«Калі журналіст будзе рабіць два вялікіх якасных матэрыялы на месяц, яму на хлеб не хопіць». Гутарка з рэжысёркай Ксеніяй Галубовіч
Напрыканцы вясны ў Львове праходзіў медыяфорум, дзе былі журналісты з дзясяткаў краін свету. Размовы беларускіх медыйшчыкаў у перапынках між асноўнымі секцыямі форуму нагадвалі асобную імпрэзу: нашы калегі ўздымалі і тэму ананімнасці ў журналістыцы, і акалічнасці працы ў выгнанні, і этычныя пытанні. У працяг гэтых дыскусій БАЖ пагаварыла з журналісткай, фатографкай і рэжысёркай Ксеніяй Галубовіч пра яе асабістае бачанне беларускай медыяпрасторы.
«У нас збіўся прыцэл, што прапаганда — гэта не толькі «іх прапаганда»
Ксенія шмат працуе з замежнымі медыя, у 2021 годзе атрымала нямецка-французскую прэмію ў катэгорыі мультымедыя за журналісцкі праект. Яна кажа, што раніцу пачынае з міжнародных выданняў New York Times і The Guardian, а па абедзе пераглядае беларускія навіны. Адпаведнае пытанне, як айчынныя медыя выглядаюць на гэтым фоне?
— Цяпер такі час, што для нашых выданняў цяжка вытрымліваць нейтральнасць, бо мы ў сітуацыі вайны і рэпрэсій. Але, напрыклад, сустракаюцца такія загалоўкі, якія нават цяпер выглядаюць занадта па-прапагандысцку. Мы прызвычаіліся, што прапаганда можа быць толькі дыктатарскай, праўладнай, прарасійскай, але ж прапаганда можа быць агульнай. Можна прапагандаваць здаровы лад жыцця, а можна паход у McDonald’s.
У нас збіўся прыцэл, што прапаганда — гэта не толькі «іх прапаганда», часам не заўважаем нейкія перагібы ў сваіх медыя. У некаторых аж занадта жоўтыя загалоўкі. Мне б не хацелася пераходзіць на асобныя прыклады, але ў агульным ёсць гэтыя моманты. Напрыклад, загалоўкі ў стылі «хочаш даведацца — націсні». Гэта несур’ёзна, асабліва для тых, хто робіць акцэнт на навіны. Бывае, трапляюцца выразы, якія б маглі быць добрымі для забаў, але дзіўна іх бачыць у СМІ, што пішуць пра бягучыя падзеі. Тады ўсё астатняе, сапраўды важнае, не выглядае як тое, чаму хочацца давяраць.
У медыя важна вытрымліваць градус сур’ёзнасці. Калі пераводзіць усё ў бясконцыя жарты, то чытачы перастаюць давяраць інфармацыі.
Можна нарабіць шмат праглядаў смешным, забаўляльным кантэнтам, але ж галоўнае — данесці інфармацыю да людзей.
Канешне, цяпер у беларускіх медыя вельмі не хапае вялікіх расследаванняў і лонгрыдаў. І калі яны здараюцца — добрыя, класныя, то кожны раз разумееш, што гэта своеасаблівы журналісцкі подзвіг. Я ведаю, якія ганарары ў замежных выданнях, на замежных тэлеканалах. І яны ні ў якое параўнанне не могуць ісці з тым, што атрымліваюць нашы журналісты.
Таму, калі ты маеш час і добры ганарар, ёсць умовы рабіць працу столькі, колькі табе патрэбна, ты можаш зрабіць і больш якасна. Зразумела, што многія рэчы, якіх бракуе нашым выданням, не ад таго, што карэспандэнты непрафесійна працуюць, а праз тое, што няма магчымасці: калі журналіст будзе рабіць два якасных матэрыялы на месяц, то яму проста на хлеб не хопіць, не тое, што заплаціць за кватэру і жыць нармальна.
Тэндэнцыя да кароткіх жанраў ёсць і ў замежных СМІ. Але не настолькі, наколькі гэта адбылося ў нас.
«Калі ты ананімны, ты ўсё ж нясеш менш адказнасці»
— Беларускія журналісты ў цяжкай сітуацыі: перажываюць і за сваю бяспеку, і за сваіх блізкіх. Я разумею, калі матэрыял на вельмі рызыкоўную тэму, то чалавек часам проста вымушаны не падпісаць яго. Але мяркую, што ў такіх выпадках трэба мець хаця б псеўданім. Бо калі я прачытаю дзесяць матэрыялаў у медыя, і яны мне будуць не падабацца, я хаця б зразумею, што гэта адзін і той жа аўтар напісаў, альбо наадварот. У аўтара, які мне падабаецца, выйшаў новы матэрыял, то я яго абавязкова запомню і прачытаю.
Я перакананая, што журналістыка не павінна быць ананімнай.
У нас ёсць медыя, дзе збольшага мы ведаем і журналістаў, і галоўных рэдактараў, у мяне заўсёды большы давер да такіх выданняў. Мне можа нехта не падабацца, мы можам пры сустрэчы паспрачацца, але ж гэта нармальна, гэта працоўны працэс. Але калі я бачу медыя, дзе абсалютна невядома, ні адкуль фінансаванне, ні хто там працуе, ні хто там галоўны рэдактар… Я такому рэсурсу не магу давяраць. Паступова такія рэсурсы акурат і скатваюцца ў нейкія больш жоўтыя фарматы.
Калі ты ананімны, ты ўсё ж нясеш менш адказнасці, і таксама, мне падаецца, гэта аўтаматычна з цягам часу паніжае ўзровень. Ты не падпісваешся — значыць здымаеш з сябе частку адказнасці за напісанае.
Напрыклад, нядаўна ў маёй знаёмай быў непрыемны выпадак: чалавек чамусьці вырашыў, што яна зрабіла пра яго нейкі крытычны матэрыял. Мая калега не рыхтавала гэты матэрыял, і хто яго напісаў даведацца не атрымалася. У рэдакцыі таксама ёй не адказалі. І гэта зноў жа праблема ананімнасці. Ну як можа быць ананімная журналістыка?
Нават апошні прыклад з новым рэсурсам «План Б», які запусціла Вольга Лойка. Пакуль цяжка сказаць нешта канкрэтнае пра якасць: вельмі мала матэрыялаў, толькі пачынаюць працаваць. Але мне падабаліся яе матэрыялы на TUT.by, яна прафесіянал. Таму, калі ўбачыла, што яна запусціла cвой прект, я ўзрадавалася, у мяне больш даверу да яе справы.
— Да гэтага медыя паўстала шмат пытанняў у тым ліку і пра мову…
— Я лічу, што цяпер усе павінны хоць пакрысе, але пераходзіць на беларускую мову. Усе апраўданні, што «мы робім кантэнт, каб і рускія, і ўкраінцы маглі яго чытаць», для мяне гучаць смешна. І як нехта думае, што матэрыялы беларускіх СМІ на рускай мове недзе пераканаюць нейкіх расіян, то, па-мойму, гэта ўтопія.
Адзін раз ад пачатку поўнамаштабнай вайны я таксама зрабіла матэрыял і мне падалося, што важна, каб яго прачыталі акурат у Расіі, таму аддала яго «Медузе». Больш так не рабіла. Проста вельмі хутка прыйшло разуменне, што гэта нічога не змяняе.
Я не кажу, што ўсё павінна ў адзін дзень перайсці на беларускую мову. Гэта праўда, што шмат беларусаў размаўляюць па-руску, але ж абсалютнае большасць можа прачытаць тэкст на беларускай мове. Тое ж «Зеркало» пачало з цягам часу пасля вялікай колькасці крытыкі рабіць нейкія тэксты ў перакладзе, можна націснуць кнопку «прачытаць гэты тэкст па-беларуску».
Але пытанне, чаму не наадварот? Можна аўтаматычна выдаць гэты тэкст па-беларуску і дадаць кнопку «прачытаць па-руску». Звычайны чытач, як адкрыў, так і будзе чытаць, не будзе шукаць тую кнопку. Таму гэта хутчэй самападман.
Важна, каб хаця б асноўныя, найбольш важныя тэксты былі пададзеныя па-беларуску. Бо чаму мы так шмат гаворым пра ўсю гэтую імперскую спадчыну, СССР, але працягваем працаваць у гэтым напрамку.
Калі я размаўляю з замежнымі калегамі, мне няма чаго ім паказаць пра сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, бо я не бачу магчымасці, каб можна было прачытаць нейкія тэксты па-англійску. Так, існавалі маленькія праекты з англійскай мовай пра пратэсты яшчэ ў 2020 годзе, але ж я маю на ўвазе акурат медыя. Калі мы хочам развіваць кантакты менавіта з замежнымі калегамі, працаваць на інтэграцыю з замежнай аўдыторыяй, то варта ўключаць патроху англійскую мову ў нашыя сайты.
Расійская прапаганда распаўсюджваецца і ў Еўропе: у Францыі, у Германіі ёсць рэсурсы, што выдаюць вельмі прарасійскія матэрыялы. Калі мы хочам неяк уплываць на тую аўдыторыю па тэме Беларусі, то варта рабіць тэксты і па-англійску.
У мяне ёсць выбарка любімых фотажурналістаў, сачу за іх працай, фотаздымкамі. У фатографаў, у тым ліку і беларускіх, даўно ёсць практыка ў сваіх Інстаграмах ды на іншых платформах падпісваць усё па-англійску. Бо фатографы даўно разумеюць: іначай цябе не заўважаць ніякія агенцыі, замежныя выданні. Гэта тычыцца і тэкстаў у СМІ, мяркую, да гэтага трэба ісці.
— 2020 год быў у пэўным сэнсе пераломны для незалежных медыя. Але прайшоў час, многія рэдакцыі ўладкаваліся ў замежжы. Якая, на тваю думку, цяпер дынаміка: да ўзняцця планкі якасці ці наадварот?
— Наадварот. Уздымаецца планка ў маленькіх праектаў. У людзей шмат імпэту рабіць нешта новае. З’яўляюцца лакальныя медыяпраекты, што існуюць, напрыклад, толькі ў Інстаграме ці Тэлеграме альбо Ютуб-каналы. Гэта вельмі крэатыўна і добра. Я, напрыклад, не магу так зрабіць сторыз у Інстаграме. А моладзь зараз робіць прасунутыя цікавыя рэчы, якія прыемна глядзець. Іх аўдыторыя таксама маладая, гэта крута.
Але для шырокай масы вельмі не хапае вялікіх, якасных аналітычных медыя. Умоўна такога маштабу як быў той жа TUT.by — медыя з мноствам раздзелаў: культура, аналітыка, меркаванні, навіны і г. д., дзе працуе вялікі штат, вялікая рэдакцыя, ёсць пастаянны фотарэдактар, а не проста журналіст падбірае фоткі.
Вельмі бракуе, я лічу, друкаванай прэсы. Я была ў Нямеччыне на сустрэчы, прысвечанай будучыні якаснай журналістыкі ў Еўропе. Шмат размаўлялі з замежнымі калегамі, і больш за ўсё іх здзівіла, калі я сказала, што ў нас у Беларусі больш няма наогул папяровай прэсы, калі не лічыць дзяржаўную прапаганду. У іх былі вельмі сумныя твары, не маглі паверыць, што так бывае. Гэта насамрэч запатрабаваны фармат, людзі на Захадзе шмат чытаюць папяровай прэсы. Я б сказала, што пачынае расці інтарэс да газет, часопісаў.
Мяркую, гэта была памылковая стратэгія ў постсавецкіх краінах, калі пайшоў асноўны ўпор на інтэрнэт, дыджытал. Мы ў гэтым вельмі адрозніваемся ад Еўропы, бо там папяровая прэса і выпускаецца, і чытаецца.
Папяровае выданне само па сабе выклікае давер у чытачоў. Чаму вераць нейкай прапагандзе? Бо «па тэлевізары так сказалі» ці «таму што ў газеце прачытаў». Газета — гэта такі знак якасці для многіх людзей, так машынальна спрацоўвае логіка. Мне б вельмі хацелася, каб у нас з’явілася нешта папяровае.
Чаму б у той жа Варшаве, дзе вялікая дыяспара беларуская, раз на тыдзень ці хаця б раз на два тыдні не прадаваць гэтае выданне, там жа дзе астатнія мясцовыя газеты? Напрыклад, калі прылятаеш у той жа Парыж, ды ўвогуле ў любым еўрапейскім горадзе ты знойдзеш часопісы і газеты на англійскай мове, бо ўсе разумеюць, што тут не толькі мясцовыя жыхары, але і турысты, і ўвогуле розныя людзі. Для мяне ніколі не было праблемай набыць сабе часопіс у самалёт нават у зусім не англамоўных краінах. Чаму ў Польшчы не магла б прадавацца беларуская газета?
«Новая хваля маладых журналістаў ужо не будзе пісаць толькі для беларускіх медыя»
— Ці сочыш ты за дзяржаўнай прапагандай цяпер?
— Насамрэч сачыць за гэтым патрэбна, наколькі сіл хапае. Проста таму што, калі ты глядзіш прапаганду, то разумееш вектар руху. Якая б яна ні была крынжовая, заўсёды можна адчуць, які тон задаюць каментатары, нават самыя адыёзныя. Мы ж разумеем, што проста так ад сябе яны нічога не кажуць. Нават былыя палітвязні зазначалі, што калі яны знаходзіліся ў турме, дзе было толькі дзяржаўнае тэлебачанне, то рабілі высновы, што на самой справе адбываецца.
— Якія ты бачыш перспектывы беларускай журналістыкі ў бліжэйшай будучыні?
— Па-першае, я разумею, што новая хваля маладых журналістаў ужо не будзе пісаць толькі для беларускіх медыя. Яны будуць працаваць і для замежных медыя. Раней людзі, што выязджалі ў Еўропу, пачыналі працаваць з замежнымі СМІ. Яны, вядома, зрабілі шмат, каб беларускі кантэкст не губляўся.
Перспектывы беларускіх журналістаў у Еўропе і свеце такія ж, як і ў любых іншых. У многіх беларусаў ёсць, на жаль, «сіндром самазванца». Але калі ты прафесіянал, няма перашкодаў і межаў для супрацы. Адзінае, нам важна навучыцца правільна пітчыць свае артыкулы, фотапраекты, відэа.
Трэба зразумець, як працуе сістэма пітчынгу, ведаць, праз якую форму ты будзеш даносіць свае ідэі. Калі тэма ўдалая, то варта звяртацца і прапаноўваць. Калі робіш нешта класнае — ты патрэбны.
Таксама не варта баяцца адмоў, бо з кожнай адмовай будзеш лепш разумець, як свае праекты правільна падаваць. Памятайце, калі англійская мова, напрыклад, недастатковая, а тэма крутая, яе забяруць і перакладуць. Галоўнае, не баяцца і кантактаваць з людзьмі, рэдакцыямі, рэдактарамі.
Але я спадзяюся, што мы ўсё ж дажывем да таго моманту, калі нашы медыя вернуцца ў Беларусь і змогуць там нармальна развівацца.
Чытайце яшчэ:
«Если бы удалось поговорить с кем-то из окружения Лукашенко, это был бы крутой вызов». Почему важно оставаться в контакте с властью
Эксклюзівы і інсайды пра Гомель і вобласць: як пратэсны праект урбаністаў ператварыўся ў паспяховае рэгіянальнае выданне
Ирина Халип: «У нас получилась огромная редакция, распростертая по всей Европе и даже Азии»