Палітычная журналістыка: правілы гульні (да 19 студзеня)
Навучальны курс 23.01–19.03.2016 года. Мінск-Вільня.
Нават у краіне, дзе “палітык толькі адзін”, насамрэч усё прасякнута палітыкай. Самыя вострыя праблемы Беларусі ва ўсіх сферах — ад эканомікі да адукацыі — так ці іначай упіраюцца ў спецыфіку палітычнай сістэмы.
Палітычныя працэсы часта ідуць у нас у прыхаванай форме, але яны ідуць. Лёс Беларусі як адносна невялікай краіны таксама вельмі залежыць ад пазіцыянавання між глабальнымі цэнтрамі сілы.
Пра палітыку ў нашых умовах пісаць цяжка і праз дэфармаванасць палітычнага поля, і праз ціск на незалежныя СМІ, і праз цяжкасці доступу да інфармацыі, і праз неразвітасць традыцыі, школы айчыннай палітычнай журналістыкі. Але гэта вельмі запатрабаванае амплуа, валоданне якім адразу падвышае вашу каштоўнасць на прафесійным рынку працы.
Шанец стаць майстрам гэтай тэматыкі вам дае навучальны курс “Палітычная журналістыка: правілы гульні”.
Курс цалкам практыка-арыентаваны, будуецца паводле прынцыпу лекцый знаных журналістаў, палітолагаў, сацыёлагаў, а таксама практычных заняткаў пад іх кіраўніцтвам і адпрацоўкі атрыманых навыкаў.
Таксама ў вас будзе магчымасць прапанаваць увазе трэнераў свае працы, каб атрымаць ацэнку ды парады.
Вы даведаецеся пра тое, як:
— арыентавацца ў спецыфіцы палітычнага і медыйнага ландшафту Беларусі;
— абыходзіць падводныя камяні ва ўзаемадачыненнях між журналістамі ды палітыкамі;
— асвятляць выбары, разумець гульні улад, палітыкаў і паліттэхнолагаў з электаратам ды прэсай;
— выкарыстоўваць розныя інфармацыйныя і аналітычныя жанры ў палітычнай тэматыцы;
— тэхналагічна будаваць матэрыял, працаваць з экспертамі, сацыялагічнымі звесткамі;
— выкарыстоўваць для пошуку тэм і прамоцыі матэрыялаў сацыяльныя сеткі;
— пазбягаць маніпуляцый, уцягвання ў інфармацыйныя войны ды інш.
Да ўдзелу запрашаюцца: журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі альбо выпуснікі школ маладога журналіста з Мінска і рэгіёнаў.
Лепшыя з навучэнцаў па выніках курса атрымаюць магчымасць удзелу ў семінары за мяжой у сакавіку 2016 года.
Галоўны трэнер курса: Аляксандр Класкоўскі.
Апісанне курса:
Курс «Палітычная журналістыка: правілы гульні» распачнецца 23 студзеня 2016 года і завершыцца 19 сакавіка 2016 года.
Складаецца з васьмі заняткаў, якія правядуць беларускія прафесіяналы, і майстар-класу замежных трэнераў.
Заняткі будуць праводзіцца раз на тыдзень па суботах з 15:00 да 18:00.
Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад сябраў ГА «БАЖ» па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай «Political journalism») да 19 студзеня 2016 года.
Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:
1. Кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў).
2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.
Колькасць удзельнікаў абмежаваная.