13 гадоў 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму: агучаны вырак журналісту-расследавальніку Дзянісу Івашыну
Гродзенскі абласны суд 14 верасня агучыў прысуд журналісту-расследавальніку Дзянісу Івашыну. Суддзя Валер Раманоўскі, які ўжо не раз адзначыўся ў палітычных справах, прыгаварыў Івашына да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Плюс штраф памерам 150 базавых велічынь. Пацярпелых дзевяць чалавек, кожнаму журналіст павінен сплаціць па 2000 рублёў.
Суд над журналістам распачаўся 15 жніўня 2022 года і праходзіў у закрытым рэжыме. Перад пачаткам першага судовага пасяджэння ў калідоры суда ён выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!» і здолеў сказаць некалькі словаў маці.
Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года.
Напярэдадні Дзяніс зрабіў журналісцкае расследаванне пра былых супрацоўнікаў расфармаванага ва Украіне спецпадраздзялення «Беркут», якія перайшлі на службу ў беларускі АМАП.
Матэрыял быў апублікаваны на старонках агульнанацыянальнай недзяржаўнай газеты «Новы Час».
З моманту затрымання журналіста ўтрымлівалі ў СІЗА гродзенскай турмы. У траўні 2021 года ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусцілі развітацца з ёй.
За 18 месяцаў утрымання за кратамі Дзяніса неаднаразова вазілі на допыты ў КДБ, кідалі ў карцар, ён падоўгу не атрымліваў лістоў ад сваіх родных. Падчас знаходжання ў карцары ў Дзяніса здарыўся сардэчны прыступ, праз антысанітарыю ў СІЗА ён таксама перахварэў на невядомую інфекцыю.
Журналісту было выстаўлена абвінавачанне паводле арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў») і ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»).
КДБ абвінаваціла Дзяніса ў супрацы з украінскай выведкай. У паведамленні ад 22 сакавіка 2022 года беларускія спецслужбы заяўляюць: «Украінскі бок, глыбока вывучыўшы асобу Дзяніса Івашына, усяляк яго стымуляваў, выкарыстоўваючы як матэрыяльнае ўзнагароджанне, так і іншага роду заахвочванні, якія маюць значэнне для фігуранта, прымаючы да ўвагі ўжо сфармаванае ў яго жаданне быць датычным да лёсу Украіны. Гэтак, за актыўны ўдзел у інфармацыйных акцыях ён узнагароджаны граматай намесніка міністра абароны Украіны Ігара Далгова, на той момант куратара Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, а нацыянальная камісія ў пытаннях замежных украінцаў выдае яму пасведчанне замежнага ўкраінца».
Дзянісу Івашыну 43 гады, жанаты. Грамадзянін Беларусі са статусам замежнага ўкраінца. Гродзенскі журналіст вядомы сваімі расследаваннямі: пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. У 2014 годзе ён быў актыўным удзельнікам Рэвалюцыі Годнасці ў Кіеве, затым далучыўся да міжнароднай валанцёрскай супольнасці «InformNapalm» як OSINT-даследнік і перакладчык. Пазней стаў галоўным рэдактарам беларускамоўнай версіі рэсурса. З 2018 года – пазаштатны карэспандэнт газеты «Новы час».
Беларускія праваабаронцы прызналі Дзяніса Івашына Палітычным вязнем.
BYSOL адкрыў збор на дапамогу сям’і Дзяніса Івашына