя намаганні прынеслі яму перамогу ў катэгорыі «прыродны артыстызм».

    «Паміраючае возера». Даніэль Нуньес, Гватэмала

    Даніэль Нуньес выкарыстаў робата, каб захапіць кантраст паміж лесам і водарасцямі на краі гватэмальскага возера Аматытлан. Цыянабактэрыі ў вадзе размнажаюцца з‑за прысутнасці забруджвальных рэчываў, такіх як сцёкавыя воды, што выцякаюць з горада Гватэмала. Здымак перамог у катэгорыі «водна-балотныя ўгоддзі».

    «Падаючая зорка». Тоні Ву, ЗША / Японія

    Тоні Ву захаваў гэтую сцэну ля берагоў Японіі. На ёй намаляваная гіганцкая марская зорка ў момант нерасту. Іголкаскурыя рухаюць канечнасцямі і разгойдваюць сваё цела, магчыма, каб накіраваць ікрынку і сперму ў падводную плынь, дзе яны змогуць апладніцца. Здымак перамог у намінацыі «Падводная здымка».

    «Паляўнічы за кажанамі». Фернанда Канстанціна Марцінес Бельмар

    Фернанда Канстанціна Марцінес Бельмар зрабіў гэты здымак у месцы, вядомым як Пячора вісячых змей у Мексіцы. У прыцемках тысячы кажаноў пакідаюць пячору ў пошуках насякомых. Калі яны ляцяць, са сцен пячоры спускаюцца і звісаюць полазы, спрабуючы здабыць сабе ежу. Здымак перамог у намінацыі «Паводзіны: амфібіі і рэптыліі».

    «Мядзведжы дом». Дзмітрый Кох, Расія

    Дзмітрый Кох зрабіў гэты здымак на востраве Калючын, які знаходзіцца ў Чукоцкім моры ў Арктыцы. Белыя мядзведзі — і на пярэднім плане, і ў тумане, які вісіць над закінутымі будынкамі. Дзмітрый, яхтсмен, хаваўся на востраве ад шторму. Ён выкарыстаў невялікага робата, каб падабрацца да драпежнікаў. Здымак перамог у катэгорыі «Дзікая прырода ў горадзе».

    Чытайце яшчэ: 

    Беларускія традыцыі ў аб’ектыве Альфрэда Мікуса

    «С презрением относимся к сокрытию общественно важной информации». История успеха кыргызского издания «Клооп»

    У Менску прайшоў сэмінар для прапагандыстаў дзяржаўных СМІ і фэйкавых экспэртаў замежжа. Сярод арганізатараў — інстытут UNESCO

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці