Пускалі ў хату, частавалі, дзяліліся тэкстамі замоў. Фатограф Сяргей Лескець выдаў кнігу пра шаптух, якіх здымаў 9 гадоў
Фатограф Сяргей Лескець напісаў і выдаў кнігу пра традыцыйную беларускую магію і вясковых шаптух.
У выдавецтве Рамана Цымбера выйшлі першыя асобнікі кнігі “Шэпт”. Аўтар — вядомы фатограф, краязнаўца, жыхар Маладзечаншчыны Сяргей Лескець.
Як усё пачыналася
Пісаць кнігу Сяргей не планаваў. Дзевяць год у межах фатаграфічнага праекта займаўся любімай справай — фатаграфаваў. А “мадэлямі” былі бабкі-шаптухі з усёй Беларусі.
Здымкі павінны былі ўвайсці ў фотаальбом, але атрымалася па-іншаму: фота, тэксты замоў, дыялогі аўтара з шаптухамі, гісторыі іх жыцця і ўражанні Сяргея ад працы у выніку склалі кнігу “Шэпт”.
Ды і як было па-іншаму? Калі Сяргей сеў пісаць прадмову да фотаальбома, толькі аповяд пра шаптуху са Смаргоншчыны атрымаўся на 58 тысяч знакаў. Журналісты зразумеюць маштабы.
Зняў паціху з дыктафона ўсе запісы, дапоўніў уласнымі ўражаннямі. Працу паказаў дасведчаным людзям. Яны ўхвалілі матэрыялы. Стала зразумела: кніжцы — быць!
Яшчэ напачатку праекта Сяргей увайшоў у тэму, мог патрымаць “прафесійную” гутарку з суразмоўцамі. Таму незнаёмца з камерай пускалі ў хату, частавалі гарбатай, дзяліліся гісторыямі свайго жыцця, тэкстамі замоў, дазвалялі паглядзець на некаторыя абрады лекавання. Лішняй інфармацыяй фатограф жанчын не абцяжарваў: казаў, што стварае кнігу пра народную медыцыну. А ўрэшце так і атрымалася.
Рожа, сурокі, залатнік. З чым ідуць да шаптух
Сяргей расказвае, што за дзевяць год чуў не адну пацверджаную гісторыю, калі магія дапамагала вылечыць хваробу:
— У інстаграме пасябраваў з жанчынай, якая мела сур’ёзнае захворванне і праз гэта не магла нарадзіць. Яна звярнулася да знахаркі. Цяпер жанчына гадуе дачку Усцінню.
Па словах Сяргея, бясплоддзе — адна з распаўсюджаных праблем, з якой людзі звяртаюцца да знахарак. А яшчэ — з лішаём, рожай, “падучай” хваробай, сурокамі.
Часам па дапамогу да знахарак вязуць дзяцей, якія да сямі-васьмі год не могуць пайсці.
Аўтар звяртае ўвагу, што ў афіцыйнай медыцыне і знахарстве рознае разуменне чалавечага цела. Так, у медыкаў няма такой з’явы як “залатнік”. У знахарстве ёсць. Гэта орган, які бывае як мужчын, так і ў жанчын. Калі чалавек падымае нешта цяжкае, залатнік нібыта можа зрушыцца з месца. Знахаркі шукаюць яго каля пупка і лечаць.
Адкуль у фатографа цікавасць да тэмы
Аказваецца, з дзяцінства.
— Гадавала мяне бабуля з вёскі Заскавічы, што на Маладзечаншчыне, розных магічных гісторый з дзяцінства чуў шмат. А прабабуля жыла на Валожыншчыне. Калі мы там збіраліся сям’ёй па нейкай патрэбе, дарослыя ўвечары сядзелі за сталом і расказвалі розныя магічныя гісторыі. А я сядзеў пад коўдрай. Было страшна і адначасова цікава слухаць, — прыгадвае суразмоўца.
Падлеткам у маладзечанскай кнігарні ён набываў кнігі па этнаграфіі, засталося захапленне і ў часы студэнцтва.
“Шэпт” гэта…
— Ні ў якім разе не падручнік па вясковай магіі. Гэта этнаграфічная кніга, — заўважае Сяргей.
Гэта прыклад літаратуры факта або нон-фікшн:
— Такі фармат сёння асабліва папулярны на Захадзе, дзе дзённікі якога-небудзь хірурга могуць выходзіць вялізнымі накладамі. У нас такая літаратура пакуль распаўсюджаная менш.
Ці верыць аўтар у сілу замоў?
— Кнігу я скончыў такімі словамі: “Я не ведаю, што гэта”. Безумоўна, падчас працы над праектам я хацеў застацца навукоўцам, захоўваў пэўную долю скепсісу, але і здзіўляцца таксама было чаму.
І да сёння ёсць пытанні, на якія, дзевяць гадоў адпрацаваўшы з тэмай, Сяргей не можа знайсці адказу:
— Чаму ад рожы, што з’яўляецца інфекцыяй, антыбіётыкі дапамагаюць не заўсёды, а шаптуха лечыць гэтую хваробу чырвонай анучай і палёнай кудзеляй?
Калі дапамогу знахара можна растлумачыць самаўнушэннем, то якое самаўнушэнне ў каровы ці каня, якіх таксама лечаць шаптухі…
А яшчэ аднойчы знахарка проста на вачах у Сяргея шэптам разагнала хмары.
Набыць кнігу можна ў Акадэмкнізе і на kniger.by.
Сяргей Лескець — фатограф, які зрабіў сабе імя на аграгарадках
Сяргей Лескець: “Калі б закінуў фатаграфію, стаў бы наркаманам ці спіўся”