• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Адначасова пішам хвалебныя оды і зневажаем людзей»

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч — маладая журналісцкая сям'я, якая ў свой час ускалыхнула ўтульненькі журналісцкі свет біяграфічнымі матэрыяламі пра высокіх чыноўнікаў. Мы завіталі да пары ў госці, каб распытаць пра тое, як робяцца такія матэрыялы, а таксама пра «сабачу работу» і беларускамоўны таблоід.

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Гісторыя кахання

    Пазнаёміліся Ягор і Адар’я на журфаку: вучыліся будучыя муж і жонка ў адной групе. А вось першыя ўражанні адзін ад аднога былі, мякка кажучы, «не вельмі». Ягор доўгі час думаў, што Адар’я з «блатных»: ці то дачка якога старшыні калгаса, ці то старшыні гарвыканкаму. Бо на спісах залічаных Гуштын была дапісаная ў канцы ад рукі. Але потым высветлілася, што быў проста банкаўскі збой: грошы за адукацыю заплацілі, але яны не адразу дайшлі.

    Адарка таксама мела не самыя станоўчыя ўражанні ад свайго будучага мужа. У адзін з першых вераснёўскіх дзён, атрымаўшы падручнікі, Ягор цягнуў з бібліятэкі стос з 25 кніжак. Дзяўчына падумала: «Божа, які ботан. А раптам астатнім не хопіць? Кулак нейкі». Ідучы паасобку на адзін і той жа прыпынак, хлопец у думках не надта прыязна адгукаўся: «Толькі б яна не на мой аўтобус села, гэта ж жах, прыйдзецца пра нешта размаўляць».

    Калі павучыўліся троху і пазнаёміліся бліжэй, стаўленне адно да аднаго змянілася. На першым жа курсе пачаў фармавацца так званы нацыяналістычны гурток — так рэпер Вінсент абазваў у інтерв’ю беларускамоўную супольнасць журфаку. Там і завязалася сяброўства, якое пасля перарасло ў каханне.

    — Калі Ягор прапанаваў стасункі, я падумала, што гэта нешта несур’ёзнае, — узгадвае Адарка.

    — Ну нарэшце ты мне ўсю праўду раскажаш! — смяецца Ягор.

    — Я ж казала табе мільён разоў! Ну вось, будуць стасункі нейкі месяц, потым мы расстанемся, невядома, як гэта будзе, а ў нас агульная кампанія, агульная прафесія. Гэта заўсёды так складана, калі ў кампаніі нехта разыходзіцца, потым усёй кампаніі няёмка. Таму я доўга вагалася … Цэлы месяц, — пасміхаецца яна.

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    На чацвертым курсе ажаніліся. Фактычна таемна, без тамады і «Горько!». Паехалі да Адаркініх бацькоў, распісаліся ў загсе. Рэгістратарка яшчэ доўга шукала вальс Мендэльсона, перамотваючы касету на старым магнітафоне. А маладыя ў гэты час прасілі ў думках: «Толькі б яна яго не знайшла». Не знайшла.

    Сужэнцы не насілі пярсцёнкаў, і да апошняга дня ва ўніверсітэце ніхто не ведаў пра вяселле. А калі Ягор прыйшоў на размеркаванне з заявай на вольны дыплом, аргументуючы тым, што ў ягонай жонкі менская прапіска, ва ўсёй камісіі акругліліся вочы: «Егор вы женаты? Уже год? И мы про это не знали? Почему вы не сообщили нам?»

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    «На деревню к дедушке»

    Сямейная пара вядома сярод журналісцкай тусоўкі перш за ўсё сваім шэрагам біяграфічных матэрыялаў пра беларускіх чыноўнікаў, які самі яны называюць «на деревню к дедушке».

    Сама серыя артыкулаў пачалася са звароту чытача ў «Нашу Ніву». Чытач сцвярджаў, што Уладзімір Макей — ягоны зямляк з вёскі Некрашэвічы. Ягор паехаў на радзіму міністра, захапіўшы Адарку проста за кампанію. Пазней аказалася, што ўдвух працаваць прасцей. Да таго ж Адарка мае падыход да вясковых людзей. А Ягор, які вырас у сталіцы, займаецца часцей пошукам і зборам інфармацыі. У вандроўку адпраўляюцца разам, тэкст у выніку піша хтосьці адзін. Праўда, аднойчы ўдваіх пісалі артыкул. Які канкрэтна — не прызнаюцца, але кажуць, што ён быў найгоршы з усіх.

    Журналісты едуць звычайна на радзіму чыноўнікаў, да блізкіх сваякоў. Часам сваякоў складана знайсці. Так было з сям’ёй Лідзіі Ярмошынай. Ягор з Адаркай знайшлі сям’ю Ярмошыных у Бабруйску ды прыехалі да іх, а тыя ім з парога: «Идите, никакой Лиды мы не знаем». Проста аказаліся іншыя Ярмошыны. Справа ў тым, што дзявочае прозвішча ў Лідзіі Міхайлаўны — Гаркавенка.

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Урэшце журналісты знайшлі патрэбны адрас маці, прыязджаюць, звоняць у дамафон. А ў адказ да болю пазнавальны голас: «Алё». Адарка нават разгубілася. Праз невялічкую паўзу сабралася і кажа:

    — Добрый дзень. Ці можна Лізавету Канстанцінаўну?

    — А кто это?

    — Журналісты.

    — А вы с ней договаривались?

    — Не, але ведаеце… Мы прыехалі здалёк…

    — Нет, она с вами разговаривать не будет.

    Губляць няма чаго і Адар’я бярэ сябе ў рукі і наўпрост пытае:

    — Лідзія Міхайлаўна, можа, вы адкажаце на нашыя пытанні?

    — Ну… Вы же понимаете… Так же не делается.. А вы вообще из какого издания?

    — «Наша Ніва».

    — Это которая оппозиционная?

    — Гэта каторая незалежная.

    — С вами я разговаривать не буду!

    І кінула трубку. «Так мяне ўпершыню паслалі па дамафоне», — смяецца Адарка.

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Адрасы і нумары герояў шукаюць паўсюль: па базах, сацсетках, а ў самой вёсцы і так усе пра ўсіх усё ведаюць. Іншая справа — могуць не расказаць.

    Аднойчы журналісты рабілі матэрыял пра Пракаповіча і паехалі да ягонага брата ў Тамашоўку, што пад Брэстам. Вёска гэтая славіцца тым, што мае надзвычай развітую інфраструктуру: школа з зімнім садам, аранжарэяй і басейнам, Дом культуры, дзе ледзь не кожныя выходныя выступаюць артысты, будуецца спартыўны комплекс. Знайшлі Адар’я з Ягорам патрэбны дом, звоняць. Адчыняе жанчына і кажа, што гаспадар на канцэрт пайшоў. «Можа, вы тады з намі паразмаўляеце?» — «Не, что вы, я домработница!». Вырашылі чакаць. Ужо і канцэрт скончыўся, з клуба разыходзяцца людзі, а ў патрэбны дом ніхто не ідзе. Раптам запальваецца святло ўнутры. «Відаць, прайшлі праз чорны ўваход», — здагадаліся журналісты і пайшлі зноўку грукацца. Выходзяць два маладых хлопцы: «Он не будет с вами разговаривать!» Так вярнуліся ў Менск ні з чым.

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Па прыездзе датэлефанаваліся да Пракаповіча з Тамашоўкі, але і па тэлефоне размаўляць той Пракаповіч не захацеў і сказаў, каб адчапіліся і тэлефанавалі іншаму брату. Адарка адразу ж набрала нумар трэцяга брата, які расказаў усё, што хацелі. А падчас размовы ў таго безупынна званіў мабільны. «Відаць, незгаворлівы брат яму набіраў. Добра, што я тады адразу патэлефанавала», — кажа Адарка.

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Напярэдадні мінулага Новага году пасля прызначэння цэлага шэрагу высокіх чыноўнікаў адправіліся журналісты па мясцінах новаспечанага старшыні Нацбанку. Зіма, мароз, Палессе. Сястра Калаура нават не пускае ў хату: «Мне Павлик сказал ничего не говорить журналистам». У Адаркі адчай, бо да таго ж і змерзлі яны моцна. Кажа: «Пусціце хоць пагрэцца». — «Погреться заходите, но ничего не скажу». Прайшло 15 хвілін, і кабета ўжо злівала душу пра ўсё на свеце.

    Агулам Адарка з Ягорам здзіўляюцца, чаму чыноўнікі супраць такіх матэрыялаў. Бо, як правіла, яны атрымліваюцца надзвычай пазітыўнымі. Журналісты едуць да сваякоў, да самых блізкіх людзей, ну што тыя могуць сказаць кепскага?! Адзінае месца, дзе ганьбілі, — гэта радзіма былой старшыні Нацбанка Ермаковай.

    Аднойчы журналістам тэлефанавала сваячніца Мясніковіча і абуралася, што пахвалілася пра басейн у ягоным катэджы ў Драздах, а Ягор з Адаркай пра гэта напісалі. Хаця перадавалі, што самому Мясніковічу матэрыял спадабаўся. І Калауру казалі таксама спадабаўся.

    Кожнаму журналісту патрэбна нейкая аддача ад чытачоў. Так мяркуе сямейная пара, таму яны абавязкова чытаюць каментары пад артыкуламі. Удвая цікавей пачуць рэакцыю на свой матэрыял ужывую. Аднойчы Адарка, ехаўшы цягніком з Гародні, пачула, як суседзі па купе без аргументаў лаялі Сямёна Шапіру. Не вытрымаўшы нясправядлівасці, Адарка з верхняй паліцы абурылася, на што адзін з мужчынаў адказаў: «Ты там ляжы! Я тут вось прачытаў у газеце такое!». І пачаў пераказваць ейны з Ягорам матэрыял пра былога старшыню Гарадзенскага аблвыканкама. «Дык я пісала гэты артыкул!» — паспрабавала ўдакладніць Адарка. — «Не выдумывай мне тут! Писала она!». Пераканаць мужчын не ўдалося.

    — Многія чытаюць толькі тое, што яны хочуць прачытаць. Таму нас то вінавацяць у тым, што мы прыслужнікі рэжыму і пішам хвалебныя оды. То пішуць, што мы зневажаем такіх класных людзей, — кажа Адар’я.

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Светлыя ідэалы журналістыкі

    Бацька Ягора — пісьменнік і журналіст Алесь Марціновіч — выдаў з дзясятак кніжак. Брат — Дзяніс Марціновіч — таксама журналіст і гісторык. Таму якую прафесію абраць, было для Ягора зразумелым. Зрэшты бацька часам дагэтуль жартуе: «Так добра ведаў матэматыку, такі шанец упусцілі».

    Калі Адарчыны бацькі даведаліся пра сям’ю зяця, былі зачараваныя: маўляў, багема. Адарчын тата — інжынер і шмат чытае, і яна з дзяцінства была знаёмая з газетамі «Народная воля», «Свободные новости», БДГ, выразала ўлюбёныя артыкулы. А бабуля хацела, каб унучка была настаўніцай, аргументуючы, што, калі будзе вайна, то нават тады будзе праца. Пасталеўшы, Адарка ёй адказвала: «Дык калі будзе вайна і ў журналіста будзе праца!» — «Сабача работа, сабача работа», — паўтарала бабуля.

    Муж з жонкай працуюць у розных сферах, «на деревню к дедушке» — гэта адзінае, што іх аб’ядноўвае ў прафесійным плане. У Адар’і — прававыя, сацыяльныя тэмы, у Ягора — эканамічныя, каляпалітычныя. І, даведаўшыся пра нейкі эксклюзіў, «накапаны» іншым, не пойдуць «зліваць» яго ў сваю рэдакцыю. Канкурэнцыі адно ў адным таксама не адчуваюць. «Хутчэй, спарынг-партнер», — жартуе Адар’я. Агулам з асобнымі журналістамі яны не канкуруюць. «Фактычна ўсе незалежныя журналісты ў адным чоўне, і мы ўсе ў адзін бок грабем, а там на месцы ўжо потым разбяромся», — усміхаецца Ягор.

    Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч для Абажура №6 (114)

    Пры ўсіх агульных інтарэсах і каштоўнасцях у сям’і розныя погляды на журналістыку. Пасля некалькіх гадоў працы ў «Нашай Ніве» Ягору ўсё ж не стае сапраўднага беларускага таблоіда. І, зразумела, па-беларуску. Адарцы на гэтых словах Ягора ўзгадваецца журналісцкі майстар-клас Аляксандра Старыкевіча ў Гародні. Тады яна нават яшчэ не вучылася на журфаку і прыйшла паслухаць будучага калегу. Галоўны рэдактар «Салідарнасці» расказваў пра тое, што марыць выдаваць Play­boy па-беларуску. І беднае дзяўчо разгублена думала: «Жах які! Куды ж я прыйшла? Дзе светлыя ідэалы журналістыкі?!»

    Ягор — галоўны ў сям’і па лічбах, Адарка — эксперт па камунікацыях. Так не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці. Вандруючы, Ягор браніруе, набывае квіткі, Адарка на месцы вядзе перамовы з мясцовымі. Увогуле сям’я любіць вандраваць і лічыць, што журналіст, які не вандруе — непрафпрыдатны. Непрафпрыдатны і той, хто не ведае англійскай.

    Час ад часу ледзь не ў кожнага журналіста ўзнікае думка змяніць прафесію. У Адаркі такія развагі абарваліся прамовай Ліліі Ананіч пра тое, што яна навучыць журналістаў працаваць. «Я хачу падзякаваць міністру, таму што такога імпэту застацца ў прафесіі ў мяне не было даўно», — смяецца Адарка.

    Усе фота Юліі Сакалоўскай

    Увесь нумар часопіса «Абажур» у фармаце PDF

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці