«Фота апельсіна прынесла мне 10 тысяч даляраў». Аб працы з фотабанкамі, правілах жыцця і пераездзе ў Заслаўе — вялікая гутарка з Віктарам Малышчыцам
Ён вядомы здымкамі зорнага неба над Беларуссю, але вялікія грошы даюць зусім іншыя кадры. Паўгода таму Віктар з жонкай і чатырма дзецьмі змяніў сталіцу на Заслаўе. Ад гэтага пераезду выйгралі ўсе. Сям’я атрымала прасторны дом, а Заслаўе — беларускамоўны клас. «Наша Ніва» завітала ў госці, каб пагутарыць аб працы з фотабанкамі, адукацыю на роднай мове і правілы жыцця вялікай сям’і.
Як споўнілася мара студэнцтва
Жыць у Заслаўі калісьці было марай Віктара. Калі студэнтам ехаў на электрычцы з роднага Глыбокага, з замілаваннем глядзеў на гэты гарадок з гісторыяй. Цяпер ні за што не хоча вяртацца ў сталіцу з яе дымам і цеснымі дарогамі.
Дзяцей у сям’і чацвёра. Ганне 11 год, Адэлі — 7, Юстыне — 4, Янку — амаль 2.
Пакой у мінскай хрушчоўцы Малышчыцы змянілі на ўласны дом. Светлы мінімалістычны інтэр’ер, панарамныя вокны. За аснову ўзялі польскі праект, праўда, з гэтым прагадалі — у Польшчы іншыя стандарты і матэрыялы, таму давялося праект перарабляць.
«Выбачайце, рамонт яшчэ не скончылі. Дзверы ў нас толькі ў самых неабходных пакоях», — усміхаецца Віктар.
Працэнтаў 70 грошай, укладзеных у будоўлю, іх уласныя, астатняе пакрыў ільготны крэдыт, які сям’я атрымала як шматдзетная. Але з крэдытам ёсць нюанс.
«Рабочыя не хочуць з ім звязвацца. За паклейку шпалераў, напрыклад, у тры разы больш бяруць, калі гэта па безнаяўным разліку, па крэдыце», — заўважае Настасся.
Дзеці клічуць на другі паверх — паказаць сваю гульнявую з «лазілкамі» і спальню. Усе чацвёра ночаць у адным пакоі, баяцца заставацца ў цемры паасобку.
«Гадоў 7—8 таму фотабанкі былі хлебным месцам»
На палову стаўкі Віктар працуе ў Ліцэі БДУ, выкладае астраномію.
«Гэта добрае месца. Асабліва калі ты хочаш атрымаць тэхнічную спецыяльнасць, веды ў галіне матыматыкі і фізікі, бо ніхто з прыватных ініцыятыў не бярэцца за гэта глыбока».
Астраном рыхтуе таксама дзяцей да алімпіяды — ліцэйскую і гарадскую каманды. З гарадской Віктар працуе апошні год. Такое рашэнне ён прыняў пасля гісторыі з маладым навукоўцам Іллёй Карусейчыкам, які трэніраваў каманду па фізіцы: на таго пачалі ціснуць праз адседжаныя суткі і белы бранзалет на ўроках.
«У нас з прадметнымі алімпіядамі носяцца больш, чым са спартыўнымі. Кожнай вобласці даводзіцца план — першае месца заняць, ну максімум другое. Усе, хто рыхтуе дзяцей да алімпіядаў, альтруісты — там працаваць трэба шмат, а аплата мізэрная.
Але раз там такое стаўленне да настаўнікаў… Калегам на працоўныя месцы падасылалі запыты на характарыстыку, ці з’яўляюцца яны палітычна добранадзейнымі. Падчас заняткаў прысутнічае метадыст, які кантралюе, што мы робім. Не для таго, каб пераканацца, ці не прагульваем мы заняткі, не — каб лішняга не сказалі».
Асноўная крыніца даходу Віктара — праца з фотабанкамі. Канкурэнцыя там з кожным годам расце, таму цэны на здымкі падаюць. За прададзены кадр можна атрымаць 10 цэнтаў. З іншага боку, фота часам прадаецца тысячу разоў.
«Гадоў 7—8 таму фотабанкі былі хлебным месцам, таму дом удалося пабудаваць. Да 4 тысяч даляраў заробку ў месяц выходзіла. А тыя, хто займаўся гэтым шчыльна, і па 20 тысяч зараблялі.
Цяпер заробкі ў фотабанках, канечне, сціплейшыя. Там ужо ўсе нішы пазаймалі, таму навічкам зарабіць удасца каля нуля. Я таксама збольшага старымі «хітамі» жыву, бо новы матэрыял проста правальваецца ў прорву здымкаў ад канкурэнтаў
Я загружаю туды фота беларускіх ландшафтаў, начнога неба, але асноўнае — ілюстрацыі ежы. Калі купляеце ёгурты ў крамах, на некаторых бачыце мае здымкі — яблыкі, ананасы, бананы.
Рэкорднае фота прынесла мне больш за 10 тысяч даляраў. Што за яно? Самая банальшчына. Раней сярод розных здымкаў апельсінаў не было фота долькі. Я разрэзаў на чацвярцінкі і прыгожа зняў — з рукамі адрывалі. Цяпер такіх фота ўжо мора, але маё было сярод першых. Я пасля грэйпфруты, лаймы і лімоны ў такім жа ракурсе здымаў — таксама раскуплялі.
Доўгі час прадавальным было фота з Камароўкі. Я паздымаў рассыпаныя яблыкі, клубніцы, вінаград — і з квадрацікаў зманціраваў набор фонаў.
З фотабанкамі няма ніякай логікі. Бывае, здымаеш штосьці шэдэўральнае на твой погляд — ніхто не хоча браць. А здымеш няўдала і крыва — раптоўна пайшло. На начных здымках добра зарабіць ніколі не ўдасца. Але ёсць адно такое фота, якое прынесла пару тысяч, — панарама Млечнага шляху над Чарэйскім возерам».
У камандзіроўках Віктар цяпер рэдка бывае: куды ж малечу пакінеш. За апошнія паўтара гады толькі раз выбіраўся на двухтыднёвую вандроўку. Але на вялікія майскія выходныя вырвацца ўдалося. А любімая яго пара — з 10 па 20 мая.
«Паставіць бы на паўзу гэты момант, усё аб’ехаць, зняць і супакоіцца. Пасля голай зямлі салатавая лістота вырастае, раніцы бываюць туманныя — улетку не так часта такое зловіш. Плюс у гэты час самы прыгожы Млечны шлях. Калі хочацца класнае неба ўбачыць, трэба ў гадзіны дзве-тры ночы выходзіць, тады над гарызонтам уздымаюцца самыя яркія раёны Млечнага шляху. А пад канец месяца ўжо пачынаюцца светлыя ночы, мёртвы сезон».
«Камусьці пашанцуе, калі такі муж трапіцца»
З жонкай Віктар пазнаёміўся 15 год таму падчас пілігрымкі ў Будслаў. Настасся тады разам з сяброўкай ніяк не магла знайсці месца для начлегу.
«Нас ніхто не хацеў браць. Думаем ужо: ну што рабіць, пакладзём спальнік пад плот. І тут адчыняюцца дзверы, хлопцы клічуць: хадзіце сюды, мы з бабулькай дамовіліся, яна вас возьме. Яны грэлі ваду, заварвалі нам чай, і я такая думала: камусьці пашанцуе, калі такі муж трапіцца».
Пасля яны хадзілі ў пілігрымку разам. Настасся згадвае смешны момант:
«У апошні дзень там ва ўсіх просяць прабачэння і абдымаюцца. Я думаю пра Віцю: толькі паспрабуй да іншых падысці. І яму далі патрымаць гелевыя шары, каб яны не паляцелі ў неба, і ён праз гэта не абымаўся ні з адной дзяўчынай».
Настасся адвучылася на перакладчыцу ў Лінгвістычным універсітэце. На апошнім курсе нарадзіла дачку. У Ганулькі дыягнаставалі ДЦП.
Яе з мамай паклалі ў «Маці і дзіця» — Настасся не змагла здаць апошні залік і вымушаная была вучыцца па новай на пятым курсе. Апынулася ў групе разам са сваёй малодшай сястрой. З Ганулькай дома ніхто не даваў рады, таму Настасся разрывалася паміж домам і ўніверсітэтам — адну пару вучылася, другую, не вельмі важную, прапускала, каб з’ездзіць пакарміць дачку, пасля вярталася.
На працу яна так і не выйшла, аформіла догляд дзіцяці з інваліднасцю. З малодшых у садок хадзіла толькі Адэля. Але яна часта хварэла і прыносіла вірус дадому — пасля моцна хварэла Ганулька, да страты прытомнасці. Таму з садком завязалі.
«Добра, што Віця — фрылансер, можа дапамагаць. Я калі ведаю, што сёння цэлы дзень з дзецьмі, але заўтра ён будзе дома, мне псіхалагічна лягчэй», — прызнаецца Настасся.
Яны абое марылі пра вялікую сям’ю. Толькі Віктар — пра траіх дзяцей, а Настасся — пра пяцёра. Жартуюць, што сышліся на сярэднім арыфметычным.
«Гэта ж класна, калі цябе любіць не адзін чалавек, а пяць»
Пакуль мы ў гасцях, малеча паспявае пайграць на сінтэзатары, спусціцца з лесвіцы, як з горкі, пакружыць па гасцёўні на дзіцячым матацыкле і нават памыць посуд (Янка любіць наводзіць парадкі ў ракавіне). Самыя неабходныя для іх рэчы ў доме — папера і скотч. Скотчу бяруць па два рулоны на тыдзень — Ганулька любіць выразаць намаляваных персанажаў і абклейваць іх. Яе героі — нібыта з коміксаў.
«Звычайна яна малюе машынкі. Напрыклад, медсястра-машынка. Яна шмат у бальніцы ляжала, любіць герояў тыпу санітарак, дактароў. Тэхніка з каўшамі ёй падабаецца. А неяк яна кажа: мама, намалюй слана, у якога з хобата дзюба. Кажу: ты што, такіх у прыродзе няма. Пашукалі ў інтэрнэце — дагістарычны слон рэальна так выглядаў!» — кажа Настасся.
Яна дзеліцца некалькі лайфхакамі па арганізацыі часу ў шматдзетнай сям’і — гатаваць стравы, якія займаюць не больш за паўгадзіны, мыць усіх у адной ваннай.
«Выйшла, што Адэлька гадуе Юстыну, чытае ёй казкі. Вопратка ў нас у скрынях, дзеці могуць самастойна дастаць. Дрэнна, канечне, што яна потым паўсюль валяецца, але прынамсі малыя самі апранаюцца. Юся ў нас модніца, яна можа па пяць разоў на дзень пераапрануцца. Нават перад сном за паўгадзіны надзене шыкоўную сукенку і яшчэ нафарбуецца.
Часам дапамагаюць мульцікі. Калі мы хварэлі на каранавірус, расчасацца сіл не хапала, і ў дзяцей было сем дзён мульцікаў.
Мы ўсё робім разам з дзецьмі. Наш паход у краму — гэта магчымасць для таты папрацаваць. Я ўсіх чатырох бяру, едзем у гіпермаркет, і ў таты ёсць гадзіна. Аня так хоць будзе ведаць, якія прадукты ёй патрэбны для жыцця. Янка, напрыклад, не выпрошвае чупа-чупсы на касе. Можа паказаць на цукерку, але я кажу: у нас дома пячэнька ёсць. Касірка пасля здзіўляецца: ён у вас нічога не ўзяў!»
«З боку можа падацца, што вялікая сям’я — гэта жудасна. Бацькі, абвешаныя малымі, увесь час у выпацканым адзенні ад дзіцячых пальцаў і чаравікоў, — усміхаецца Віктар. — Але ж гэта толькі адзін аспект. Гэта ж класна, калі цябе любіць не адзін чалавек, а пяць».
«Мая фобія — каб Аня не засталася адна. Каб не ў якім-небудзь доме састарэлых ці інвалідаў яна жыла, а каб вакол былі родныя людзі. У шматдзетнай сям’і можна не аднаго чалавека напружваць, а па чарзе даглядаць», — дзеліцца Настасся.
«Настаўніцы ў беларускамоўным класе ўсе зайздросцяць»
Два гады таму Віктар кінуў кліч у фэйсбуку: давайце збяром беларускамоўны інтэграваны клас для дзяцей з інваліднасцю. Цяпер усміхаецца: ідэя з галіны фантастыкі, канечне.
«Нават сабраць рускамоўны інтэграваны клас неверагодна, таму што трэба, каб хаця чатыры чалавекі знайшліся з блізкімі дыягназамі. А ў нас ён каля дома ў суседняй школе быў. Чаму б не паспрабаваць з беларускамоўным? Але не ўдалося адчыніць».
Затое Адэля, якая пайшла ў заслаўскую гімназію, навучаецца на роднай мове. Спачатку пра такі клас гаворкі не вялося: ну не збярэцца ў гарадку столькі ахвотных. Але пасля выбараў на хвалі нацыянальнага ўздыму клас нечакана адкрыўся. Цяпер у ім восем вучняў.
Ганулька любіць пісаць казкі: яна дыктуе, а тата занатоўвае на камп’ютары.
«Народ цікавіцца: а будзе ў наступным годзе адкрывацца клас? Наша настаўніца на бацькоўскім сходзе сказала: усе педагогі мне зайздросцяць, але ніхто не хоча апынуцца на маім месцы. Бо складана перавучвацца: у цябе ўвесь матэрыял на рускай мове», — тлумачыць Настасся.
Чаму для іх прынцыповай была адукацыя па-беларуску? Калі дзеці чуюць родную мову дома, ці гэтага недастаткова?
«Усе лічылі: дзеці самі выбяруць, не трэба кашу ў галаве рабіць. І паглядзіце цяпер на пакаленне, якому гадоў 10—15 — з іх велізарны адсотак не разумее па-беларуску, — кажа Віктар. — Я лічу, што мова — адна з самых галоўных крыніц нацыянальнай ідэнтычнасці. У інтэрнэце ідуць баталіі на тэму, ці можа быць рускамоўны беларус. Лічу, што можа быць, але нядоўга. Калі мы страцім канчаткова мову, то і Беларусі не будзе.
У нас праблема, што побач ёсць вялікі сусед, які паглынае нас — наўмысна і ненаўмысна. Захаваць мову — адзіны спосаб застацца непаглынутымі».