Эксклюзівы і інсайды пра Гомель і вобласць: як пратэсны праект урбаністаў ператварыўся ў паспяховае рэгіянальнае выданне
Гэтае рэгіянальнае медыя стваралася як рэакцыя на ідэю ўсталяваць у цэнтры горада 70-метровы сімвал аўтарытарызму. Неўзабаве выданне стала моцнай крыніцай незалежнай інфармацыі, на якую рэгулярна спасылаюцца буйныя СМІ. Аўтар БАЖ паразмаўляў з камандай гомельскага сайта «Флагшток» пра эксклюзівы, страх чыноўнікаў і правакацыі мясцовага фэйкамёта.
Каб супрацьстаяць горадабудаўнічаму злачынству
Праекту, над якім працуе невялічкая каманда, усяго тры гады. Нягледзячы на пераслед з боку рэжыму і цяперашнюю працу ў эміграцыі, аўдыторыя сайта расце, хоць у сацсетках назіраецца адток з прычыны «экстрэмісцкіх» статусаў рэсурсу.
Колькасць праглядаў найбольш рэзанансных артыкулаў перавышае 30–40 тысяч. А на Telegram-канал падпісаны амаль 9 тысяч чалавек. Пры гэтым многія чытаюць пасты без падпіскі.
А пачалося ўсё з ідэалогіі. У 2019 годзе з’явілася інфармацыя, што на плошчы Леніна ў Гомелі хочуць пабудаваць 70-мятровы флагшток, які гараджане адразу ж іранічна назвалі шампуром.
— Была створаная петыцыя супраць усталявання, якую падпісалі многія жыхары Гомеля, — узгадваюць журналісты «Флагштока». — А мы, каб супрацьстаяць горадабудаўнічаму злачынству, стварылі адпаведны сайт. Пасля завялі акаўнты ў сацсетках.
Рэзананс і рэакцыя грамадства вымусілі чыноўнікаў рэагаваць. Відавочна, што гарадскія ўлады нерваваліся. Інфармацыя пра чарговы тэндар адразу ж з’яўлялася на «Флагштоку», і заяўку даводзілася адмяняць, бо яе ўмовы не адпавядалі закандаўству.
Кожны крок уладаў у гэтым напрамку пільна адсочваўся і агалошваўся. Дагэтуль на сайце ёсць адпаведны раздзел, у якім закумуляваныя ўсе публікацыі, прысвечаныя гарадской недарэчнасці.
«У чыноўніцкім асяродку сітуацыя цяпер няпростая»
«Флагшток» з’явіўся як урбаністычны праект, і як кажуць яго заснавальнікі, спачатку амбіцыі былі досыць сціплыя, аднак цяпер гэта паўнавартаснае медыя з добрай рэпутацыяй.
— З развіццём грамадска-палітычнага крызісу ў 2020 годзе мы былі ўключаныя ў іншыя тэмы, — кажуць журналісты. — Паступова пачалі асвятляць тое, што мае важнае значэнне для грамадства — сацыяльныя, эканамічныя, палітычныя пытанні.
Рэдакцыя сфакусавалася на рэгіянальных тэмах, добра арыентуецца ў лакальнай інфармацыі і мае дасведчаныя крыніцы.
Эксклюзівы і інсайды пра Гомель і вобласць звычайна з’яўляюцца менавіта на «Флагштоку»: так было з інфармацыяй пра лячэнне параненых ва Украіне расійскіх вайскоўцаў, усталяванне «зубоў дракона», забойства рыбака ля мяжы.
— У гэтым фармаце нам камфортна, і мы не хочам выходзіць за яго межы, — падкрэслівае каманда. — Гэта дазваляе сачыць за пэўнымі працэсамі пад павелічальным шклом, і няма патрэбы дубляваць вялікія медыя.
Адказваючы на пытанне пра крыніцы інфармацыі, журналісты кажуць шчыра: часта паведамленні дасылаюць чытачы, сярод якіх ёсць і супрацоўнікі дзяржаўных устаноў.
— У чыноўніцкім асяродку сітуацыя цяпер няпростая, — прызнаюць у рэдакцыі. — Гэта вельмі закрытая супольнасць, якая знаходзіцца пад моцным гнётам. Яны вельмі запалоханыя, але ў той жа час незадаволеныя тым, што адбываецца ў краіне.
«Усё нармальна, ніхто не нападае, мы прагаласавалі. Праўда, Міхайлаўна?»
Яшчэ адзін канал атрымання інфармацыі — праўладныя Telegram-каналы, сайты дзяржаўных устаноў і афіцыйных СМІ. Іх маніторынг дае шмат нагодаў для публікацый.
— Там знаходзіцца нямала каштоўнай інфармацыі, — заўважаюць супрацоўнікі «Флагштока». — Напрыклад, у прапагандысцкіх матэрыялах раптоўна змяніўся акцэнт. Адразу ж узнікае пытанне: з чым гэта звязана? Пачынаем шукаць прычыну і звычайна знаходзім. Таксама здараецца, што выпадкова дзяржаўныя СМІ апублікуюць нешта лішняе. Неяк міліцыя выклала фотаздымкі, на якіх была бачная расійская ваенная тэхніка. Пасля ў дзяржСМІ папрасілі здымкі прыбраць, але яны ўжо трапілі ў публічную прастору і шырока разышліся.
Іншы выпадак — у сацсетках нехта выклаў некалькі фотаздымкаў, як чыноўнікі ў Гомелі «правялі» суботнік. На прыбіранне і фотасправаздачу хапіла ўсяго тры хвіліны. Хутка публікацыя разышлася па іншых медыя.
— Калі слухаць прапаганду, то ў звычайнага чалавека можа з’явіцца ўражанне, што толькі з ім нешта не тое, а ўсе астатнія салідарныя, машуць сцяжкамі і атрымліваюць асалоду ад стабільнасці, — заўважаюць журналісты. — Аднак гэта крывадушніцтва. Прапаганда дэмаралізуе. Асабліва гэта было бачна падчас пачатку вайны. На паўсагнутых нагах ідэолагі ішлі па разбураным асфальце і сцвярджалі: «Усё нармальна, ніхто не нападае, мы прагаласавалі. Праўда, Міхайлаўна?». Гэта было адначасова эпічна і страшна, і стала зразумела: чыноўнікі самі не ведалі, што іх чакае далей.
«Людзі мусяць ведаць, хто насамрэч распальвае сацыяльную варожасць»
Своеасаблівае супрацьстаянне склалася ў рэдакцыі з прапагандай. Цяпер афіцыйныя Telegram-каналы баяцца згадваць «Флагшток», спасылаючыся на нейкіх «загранічных экстрэмістаў».
— «Зубы дракона»? Няпраўда! — абвяргалі інфармацыю ідэолагі.
Аднак, як часта бывае, хутка з’явіліся і фота, і відэа. А пасля адмаўляць відавочнае ўжо не мела сэнсу.
У той жа час рэдакцыя неаднаразова выкрывала прапагандыстаў, якія выступалі ананімна ў Telegram. Навошта гэта было патрэбна?
— Бо гэта таксама злачынства! — перакананыя суразмоўцы БАЖ. — Людзі мусяць ведаць, на што ідуць падаткі і хто насамрэч распальвае сацыяльную варожасць. Як гэта рабіў, у прыватнасці, чыноўнік Дзмітрый Ісачанка пад нікам Hejter. Цікавая рэакцыя ідэолагаў на выхад нашага артыкула: згадкі пра яго раптоўна сталі выдаляць з сайтаў дзяржаўных устаноў і афіцыйных СМІ.
Як адзначаюць гомельскія рэпарцёры, супрацьдзеянне ў інтэрнэце — не новы павеў для мясцовых чыноўнікаў. Адпаведныя суполкі і групы ў сасцетках сталі з’яўляцца пасля пратэстаў недармаедаў. Іх адметныя рысы — падтрымка рэжыму і мова нянавісці ў адносінах да апанентаў.
Як былы дальнабойнік стаў фэйкамётам
Верыфікацыя інфармацыі для незалежных медыя апошнім часам стала няпростым выпрабаваннем. З дапамогай экстрэмісцкага цэтліка рэжым зрабіў любую размову з «няправільным» СМІ пагрозай. Аднак нават у такіх умовах у рэпарцёраў «Флагштока» атрымліваецца правяраць звесткі.
— Пасля пачатку вайны прыходзіла вельмі шмат паведамленняў, якія цяжка было праверыць, — расказваюць нашы суразмоўцы. — Але ў звычайных умовах, то бок у большасці выпадкаў верыфікаваць інфармацыю атрымліваецца хоць бы ўскосна. Нехта ў афіцыйных крыніцах прагаворыцца ці пацвердзіць па тэлефоне. Акрамя таго, ёсць шэраг іншых інструментаў, напрыклад, дадзеныя OSINT (Open Source INTelligence — выведка з адкрытых крыніц).
У некаторых выпадках, не хаваюць журналісты, паведамленні даводзілася прытрымліваць, калі былі падазрэнні, што гэта дэзінфармацыя.
Кажучы пра метады, што выкарыстоўваюцца рэжымам і яго прыхільнікамі, немагчыма не ўзгадаць правакатара, які неаднаразова спрабаваў падманваць незалежныя медыя.
Яго імя — Яўген Катляроў, ён былы дальнабойнік і жыхар Гомеля. Але любіць называцца чужымі імёнамі — Яўген Какойта, Мікіта Канцавы і інш. — і рэгулярна мяняе акаўнты.
У 2020 годзе ён стаў актыўна дзейнічаць, фактычна абвесціўшы інфармацыйную вайну незалежным журналістам: прыдумляў і распаўсюджваў фэйкі, а калі медыя атрымлівалася падмануць, то выскаляўся ў сваім Telegram-канале і ў эфіры дзяржаўных СМІ.
— Нас ён таксама некалькі разоў спрабаваў увесці ў зман, — расказваюць супрацоўнікі «Флагштока». — Але ў яго такія недарэчныя фэйкі, што могуць павесціся толькі тыя, хто не ў гомельскай павестцы. У прыватнасці, ён распаўсюджваў паведамленні пра тое, што па чыгунцы прывезлі выбухоўку. Аднак фота не прайшло элементарную верыфікацыю.
Па словах нашых суразмоўцаў, у мінулым годзе ў фэйкамёта назіралася падвышаная актыўнасць, але на пачатку 2023-га ён абвесціў, што выдаліў Telegram-канал з прычыны ціску сілавікоў.
— Як гарачы прыхільнік рэжыму па добрай волі ці не, але ён зацікаўлены, каб дыскрэдытаваць незалежныя медыя, — мяркуюць пра найбольш верагодныя матывы журналісты. — Нібыта запосцілі лухту, то бок і астатняя інфармацыя неправераная.
«Праца пад ціскам для нас — натуральны стан»
Як многія незалежныя журналісты, каманда «Флагштока» ў 2020 годзе з’ехала ва Украіну. А пасля пачатку вайны — у адну з краін Еўразвяза. Праца ў эміграцыі працягваецца.
Разрыў рэдакцыі з аўдыторыяй, лічаць рэпарцёры, не замінае — адлегласць вялікага ўплыву цяпер не мае.
— Калі б мы пісалі пра падзеі ў цэнтры Гомеля, то нас падзялялі б некалькі кіламетраў. А цяпер — сотні, — разважаюць нашы суразмоўцы.
Матывуе журналістаў зваротная сувязь з аўдыторыяй і чытачы, якія рэгулярна выказваюць словы падзякі.
— Нас ведаюць як медыя, якое не займаецца хайпам, — падкрэсліваюць у камандзе. — Мы не баімся публікаваць правераную інфармацыю. У той жа час без сур’ёзнай нагоды не турбуем.
Падчас вайны ва Украіне попыт на альтэрнатыўную інфармацыю ўзрос, асабліва ў памежных раёнах.
— Чытачы стаміліся ад кепскіх навін, — адзначаюць нашы суразмоўцы. — Аднак падзеі змяняюць адна другую і патрабуюць аб’ектыўнага асвятлення.
У рэдакцыі «Флагштока» падкрэсліваюць, што зараз рэагуюць на крызіс, а што ж тычыцца захадаў рэжыму, то праца пад ціскам была заўсёды натуральным станам для каманды.
Чытайце яшчэ:
Прасоўваць кантэнт праз Tinder і білборды. Журналісты Беластока абмеркавалі, як дагрукацца да аўдыторыі ў Беларусі
«Намінанты на сабе зазналі, што такое ціск улады». Названыя лепшыя публікацыі ў рэгіянальных медыя па версіі Асацыяцыі выдаўцоў
«Героі маіх кніг замянілі мне бабуль і дзядуль, якіх я не заспеў». Гістарычны лёс Руслана Кулевіча