Сацыяльныя сеткі — компас журналіста (да 19 студзеня)
Навучальны курс. Мінск-Вільня, 23.01.2016— 19.03.2016.
Як зрабіць сацыяльныя сеткі адным з асноўных інструментаў прасоўвання ўласных матэрыялаў СМІ ды сталым каналам сувязі з чытачамі і экспертамі — пра гэта вы даведаецеся падчас курса «Сацыяльныя сеткі — компас журналіста».
Асаблівая ўвага будзе нададзена распрацоўцы практычнай стратэгіі працы з сацыяльнымі сеткамі для кожнага ўдзельніка:
- прасоўванне рэдакцыйнага кантэнту праз сацыяльныя сеткі;
- стварэнне і публікацыя паспяховых пастоў у сацыяльных сетках;
- асаблівасці размяшчэння рэкламы ў сацсетках;
- мадэрацыя і развіццё актыўнасці ў супольнасцях і пабліках;
- пастаноўка задач для SMM-спецыяліста;
- аналіз эфектыўнасці працы для SMM-спецыяліста.
ПАСЛЯ ЗАКАНЧЭННЯ КУРСА СЛУХАЧЫ БУДУЦЬ ВЕДАЦЬ:
- Якімі бываюць сацыяльныя сеткі і навошта журналісту здабываць у іх пастаянную прапіску?
- Як скарыстаць сацыяльныя сеткі для збору эксклюзіўнай інфармацыі ды праверкі фактаў?
- Як прасоўваць у Сеціве свае тэксты, фота і відэа (SMM)?
- За што адказвае SMM-менеджар у рэдакцыі СМІ і якія могуць быць крытэрыі ацэнкі яго працы?
- Як і навошта вывучаць аўдыторыю карпаратыўнага акаўнта і групы ў сацыяльных сетках?
- Як даведацца якія тэмы найбольш абмяркоўваюць карыстальнікі сацыяльных сетак з Беларусі?
- Якія сёння назіраюцца трэнды SMM у Беларусі?
- Як, карыстаючыся сацыяльнымі сеткамі, не парушыць аўтарскія правы ды нормы прафесійнай этыкі?
- Як вырашаць канфліктныя сітуацыі з адміністрацыяй сацыяльнай сеткі або наведвальнікамі вашага акаўнта?
- Як захаваць уласную бяспеку ў сацыяльных сетках?
- Што нясуць SMM-менеджару папраўкі ў закон «Аб СМІ», якія ўступілі ў дзеянне з 1 студзеня 2015 года?
Курс «Сацыяльныя сеткі — компас журналіста» максімальна арыентаваны на практыку, прадугледжвае вялікі аб’ём самастойнай працы ўдзельнікаў.
Галоўны трэнер курса — медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.
ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА:
Журналісты, якія вядуць свае акаўнты ў сацыяльных сетках, а таксама SMM-менеджэры рэдакцый СМІ.
АПІСАННЕ КУРСА:
Курс «Сацыяльныя сеткі — компас журналіста» стартуе 23 студзеня 2016 года ў Мінску і завяршаецца заключнай сесіяй 19 сакавіка 2016 года ў Вільні.
Курс складаецца з васьмі заняткаў, якія правядуць беларускія прафесіяналы, і майстар-класу замежнага трэнера.
Заняткі будуць праводзіцца раз на тыдзень па суботах з 11:00 да 14:00.
Удзельнікі будуць працаваць над сваім медыяпраектам, канцэпцыю якога яны мусяць сфармуляваць і прэзентаваць падчас курса.
Кожнаму удзельніку курса будзе прадастаўлена магчымасць кансультацыі з трэнерам, а таксама дэталёвы разбор выканання практычных заданняў.
Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад сябраў ГА «БАЖ» па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай «SMM») ДА 19 CТУДЗЕНЯ 2016 ГОДА.
Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:
1. Кароткі расповед пра сябе.
2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.
3. Просьба АБАВЯЗКОВА даць у заяўцы спасылкі на свае акаўнты ў сацыяльных сетках, а таксама ацаніць свой узровень валодання тэхналогіямі працы ў сацыяльных сетках па шкале ад 1 (найніжэйшы ўзровень) да 5 (найвышэйшы ўзровень).