• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Гудзілін: У 2016‑м будзем паболей здзіўляць адзін аднаго!

    Адыходзячы год паспрабуем разгледзець праз аб’ектыў — з кантраверсійным і канцэптуальным фатографам першай беларускай газеты з малюнкамі, неаднаразовым лаўрэатам Belarus Press Photo Сяргеем Гудзіліным.

    З Сяргеем мы сустрэліся на Кастрычніцкай. У самым цэнтры Мінска. Тут мы калісьці былі сведкамі брутальных амапаўскіх разгонаў, шматлюдных і не надта вулічных акцый, наступстваў тэракту ў мінскім метро і спакойнага гарадскога жыцця: пацалункаў, дзіцячых гульняў, шпацыраў… А зараз тут проста шэры надвячорак. І дзве постаці ў шэрых журналісцкіх куртках прадзіраюцца праз шэрасць беларускай сталіцы…

    — Сяргей, што запомнілася ў 2015‑м?

    — У гэтым годзе больш за ўсё мне запомнілася сітуацыя стабільнай безнадзейнасці. Мы зараз жывем у эпоху неазастою. Гэта я адчуваю, бачу па сваёй працы. Сітуацыя вельмі цікавая, бо, здаецца, пачынаюцца нейкія падземныя, падводныя зрухі ўсёй гэтай нашай рэальнасці, але яны пакуль што не складваюцца ў нейкія тэндэнцыі. Але глабальна ў нас ужо не савецкі, а такі постсавецкі неазастой. А ў астатнім усё нязменна, усе нашы гарады укладзеныя аднолькавай мікашэвіцкай пліткай…

    — Што запомнілася з сёлетніх здымак?

    — Прыгадваецца толькі выхад з турмы Статкевіча. Адзіная значная падзея для Беларусі сёлета — гэта датэрміновае вызваленне Статкевіча і нейкі такі намёк на гуманізацыю палітычнага жыцця. Усё, больш нічога. Навіны ўжо даўно не чапляюць, фотарэпартажы з навінаў ужо мала каму цікавыя з чытачоў. Адбываюцца маленькія электаральныя падзеі, падобныя адна на другую.

    — Не сумна двухсот пяцідзесяты раз здымаць Някляева, Лябедзьку, Севярынца?

    — Сумна не сумна, але гэта праца, якую трэба рабіць. Кожны год хадзіць на Дзяды… Гэта пытанне прафесійнай прыналежнасці. Калі ты знаходзішся ў прафесіі, ты разумееш, што часам інфармацыйныя нагоды паўтараюцца, паўтараюцца персоны. Трэба проста глядзець на гэта з розных ракурсаў. Калісьці я здымаў гэта вось такім аб’ектывам, цяпер я здымаю з іншай дыстанцыі, у мяне з’явілася нейкая іншая эстэтыка.

    — Але недзе вайна ідзе, недзе узгагароджваюць Нобелеўскіх лаўрэатаў, недзе людзі становяцца прэзідэнтамі, атрымліваюць World Press Pho­to за свае гісторыі. Не было жадання падацца туды?

    — Беларусь сапраўды не трапляе ў нейкія сусветныя навінавыя трэнды, але тут адбываюцца не менш візуальна цікавыя падзеі. Беларусь мне цікавая, я не стаміўся ад гэтага. Мы стаміліся ад формы, і трэба шукаць новую форму ўспрыняцця гэтай рэальнасці. Не трэба паўтараць нейкія міфы, як гэта было ў 90‑х. Трэба па-новаму, па-постмадэрноваму ўспрымаць гэтую паўсядзённасць, гэтыя падзеі, словы, якія пастаянна дублююцца.

    — Але дзесяць гадоў таму людзі казалі мне, што дажывуць да пераменаў. А зараз тыя ж самыя людзі з сумам кажуць, што яны ўжо не дажывуць…

    — Значыць, дажывуць іншыя людзі, нічога страшнага. Калі параўнаць з Савецкім Саюзам, то сёння ў нас значна больш перспектываў убачыць перамены. Толькі так, трэба загартоўвацца.

    — А фотажурналістыка змянілася неяк за пяць гадоў? У 2010‑м годзе ты прыйшоў у «Нашу Ніву», у цябе быў Canon, 18–55 аб’ектыў адзін і гэтага хапала (жартую). А зараз?

    — Не, было два аб’ектывы насамрэч (жартуе). Дарэчы, якасныя характарыстыкі змяняюцца. Бо ўсе падзеі-трэнды, якія адбываюцца ў краіне, я зняў у першы ці другі год. Ды і ўсе фатографы знялі. Значна раней за мяне. Але змяняюцца нейкія рэчы. Напрыклад, тэндэнцыя гэтага года ў тым, што фатографы адсылаюць здымкі проста з месца мерапрыемства праз мабільныя прылады, мабільныя картрыдары. Гэта тэхналогія, якая за мяжой ужо даўно была абавязковай, сёлета дабралася і да Беларусі.

    — А прафесійныя фатографы не церпяць ад шырокага распаўсюду і спажывецкага спрашчэння тэхналогій? Зараз, напрыклад, кожны тэлефон можа здымаць фота, відэа, аператыўна публікаваць яго…

    — Ну, безумоўна, такая здымка запаўняе інфармацыйны вакум, але на вельмі кароткі час, пакуль прафесійны фатограф не скінуў у стужку сваю фатаграфію. Бо яго фатаграфія больш якасная, эмацыйная, дакладней перадае сэнс нейкай падзеі, персоны, дэталі. Таму мы не перажываем — мы трымаем планку прафесійную.

    — Зараз амаль усе рэсурсы маюць сваіх фатографаў, і Міколу Статкевіча сустракалі ў пяцьдзясят аб’ектываў мабыць. Даша Сапранецкая нават скардзілася ў Face­book, што яе ледзь не затапталі падчас той сустрэчы. Але ж усе хочуць зняць!

    — Гэта спецыфіка нашай працы. Прафесіяналізм фатографа заключаецца і ў тым, каб заняць лепшую пазіцыю. Канешне, часам здараюцца канфлікты, але гэта нармальна. Гэта вынік інфарматызацыі грамадства, калі на пяць квадратных метраў пяцьдзясят фатографаў, і ўсім трэба зняць. У такіх сітуацыях я спрабую быць першым. Проста банальна прыходзіць раней.

    — Як глядзіш на беларускую журналістыку — з аптымізмам ці песімізмам?

    — Сам за сябе радуюся, у мяне ўсё будзе чотка. А агульна калі казаць, то журналістыка павінна развівацца сістэмна, павінны быць нейкія інстытуты, якія яе сістэмна развіваюць. У Беларусі гэтым займаецца хіба толькі Беларуская асацыяцыя журналістаў. У іншых краінах — па-іншаму. Фотажурналістыка яшчэ больш складаная, бо тут трэба адсочваць нейкія глабальныя тэндэнцыі у прэсавай фатаграфіі, нейкі калектыўны вобраз. Тут існуюць конкурсы: «Прэс-фота Беларусь», «Прафота». Вельмі важна, каб сумежна з рэдакцыямі былі і такія інстытуты, якія падтрымліваюць развіццё.

    — Працэс развіцця ідзе?

    — Так, ідзе, хоць і вельмі павольна. Мы ўсё роўна ўпісаныя ў глабальны кантэкст, далучаныя да усяго свету, і ўсё роўна бачым нейкія тэндэнцыі, трэнды новыя. Дзесьці, канешне, мы саступаем, бо ў нас іншыя ўмовы працы, але ад свету мы не адарваныя. Складаецца ўражанне, што ў сучаснай фотажурналістыцы вельмі мала залежыць ад самога фатографа: ёсць нейкія стандартныя схемы, яны такія інстытуцыялізаваныя. І вельмі хочацца, каб былі цікавыя фотажурналісты, якія б самі адкрывалі тэмы, а не проста ездзілі і здымалі фоташэраг да матэрыяла карэспандэнта. Хочацца, каб самі адкопвалі, самі пражывалі час, які жыве краіна, і здымалі нейкія персанальныя, часам суб’ектыўныя, але арыгінальныя гісторыі пра гэта жыццё. Бо як паказваюць Беларусь сусветныя агенцыі? Калі адкрыць тры сусветныя фатаграфічныя агенцыі, то мы не ўбачым там ніякіх рознасцяў з Беларусі. Мы убачым нейкую стандартную карцінку, якая дублюецца з агенцыі ў агенцыю.

    — І што ў такім выпадку рабіць?

    — Ствараць свае новыя цікавыя гісторыі. У прынцыпе, я гэтым акурат і займаюся: назапашваю матэрыял, здымаю свае сюжэты, сачу за лёсам нейкіх людзей. Ёсць людзі ды з’явы, якія я здымаю ўжо пяць год запар, і такім чынам назапашваю базіс, з якога я потым буду рабіць выставы, кніжкі і г. д. І я не спяшаюся падганяць гэта пад нейкія цыклы. Я хачу рабіць якасны прадукт, вельмі візуальна выкшталцоны.

    —Што жадаеш нам усім у 2016‑м?

    — Трэба паболей здзіўляць адзін аднаго! Цікавымі тэкстамі, карцінкамі, здымкамі, сюжэтамі… Вось калі будзем здзіўляць, тады будзем больш радавацца за стан нашай журналістыкі! З Новым годам!

    Фотаздымкі прадастаўлены Сяргеем Гудзіліным з хатняга фотаархіва

    Увесь нумар часопіса «Абажур» у фармаце PDF

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці