Каляды за кратамі. Журналіст Дзяніс Івашын зноў у карцары, перадачу ад жонкі не прынялі
Жонка палітвязьня Вольга ў тэлеграм-канале паведаміла, што яе палітзьняволены муж Дзяніс Івашын зноў зьмешчаны ў карцар.
Пра гэта яна даведалася сёньня 24 сьнежня, калі спрабавала перадаць яму перадачу. На колькі дзён яго зьмясьцілі ў карцар і чаму — невядома. Перадачу ў Вольгі прымаць адмовіліся. Яна мяркуе, што Дзяніса будуць там утрымліваць увесь сьвяточны час.
Горадзенскі журналіст Дзяніс Івашын за кратамі ўжо 287‑ы дзень. Яго затрымалі 12 сакавіка 2021 году ў Горадні, пасьля чаго зьмясьцілі ў абласную турму № 1. Неўзабаве яго абвінавацілі паводле артыкулу 365 КК (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў). У адным са сваіх артыкулаў Івашын выкарыстаў апублікаваныя на афіцыйным сайце горадзенскай міліцыі зьвесткі, што стала падставай для затрыманьня.
У канцы кастрычніка Івашыну прад’явілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве» (частка 1 артыкулу 356 КК Беларусі). Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
Родныя Дзяніса неаднаразова адзначалі праблемы зь ліставаньнем зь ім, паводле жонкі яны не атрымлівалі лістоў ад яго ўжо 100 дзён.
Таксама журналіста ўжо неаднойчы зьмяшчалі ў карцар. Жонка Івашына паведамляла, што пасьля карцару Дзяніс Івашын схуднеў, у яго абвастрыліся праблемы са здароўем, ён мае патрэбу ў мэдычным абсьледаваньні. Сам ён у лістападзе напісаў заяву на сустрэчу з доктарам у турме, па словах жонкі ён па-ранейшаму адчувае праблемы з сэрцам (улетку ў яго здарыўся сардэчны прыступ).
Падтрымаць Дзяніса Івашына можна, напісаўшы яму ліст па адрасе: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.