• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісцкі гараскоп на 2016 год :-)

    Нягледзячы на тое, што беларускія журналісты часцей сустракаюцца з зоркамі на пагонах міліцыянтаў ды пракурораў, моладзевы  “Абажур” у калядны час вырашыў паглыбіцца ў сапраўдную зорную стыхію. Просім не разглядаць матэрыял сур'ёзна. Усё, што тут напісана - гэта жарт! 🙂

    Сцвярджаюць, што 2016 год паводле кітайскага календара абвешчаны годам м@лпы (жывёла гарэзлівая, непрадказальная). На што ў першую чаргу варта звярнуць увагу ўсім супрацоўнікам анл@йн-выданняў? Як прадказваюць зоркі, ужо з 1 студзеня іх могуць падпільнаваць непрыемнасці, бо з пачаткам новага года не выключаецца падвышаная актыўнасць такіх планет, як “Мінсувязь” і “Мінінфармацыя”.

    Калегам, якія трывала звязалі сваё жыццё са знакам Журналістыкі, космас можа падкідваць неспадзяванкі штомесяц.  

    Студзень

    Нябесныя свяцілы папярэджваюць, што ў першую палову месяца, звычайна зранку, многія журналісты могуць скардзіцца на кепскае самаадчуванне і лёгкі галаўны боль. Але ўжо ў другой палове студзеня тыя, хто пастаянна ўжываў болесуцяшальны сродак — глечык расолу, — адчуюць істотнае паляпшэнне. У некаторых асобаў нават з’явіцца жаданне пачаць новае жыццё. 🙂

    Люты

    У лютым зоркі раяць карэспандэнтам, асабліва аматарам вулічных апытанняў, працаваць вельмі абачліва, бо не выключаецца верагоднасць адмаражэння. Памятайце, здаровыя ды цвярозыя мазгі нам яшчэ спатрэбяцца!

    У гэтым жа месяцы фінансавы стан журналістаў істотна палепшыцца, бо працаваць яны будуць на цэлы дзень болей, чым звычайна. Дарэчы, 29 лютага —панядзелак. 14 лютага зоркі раяць супрацоўнікам СМІ не шкадаваць цёплых словаў для сваіх кіраўнікоў, бо ў 2016‑м гэта можа прынесці дадатковыя бонусы. Ва ўсіх іншых выпадках — пад час шчыльнага інтэрв’ю ці занатоўваючы новы нумар тэлефона ў графу «Con­tacts» — зоркі раяць не забывацца на прадукцыю фірмы «Con­tex» 🙂

    Сакавік

    Тут астролагі раяць журналістам звярнуць асаблівую увагу на жанчын у рэдакцыі, бо ў першай дэкадзе месяца не выключаны пачатак іх раптоўнага квітнення, працэс можа зацягнуцца на ўвесь год. Аматары ведаюць, калі правільна даглядаць за ружамі, іх шыпы становяцца мяккімі. 🙂

    На 25 сакавіка, хутчэй за ўсё, прыпадзе духоўнае супрацьстаянне Дабра і Зла, таму ў гэты дзень у незалежных журналістаў ёсць вялікія шанцы правесці вечар у кампаніі моцных маладых хлапцоў у мікрааўтобусе без нумароў. 🙂

    Красавік

    З 1 красавіка часопіс «Абажур» стане даступным у шапіках «Белсаюздруку» і падпісным каталогу «Белпошты», таму не забудзьцеся выпісаць ці набыць наша карпаратыўнае выданне. У гэты ж дзень вельмі ўважліва правярайце ўсе інфармацыйныя паведамленні. 26 красавіка ж зоркі не раяць журналістам пасыпаць галовы радыеактыўным попелам. Лепш наведайце ўчастковага дазіметрыста і праверце яйкі і малако на радыяцыю ды тэстастэрон. 🙂

    Травень

    У першыя дні траўня астролагі не выключаюць масавага ажыўлення ўсяго чырвонага. Не дарма сёлета праваслаўны Вялікдзень трапляе акурат на славутае 1 траўня. Калі 5 траўня вы не збіраецеся адзначаць дзень нараджэння Карла Маркса, а толькі савецкі Дзень друку, раім зверыць уласныя планы з календаром пасадкі бульбы і — ў вёску.

    9 траўня ёсць вялікая верагоднасць прапахнуць порахам. Аднак незалежным журналістам не прывыкаць, мы і так, як тая штрафная рота, штодня на перадавой. А яшчэ 9 траўня сёлета выпадае на панядзелак, таму нас чакаюць тры выхадныя запар. 🙂

    Чэрвень

    У чэрвені нябесныя свяцілы прагназуюць пачатак лета. У сувязі з чым журналісткі нарэшце змогуць скінуць з сябе лішнюю вопратку, а журналісты — абавязкі. Гэтымі ж днямі пачынаецца летні расслабон і, верагодна, парламенцкая выбарчая кампанія.

    Не выключана, што ў чэрвені надзвычайную папулярнасць сярод журналістаў набудуць не рэпартажы, а сэлфі з месцаў адпачынку — не забудзьцеся перазарадзіць свой гаджэт і запасціся плаўкамі ды купальнікам. Клапаціцца пра фігуру ў гэтым месяцы ўжо позна. 🙂

    Ліпень

    У ліпені зоркі раяць журналістам не заходзіць у лясны гушчар за папараць-кветкай, не заплываць за буйкі і не пераходзіць межы Кодэкса журналісцкай этыкі. У гэтым месяцы пад звон новых манет журналісты распачнуць другую палову года. Зоркі ж тым часам раяць засцерагацца падробак і прагназуюць сумнае развітанне беларускага грамадства са статусам мільянераў. 🙂

    Жнівень

    У жніўні зоркі па традыцыі перасцерагаюць журналістаў ад паглыблення ў тэму фантана ў Дзень дэсантніка. А праз тыдзень-другі пад звон спелых жытнёвых каласоў прадстаўнікі дэмакратычнай журналісцкай супольнасці змогуць глынуць крыху «нулёвачкі» на БАЖынках. Важна таксама не забыцца павіншаваць з днём нараджэння Жанну Літвіну і Аляксандра Лукашэнку. Галоўнае — не пераблытаць! 🙂

    Верасень

    У верасні беларускіх журналістаў ізноў чакаюць бяссоныя ночы ў штабах апазіцыйных кандыдатаў. Аднак астролагі адназначна сцвярджаюць: выбары ізноў «скончацца а 20 гадзіне». 🙂 Магчыма, гэта будзе апошняя выбарчая кампанія для Лідзіі Ярмошынай на пасадзе кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі. Гэты факт можа справакаваць імклівае завяршэнне эпохі элегантных перамог, аднак яшчэ не ў 2016 годзе. Таму зоркі раяць журналістам загадзя падрыхтаваць свае пытаннечкі для Лідзіі Міхайлаўны. 🙂

    Кастрычнік

    У кастрычніку тыя, хто не зрабіў гэта ў верасні, змогуць ізноў падзяліцца ў сацыяльных сетках фотаздымкамі пра свой летні адпачынак. Астралагічны фон спрыяльны для збору і сушкі грыбоў. У кастрычніку таксама варта не забыць павіншаваць сваіх матуль і настаўнікаў з адпаведнымі святамі. 🙂

    Лістапад

    У лістападзе прадстаўнікі ўсіх грамадска-палітычных выданняў змогуць прыняць удзел у Дзядах, заяўка на якія у 2016‑м будзе пададзена ўжо на 10 тысяч чалавек. 🙂 У астатніх журналістаў прагназуецца наведванне кінафестывалю «Лістапад». Дарэчы, сёлета 7 лістапада таксама выпадае на панядзелак. 🙂

    Снежань

    У снежні беларускім журналістам прыйдзецца традыцыйна запасціся цёплай вопраткай, бо 10-га мусім адстаяць за правы чалавека. Затым трэба будзе прыдбаць калядную елку і стаць у чаргу за гарошкам ды кілбасой. І самае галоўнае ў снежні — не забыцца даведацца пра журналісцкі гараскоп на 2017 год.

    Толькі дай нам, Божа, сілы выстаяць у 2016‑м і пражыць яго годна, не губляючы надзей і сяброў, з радасцю і любоўю! 🙂

    Фота ostrnum.com

    Уявіце, што Facebook і ВКонтакте не існуюць…

    Любоў Каспяровіч. Кекс з рэдактарам

    Адар’я Гуштын і Ягор Марціновіч: «Адначасова пішам хвалебныя оды і зневажаем людзей»

    Сяргей Гудзілін: У 2016‑м будзем паболей здзіўляць адзін аднаго!

    Вадзім Заміроўскі: На World Press Photo можа перамагчы добра зробленая human story

    Увесь нумар часопіса «Абажур» у фармаце PDF

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці