Мова міру супраць мовы вайны. Хто фармуе наратывы і нясе за іх адказнасць
У суботу завяршыўся Львоўскі медыяфорум, які сёлета сабраў ва Украіне медыйшчыкаў з дзясяткаў краін свету, у тым ліку і беларускіх. Падчас панэляў і дыскусіяў уздымаліся найбольш актуальныя ў сённяшніх умовах пытанні працы СМІ па асвятленні вайны. БАЖ наведала сустрэчу і распавядае пра некаторыя з іх.
«Ці варта ісці супраць карэнных звычак чытачоў?»
Пра наратывы вайны і міру гутарылі Мікалай Кліменюк з адной з вядучых газет Нямеччыны Frankfurter Allgemeine Zeitung, Соня Дэлесаль-Столпер з французскага Liberation, гісторык Францыска Дэйвіс з Мюнхенскага ўніверсітэта Людвіга і Максіміліяна і Зоя Красоўская — аналітык Львоўскага медыяфорума.
Журналіст Frankfurter Allgemeine Zeitung Мікалай Кліменюк распавёў, што для немцаў паняцці вайны і міру ідуць праз прызму сусветных войнаў. У нямецкай свядомасці, як правіла, любая вайна ўспрымаецца з пазіцыі агрэсара.
— Адпаведна, лепшы спосаб пазбегнуць вайны ці скончыць яе — проста не нападаць. А мір успрымаецца з пазіцыі прайграўшага боку. Велічэзная колькасць нямецкіх медыя і экспертаў мысліць тут архаічна: Нямеччына доўгі час была імперыяй, адпаведна вайна для іх — гэта не столькі пра людзей, колькі пра тэрыторыі. Таму часта няма разумення, чаму Украіна не хоча дзеля спынення кровапраліцця проста паступіцца часткай сваіх земляў. Гэта пашыраны дыскурс у Нямеччыне, ён каранямі ідзе ў 19 стагоддзе, Украіну разглядаюць як поле для гульні, — распавёў Мікалай.
Журналіст лічыць, што для выпраўлення сітуацыі важна ламаць гэтыя наратывы, надаваць Украіне суб’ектнасці.
Прадстаўніца Liberation Соня Дэлесаль-Столпер зазначыла, што акурат гэта вайна вельмі хвалюе французаў, бо яна вельмі блізка ад іх.
— У Францыі мы звыклі вельмі дакладна выкарыстоўваць словы. Таму важна падкрэсліваць, што 24 лютага — гэта не пачатак вайны, трэба даносіць чытачам, што вайна ідзе ўжо дзясяты год, — зазначыла журналістка. Яна прывяла прыклад са сваёй працы ў газеце:
— Французы традыцыйна пісалі Kiev у транслітарацыі з расейскай мовы. У верасні 2022 года я прапанавала перайсці да напісання Kyev, згодна з нормамі ўкраінскай мовы. У рэдакцыі адбылася дыскусія: ці варта ісці супраць карэнных звычак чытачоў, супраць традыцыі…
Калі пачынаць з Кіева, то след пераглядаць і назвы іншых украінскіх гарадоў. З гэтай нагоды мы нават выпусцілі асобны матэрыял, дзе патлумачылі свой падыход, і ўрэшце змянілі напісанне. Але, на жаль, мы ледзь не адзінае буйное СМІ Францыі, хто так зрабіў.
Спадарыня Дэлесаль-Столпер перакананая, што тут неабходны прынцыповы падыход: змена напісання — гэта палітычнае рашэнне. Але часам проста неабходна прымаць такія рашэнні, ламаць межы звыклага. Нават у такіх, здавалася б, дробных выпадках.
— Прынамсі, у Кіеве ў нас быў карэспандэнт. Але было вырашана, што трэба даць месца для выказвання непасрэдна ўкраінскім калегам, таму мы публікуем і іх матэрыялы. Яны адначасова і працуюць, і з’яўляюцца непасрэдна ахвярамі гэтай вайны.
Падчас дыскусіі неаднаразова ўздымалася пытанне, як падтрымаць інтарэс да ўкраінскай тэмы ў еўрапейскіх чытачоў. Спадарыня Дэлесаль-Столпер мяркуе, што задача журналістаў — даводзіць людзям: гэтая вайна вельмі блізка, і падзеі ва Украіне ўплываць на ўвесь свет:
— Наступствы вайны будуць праяўлцца ў Афрыцы, Азіі, не кажучы ўжо пра саму Францыю. Мне часта даводзіцца чуць ад еўрапейскіх калег, што «не ўсё так адназначна». Але ж у гэтым выпадку, наадварот, усё проста: ёсць агрэсар, які напаў, парушыў усе міжнародныя нормы. У Францыі была даволі жорсткая дыскусія адносна дзеянняў нашага прэзідэнта, які доўгі час спрабаваў дамаўляцца з Пуціным. Паўтараў, што «нельга прыніжаць Пуціна». Але, як бачым, апошнім часам яго дыскурс змяніўся кардынальна.
«Многія журналісты вельмі кепска ведаюць гісторыю Украіны і гэтай вайны ў прыватнасці»
Францыска Дэйвіс з Мюнхенскага ўніверсітэта Людвіга і Максіміліяна вітае змену транслітарацыі ў публічнай прасторы, але з жалем канстатуе, што нямецкія СМІ да гэтага яшчэ так і не дайшлі.
Гісторык мяркуе, што вялікая праблема еўрапейскіх медыя палягае ў тым, што многія журналісты вельмі кепска ведаюць гісторыю Украіны і гэтай вайны ў прыватнасці.
— Канешне, тут трэба размяжоўваць: замежныя карэспандэнты ва Украіне сапраўды добра разбіраюцца і выконваюць тытанічную працу. Але ж гэта тэма абмяркоўваецца і ў ток-шоу, у студыях: тут часта не хапае разумення сутнасці, прасочваецца памылковы дыскурс. Нават у загалоўках: «Украінскі крызіс», «Канфлікт на Данбасе»… Падобныя фармулёўкі памылковыя. Многія спікеры не разумеюць сутнасці, заклікаюць да міру. Але што такое мір? Ці дастаткова проста прыпыніць агонь? Падчас Другой сусветнай вайны было забіта значна больш людзей у акупацыі, а не непасрэдна ў баявых сутыкненнях.
Многія немцы лічаць няправільным параўнанне гэтай вайны і Другой сусветнай. Але спадар Дэйвіс як гісторык бачыць паралелі.
— Цяпер ва Украіне вядзецца вайна на вынішчэнне. Таму сама структура дыскурсу пра мірныя перамовы тупіковая. Нехта лічыць, што няма чорнага і белага, але зараз акурат той выпадак. Гаворка пра барацьбу з таталітарызмам.
«Людзі чытаюць і запамінаюць акурат загалоўкі»
Падчас дыскусіі аналітык Львоўскага медыяфорума Зоя Красоўская ўзняла пытанне журналісцкіх стандартаў у ракурсе вайны. Яна ўзгадвае, што ва ўкраінскім медыяполі была дыскусія адносна тэрмінаў, і медыясектар прыйшоў да разумення і аднастайнасці.
— Я займалася пытаннем наратываў замежных СМІ: пры аналізе аўтарытэтных выданняў мы выявілі вельмі шмат проста памылковых наратываў.
Пагутарыўшчы з рэдакцыямі гэтых медыя, мы зразумелі, што ў многіх краінах Захаду нават не вяліся і не вядуцца дыскусіі, абмеркаванні адносна таго, як называць цяперашнюю вайну, якія тэрміны след выкарыстоўваць, каб захаваць карэктнасць.
Замежныя карэспандэнты ва Украіне бачаць і разумеюць усю сітуацыю.
— Але журналісты на стужках навін, што пішуць у тым ліку і пра Украіну штодзень, часта абсалютна не разбіраюцца ў тэме, ім не хапае ведаў і часу, — кажа спадарыня Красоўская. — Таму публікуецца шмат сумнеўных навін. Мяркую, нам варта працаваць акурат з такімі журналістамі, з сусветнымі інфармацыйнымі агенцыямі, дапамагаць ім разабрацца.
Аналітык падкрэслівае, нават калі гаворка ідзе пра аўтарытэтныя выданні, то часта іх інфармацыя ўспрымаецца з меншай крытычнасцю, не пераправяраюцца факты.
— Напрыклад, Liberation выдала абвяржэнне матэрыялу пра тое, што да ўкраінскага войска даходзіць толькі 30 працэнтаў выдзеленай Захадам зброі. Але ж сама навіна вельмі хутка пашырылася іншымі выданнямі з правакацыйнымі загалоўкамі, нібыта ва Украіне павальна раскрадаецца зброя. Хоць пазней высветлілася, што інфармацыя недакладная і неправераная, але ж людзі чытаюць і запамінаюць акурат загалоўкі.
Напрыканцы размовы слухач з залы запытаў у выступоўцаў, ці ёсць разуменне ў заходніх медыя, што ў каментарах ад расейскага боку заўсёды ляжыць прыхаваная прапаганда?
— Так, мы памятаем пра прапаганду, — адказвае Соня Дэлесаль-Столпер. — У кожным французскім СМІ ёсць асобны аддзел, які праводзіць фактчэкінг. Гэта пашыраная праблема. Напрыклад, у Афрыцы тая ж расейская прапаганда мела вялікі поспех, яна прасочвалася і ў французскі дыскурс.
Мікалай Кліменюк зазначыў, што праблема ва ўспрыманні: грамадскасць Захаду баіцца кансэнсусу і аднароднасці — гэта ўспрымаецца, як цэнзура. Чытачам не хапае негатыўнага асвятлення Украіны, без яго гэтая тэма выглядае ангажаванай.
— Ці варта зараз нам публікаваць матэрыялы пра карупцыю, напрыклад? — рэагуе Зоя Красоўская. — Мы з калегамі прыйшлі да высновы, што так. Гэта тое, што і адрознівае нас ад Расіі: мы не хочам і не будзем прыхоўваць праблемы маўчаннем. Калі праз тую ж карупцыю не дакупяць дзясятак танкаў — гэта будзе прамы прыклад недапрацоўкі медыя, таму такія тэмы важныя і актуальныя.
Чытайце яшчэ:
Неадзначаны юбілей. «Чалавек-мова» Юрась Бушлякоў
«Зараз злачынства — не верыць у тое, што Беларусь будзе вольнай». Алег Мяцеліца — пра байдаркі, Купалле і вяртанне дадому
Прысуд гомельскаму журналісту-фрылансеру Яўгену Меркісу абвесцяць 30 мая