• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Іосіф Сярэдзіч аб змене палітыкі сайта «НВ»: «Незразумелыя дзеянні тых, каму я бясплатна памылкова перадаў сайт»

    Прайшло крыху больш за месяц, як Іосіф Сярэдзіч абвесціў аб сыходзе з пасады галоўнага рэдактара старэйшай незалежнай газеты, як адбылося яе перафарматаванне ў бок т.зв. «нармалізацыі». Што адбываецца? Заснавальнік «Народнай Волі» пракаментаваў Аляксандру Стрыжневічу сітуацыю. БАЖ перадрукоўвае гэты тэкст.

    — Мяне здзівіла інфармацыя, якая распаўсюджваецца на некаторых незалежных сайтах і якая ў некаторай ступені датычыцца мяне асабіста, — перш за ўсё адзначыў Іосіф Сярэдзіч.

    Паводле яго, фраза «перакупленая «Народная Воля» перайшла на лукашэнкаўскія пазіцыі» некарэктная.

    — Ніхто ў мяне сайт не перакупляў, — падкрэсліў суразмоўца. — Так атрымалася, што даменнае імя сайта УП «Народная Воля» я перадаў таварыству з абмежаванай адказнасцю «Гіпер ПК» бясплатна. Ніводнай капейкі ніхто не пералічыў на рахунак рэдакцыі «Народнай Волі», ніводная капейка не трапіла ў маю кішэню.

    Перадача даменнага імені, зрабіў акцэнт Іосіф Сярэдзіч, адбывалася пры адной умове — што кантэнтам па-ранейшаму будуць займацца журналісты, якія ўваходзілі ў штат рэдакцыі газеты.

    — Сёння, 15 верасня, я даведаўся, што адзін з кіраўнікоў «Гіпер ПК» адхіліў гэтых журналістаў ад супрацоўніцтва. А цяпер быццам бы сам напаўняе інфармацыйную ленту сайта, — паведаміў заснавальнік газеты.

    Ён адмовіўся каментаваць змены ў падачы тэкстаў:

    — Я не маю да кантэнта ніякага дачынення і не маю права нічога дыктаваць цяперашняму ўласніку сайта.

    Пры гэтым былы галоўрэд «Народнай Волі» пацвердзіў, што кіраўнік «Гіпер ПК» не з’яўляецца прафесійным журналістам.

    На пытанне, што цяпер плануе рабіць спадар Сярэдзіч, той адказвае без сумневаў:

    — Будзем дзейнічаць з тым, каб аднавіць законнасць.

    Пакуль заснавальнік газеты адмаўляецца даваць падрабязнасці і дэталі, якім чынам плануе дамагацца справядлівасці. Аднак яшчэ раз падкрэслівае:

    — Гэта інфармацыя як снежны камяк на галаву. Мне шкада журналістаў. Я быў упэўнены, што яны будуць працаваць на адпаведным узроўні, а апынуліся ў разбітага карыта. Мне незразумелыя дзеянні тых, каму я бясплатна памылкова перадаў сайт.

    Чытайце яшчэ:

    Перакупленая «Народная воля» перайшла на лукашэнкаўскія пазіцыі

    Іосіф Сярэдзіч: «Я зыходжу». Што будзе з «Народнай Воляй»?

    «У беларускіх медыя не прынята абараняць назву з дапамогай таварнага знака». Наколькі абгрунтаваныя прытэнзіі датычна нэймінгу?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці