Калега палітзняволенай Ксеніі Луцкінай: Яе лічылі за «сваю», таму цяпер катуюць і будуць максімальна помсціць за «здраду»
У Мінскім гарадскім судзе працягваецца крымінальны працэс над экс-журналісткай Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, уладальніцай шматлікіх дзяржаўных прэмій Ксеніяй Луцкінай. За кратамі яна ўжо больш за 20 месяцаў, справа налічвае амаль сем дзясяткаў тамоў.
Суд пачаўся 1 верасня і праходзіць у закрытым рэжыме. Старшынюе на пасяджэннях суддзя Таццяна Фалькоўская, вядомая жорсткімі прысудамі ў палітычных справах. Бок абвінавачання ставіць у віну Ксеніі Луцкінай “змову або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады” – гэта частка 1 артыкула 357 Крымінальнага кодэкса РБ. Максімальная санкцыя прадугледжвае да 12 гадоў зняволення.
У прыватнасці, Генеральная пракуратура Беларусі сцвярджае, што Ксенія Луцкіна нібыта займалася стварэннем “грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання, мэта якога — утойванне і скажэнне рэальных фактаў, эскалацыя пратэставай актыўнасці, стымуляванне расколу ў грамадстве, фармаванне ў людзей негатыўнай думкі аб дзейнасці дзяржорганаў”.
Лаўрэатка прафесійных прэмій, якая расчаравалася ў прапагандзе
Ксенія Луцкіна нарадзілася 14 лютага 1984 года ў расійскай Пермі, дзе ў ракетнай вучэльні тады вучыўся яе бацька. Потым сям’я прыехала ў Беларусь, жылі ў Петрыкаве і Слуцку. У школе дзяўчына захаплялася гісторыяй, займала прызавыя месцы на вучнёўскіх алімпіядах.
З чырвоным дыпломам скончыла гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, а пазней і аспірантуру. Яшчэ больш заглыбіўшыся ў тэму, падала заяўку з уласным праектам на дзяржаўнае беларускае тэлебачанне, без праблем прайшла конкурсны адбор. У 2008‑м, маючы ўсяго 24 гады, стала шэф-рэдактаркай студыі дакументальнага кіно.
У межах аўтарскай праграмы “Terra incognita” (“Невядомая Беларусь”) зняла блізу паўтары сотні праграм, якія выходзілі ў эфір штопятніцу, а таксама звыш 20-ці дакументальных фільмаў. За гэты цыкл яе каманда атрымала дзве нацыянальныя прэміі “Тэлевяршыня” — за найлепшую тэматычную распрацоўку і за найлепшы дызайн.
Яшчэ адну “Тэлевяршыню” Ксенія Луцкіна заваявала за дакументальны міні-серыял да 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пад назвай “Зямля страчаная. Зямля здабытая”. Гэты цыкл аўтарка прысвяціла сваёй бабулі-ліквідатарцы, якая працавала ў адміністрацыі Магілёўскай вобласці, атрымала вялікую дозу апраменьвання, захварэла на рак і памерла.
Апошні праект “1418 дзён. Гісторыя перамогі” пад дахам рэдакцыі на Макаёнка, 9 датаваны драматычным 2020 годам і прысвечаны Другой сусветнай вайне. У адным са сваіх лістоў на волю Ксенія напісала пра пэўнае прароцтва гэтай працы. Маўляў, спачатку паказвала людзей у абставінах, перажыць якія не ўсім пад сілу, а цяпер сама апынулася ў іх скуры.
Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Ксенія Луцкіна далучылася да страйку калегаў, якія патрабавалі аб’ектыўнага асвятлення прычын пратэстнай актыўнасці ў краіне. Неўзабаве звольнілася з БТ і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, узначаліўшы групу інфармацыйнага забеспячэння.
Адасобленасць ад палітыкі не стала гарантыяй уласнай бяспекі
Цягам 15 гадоў працы на Макаёнка, 9 Ксенія Луцкіна здымала выключна дакументальныя фільмы і гістарычныя нарысы. І хоць ніколі не працавала з аператыўнымі навінамі, ад пачатку атаясамліваючы сябе ў навукова-асветніцкім і папулярным жанрах, урэшце стала фігуранткай абсалютна палітычнай справы. Як такое магчыма?
Кацярына Ваданосава, тэлевізійная калега Ксеніі Луцкінай, ад 2018 года рабіла на дзяржаўным тэлеканале “Беларусь 3” адзіную ў краіне праграму пра беларускую культуру і спадчыну. На знак пратэсту супраць неадэкватнай жорсткасці сілавікоў звольнілася ў разгар масавых акцый 2020-га, а налета праз крымінальны пераслед вымушана з’ехала за мяжу.
У размове са службай маніторынгу БАЖ Кацярына Ваданосава ўдакладніла, што з Ксеніяй Луцкінай збольшага знаёмыя “шапачна”, хіба па студыйных грымёрках. Больш шчыльны кантакт адбыўся ўжо падчас журналісцкага страйку супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі.
“Гэта было падчас забастоўкі пасля выбараў. Я на той момант ужо звольнілася, прыйшла падтрымаць калег. Але Ксенія сказала, што няма сэнсу быць з імі — маўляў, ніякага дачынення да БТ не маю, бо забрала працоўную кніжку, а яны яшчэ змагаюцца за свае месцы. Па шчырасці, было даволі горка гэта чуць, але зараз ніякай крыўды… Ксенія мне падалася вельмі апантанай ідэяй стварэння незалежнага тэлебачання ў YouTube, але паколькі я асабіста мала каго там ведала, акрамя сваёй здымачнай групы, якая амаль у поўным складзе засталася і не ўдзельнічала ў страйку, то мяне на будучае тэлебачанне ніхто не запрашаў”.
Ксенію Луцкіну затрымалі 22 снежня 2020 года, у адзін дзень з іншымі супрацоўнікамі «Прэс-клуба». Спачатку абвінавацілі ў нясплаце падаткаў, а калі летась у жніўні справу прэсклубаўцаў закрылі пасля пагашэння “магчымых страт”, ёй адзінай “выкацілі” новы артыкул — згаданая ўжо “змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады”.
Паказальна пакараць, каб адпомсціць за жнівеньскі “дэмарш”
На перакананне Кацярыны Ваданосавай, насамрэч уся “віна” яе каляжанкі ў тым, што тая асмелілася кінуць выклік сістэме, а гэта ў цяперашніх умовах прыраўноўваецца да “дзяржаўнай здрады”. Да таго ж, адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, што аўтаматычна патрабуе помсты. Таму і прэсуюць па-максімуму, падсумоўвае суразмоўца, не выключаючы падобнага сцэнару і ў дачыненні да сябе, калі б засталася ў Беларусі.
“Адназначна – так, яны нікому не даруюць. Я ўсяго пару гадоў працавала, пры гэтым асабліва не сутыкалася ні з кіраўніцтвам, ні нават банальна з працаўнікамі, бо ўвесь час была ў камандзіроўках. Таму, магчыма, «прысела» б усяго на некалькі гадоў. Што да Ксеніі, дык яна мела ўласныя буйныя праекты, працавала шмат гадоў, яе лічылі за «сваю», і цяпер, зразумела, катуюць і будуць максімальна помсціць за «здраду». Яна не адзіная, хто працаваў на БТ, а потым адсядзеў ці яшчэ сядзіць, Таму тут, безумоўна, гаворка пра помсту і пра тое, што гэты спрут (як у братоў Стругацкіх) не мае сэрца, ніколі не даруе і не адпусціць”.
Неўзабаве пасля змяшчэння ў СІЗА №1 у Ксеніі Луцкінай пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. Яшчэ ў 2014 годзе ёй зрабілі складаную неўралагічную аперацыю – выдалілі дзве пухліны ў мозгу. Без адпаведнага нагляду пухліна зноў з’явілася і расце, патрабуюцца моцнадзейныя лекі. Акрамя таго, абвастрылася хранічная бранхіяльная астма.
Пра гэта яна казала і падчас першага пасяджэння, але для судовай сістэмы чыйсьці стан здароўя даўно перастаў быць істотным аргументам. Не кажучы пра тое, што без маці застаўся 10-гадовы сын Мацвей, якога выхоўвае дзядуля.
Паводле наяўнай інфармацыі, пасяджанні па справе Ксеніі Луцкінай у Мінскім гарадскім судзе (вуліца Дуніна-Марцінкевіча, 1/3) будуць адбывацца штодня найменей да 24 верасня. За гэты час абвінавачанне мусіць аргументаваць (ці прынамсі зрабіць выгляд), што дзейнасць шматразова ўганараванай тэлевізійніцы “выключна шкодная” для дзяржаўных інтарэсаў.
Пакуль што слаба верыцца, што з выстаўленым ёй крымінальным артыкулам Ксенія Луцкіна можа разлічваць на анансаваную амністыю да так званага “Дня народнага адзінства”.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Ксенію Луцкіну палітычнай зняволенай і запатрабавала спыніць неабгрунтаваны пераслед за іншадумства.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
13 гадоў 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму: агучаны вырак журналісту-расследавальніку Дзянісу Івашыну
Гомельскі журналіст Яўген Меркіс у ізалятары
Дзяніс Івашын: «Войскі персідскага цара Дарыя ўжо зазналі паражэнне ў Скіфіі»