Іосіф Сярэдзіч: «Я зыходжу». Што будзе з «Народнай Воляй»?
Сёння раніцай у Telegram-канале адной са старэйшых незалежных газет з'явіўся развітальны ліст галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча. У ім ён спасылаецца на ўзрост і заяўляе аб тым, што пакідае пасаду. У дакуменце ён паведамляе, што перадаў правы на сайт іншай асобе, і электронны партал не знікне з інфармацыйнага поля.
— Праз пару месяцаў мне пойдзе 75‑ы год. І хочаш не хочаш, а трэба развітвацца з цяжкай штодзённай працай — і здароўе нагадвае пра неабходнасць супыніцца, і абставіны часу не спрыяюць актыўнай дзейнасці, — напісаў Іосіф Сярэдзіч.
Ён узгадвае, з якімі цяжкасцямі сутыкнулася рэдакцыя адной з самых старэйшых незалежных газет.
— Вы, шаноўныя прыхільнікі «Народнай Волі», ведаеце, на якія ганебныя крокі пайшлі пэўныя сілы, каб нас разлучыць. Спачатку адмовілі ў друкарскіх паслугах, а нядаўна анулявалі пасведчанне аб рэгістрацыі газеты, якая на працягу больш за дзесяць апошніх гадоў не мела ніводнага папярэджання ні ад Міністэрства інфармацыі, ні ад Генеральнай пракуратуры, ні ад Адміністрацыі прззідэнта…
Шчымлівыя радкі не могуць не выклікаць сумоту ў чытачоў, журналістаў, спікераў. Доўгія гады менавіта «Народная Воля» была сімвалам незалежнай друкаванай прэсы. Здавалася, што яна застаецца насуперак часу і рэпрэсіям. Аднак… Спачатку газета сутыкнулася з праблемамі ў распаўсюджванні і друкаванні папяровай версіі, а пасля ва ўлады ўзніклі «пытаннечкі» да сайта.
— Без усялякіх падстаў знішчылі выданне, якое зʼяўлялася узорам для ўсіх беларускіх CMI, — падсумоўвае Іосіф Сярэдзіч.
У сваім развітальным лісце цяпер ужо былы галоўны рэдактар падкрэслівае:
— Мы, народавольцы, не здрадзілі ні сумленню, ні Свабоднаму Слову, ні Радзіме! Застанёмся такімі і надалей!
Легенда беларускай журналістыкі дзякуе чытачам і запэўнівае, што застанецца з прыхільнікамі, але сыходзіць з Энгельса, 34А, дзе амаль тры дзесяцігоддзі месціўся рэдакцыйны офіс.
Што ж будзе з «Народнай Воляй», якая апошнім часам распаўсюджвала кантэнт у інтэрнэце? Па словах Іосіфа Сярэдзіча, правы ўласніка сайта nv-online.info ён афіцыйна перадаў іншай асобе. Але каму менавіта, не ўдакладняе.
Ён запэўнівае, што «электронны партал не знікае з інфармацыйнага поля» і спадзяецца, што «сайт як даносіў, так і будзе даносіць праўду да шырокай грамадскасці».
Іосіф Сярэдзіч быў галоўным рэдактарам «Народнай Волі» з першага дня яе існавання (ліпень 1995 года). То бок 28 гадоў. Пад сваім развітальным лістом ён падпісаўся журналістам з 56-гадовым стажам. Цяпер дакумент выдалены з Telegram-канала газеты, аднак ёсць на асабістай старонцы ў Facebook.
Дзякуй Вам, Іосіф Паўлавіч. Гэта было важна, інфармацыйна і файна!
Чытайце яшчэ:
Сайты, YouTube-праекты, аудыяпадкасты. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў 2023‑м
Андрэй Бастунец: Незалежныя медыі ачомаліся, але, калі сітуацыя не зменіцца, трэба думаць, як жыць далей
«Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу