«У беларускіх медыя не прынята абараняць назву з дапамогай таварнага знака». Наколькі абгрунтаваныя прытэнзіі датычна нэймінгу?
Амаль штотыдзень запускаюцца новыя беларускія медыяпраекты, і ў такой сітуацыі, здаецца, не магло абысціся без скандалаў. Нехта раптам заўважае, што яго назву «пазычылі». Аднак не заўсёды карыслівы намер відавочны. Увогуле ці распаўсюджваецца аўтарскае права на нэймінг? У якіх выпадках? А што наконт прафесійнай этыкі? БАЖ запытаўся меркавання ў эксперта па аўтарскім праве і старажыла ў журналістыцы.
Кайлі Міндоўг, Koska, Plan B. Што агульнага?
Нагадаем, апошні гучны выпадак здарыўся вакол «Кайлі Міндоўг». Блогер і журналіст Мікіта Мелказёраў абвесціў, што пачынае новы гістарычны праект, назва якога аб’ядноўвае імя аўстралійскай спявачкі і першага кіраўніка Вялікага Княства Літоўскага.
Аднак адразу пасля анонса вядоўцы «Жыццё-маліна» ў Instagram дызайнерка Караліна Палякова заявіла, што ідэя назвы належыць ёй. Дзяўчына распавяла падрабязнасці:
— Я прыдумала панч для свайго рэпу які б меў у сабе імя Кайлі Міндоўг. Падзялілася з Мікітам, якога трымала за сябра. Ён запытаў: «Можна [скрасці]?».
Нягледзячы на неаднаразовую адмову ў адказ, Мікіта Мелказёраў усё ж такі зрабіў праграму з такой назвай, але пасля скандалу быў вымушаны некалькі разоў прынесці прабачэнні і паведаміць пра рэбрэндынг.
У эфіры «Еўрарадыё» блогер сказаў, што цяпер працоўная назва — «Чорная панда Нясвіжа». Гэты варыянт прапанаваў кінакрытык Тарас Тарналіцкі, у якога ўжо навучаны сумным вопытам Мікіта Мелказёраў спытаўся дазволу на выкарыстанне.
Здаецца, канфлікт уладжаны. Але ж выпадак, калі ў медыясферы спрачаюцца наконт нэймінгу, не першы і, напэўна, не апошні. Можна, напрыклад, узгадаць праект пра рэгіёны — Koska.media. Быў зарэгістраваны адпаведны сайт, акаўнты ў сацсетках, прэзентаваны лагатып.
Аднак ужо на наступны дзень пасля запуску давялося праводзіць вымушаны рэбрэндынг. Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская заўважыла, што выдавецтва Koska мае такую ж назву.
У гэтым выпадку відавочна, што паўтор адбыўся выпадкова, а не наўмысна. Каманда хутка выбачылася і змяніла назву на Palatno.
— Сэнс нашай назвы быў у тым, што старонка не будзе перагорнутая, і кропка не будзе пастаўленая. Абвінавачанні ў плагіяце недарэчныя, асабліва датычна лагатыпа, — распавяла тады кіраўніца новага праекта Зоя Хруцкая. — Мы звярнуліся да выдавецтва і патлумачылі абставіны. Дамовіліся і атрымалі адказ, што канфлікт вычарпаны.
Аналагічная сітуацыя ўзнікла сёлета. З’явілася новае незалежнае медыя Plan B. Яго ўзначаліла былая галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блока TUT.BY Вольга Лойка.
— Страх, боль, эйфарыя, надзея — адчуваць гэта ўсё — нармальна, а дзяліцца пачуццямі і эмоцыямі — важна. Каб выжыць. Каб захаваць сябе як асобу, а беларусаў — як нацыю, — падкрэслівалі стваральнікі праекта.
У дадзеным выпадку таксама не абышлося без прэтэнзіі. Журналісты тэлеканала «Белсат» у сваім Telegram-канале заўважылі:
— Знаёмая назва? Дык гэта ж як у нашага аналітычнага ток-шоу «План: Б», дзе мы запрашаем у студыю гасцей і экспертаў, каб разам абмеркаваць праблемы Беларусі і знайсці найлепшыя сцэнары для будучыні нашай краіны.
Наколькі нам вядома, кропка ў гэтай спрэчцы пакуль не пастаўленая.
Юрыст: «Назвы таксама могуць абараняцца аўтарскім правам, але ёсць акалічнасці»
Хаця ўсе прыведзеныя выпадкі аб’ядноўваюць канфлікты вакол назвы, кожны кейс мае свае акалічнасці і асаблівасці. Калі сітуацыя з «Кайлі Міндоўг» выглядае адназначна, то з Koska.media не ўсё так відавочна. А з Plan B дык увогуле — занадта нацягнута. Устойлівы ж выраз… Ці да месца распаўсюджваць аўтарскае права на фразеалагізмы?
— Гаворка павінна ісці не толькі пра аўтарскае права, але шырэй — пра інтэлектуальную ўласнасць, — мяркуе эксперт па аўтарскім праве Сяргей Зікрацкі.
Паводле яго слоў, у прыведзеных трох прыкладах толькі выпадак з «Кайлі Міндоўг» можа падпадаць пад абарону аўтарскім правам.
— Аўтарскае права распаўсюджваецца на твор незалежна ад яго памеру, калі задавальняюцца некаторыя крытэры, — нагадвае юрыст. — Назвы кніг ці фільмаў таксама могуць абараняцца, але калі яны індывідуальныя, прысутнічае элемент творчасці. Іншымі словамі — гэта новая, прыдуманая назва альбо цікавае спалучэнне слоў, якое раней не ўжывалася.
Дзейнічаць такое права пачынае ў момант стварэння, а дакладней, пасля набыцця аб’ектыўнай формы твора — калі ён напісаны ці камусьці агучаны. У прыкладзе з «Кайлі Міндоўг» аўтарскае права набыло моц у той момант, калі дызайнерка некаму агучыла ідэю (скажам, Мікіце Мелказёраву).
Аднак у назваў «Koska» і «Plan B», на думку юрыста, няма ніякай выключнасці, і асноўная ідэя ў тым, каб ужываць гэтыя словы альбо ўстойлівыя выразы ў дачыненні да свайго медыйнага прадукту.
— Класічным прыкладам абароны інтэлектуальнай уласнасці (на назвы праектаў) з’яўляецца таварны знак, — заўважае Сяргей Зікрацкі. — Вось калі б ён быў зарэгістраваны, тады можна было б разважаць пра парушэнне. Крыўдна, што многімі беларускімі медыямі гэты шлях не выкарыстоўваецца.
Хоць у міжнароднай практыцы наадварот гэта вельмі папулярны спосаб замацаваць нэймінг. Фільмы, анлайн-гульні, кнігі абароненыя менавіта з дапамогай таварнага знака. Але ж трэба адзначыць, што гэта не заўсёды панацэя.
— Справа ў тым, што пры рэгістрацыі таварнага знака патрабуецца пазначыць клас, — працягвае Сяргей Зікрацкі. — Напрыклад, «План: Б», напэўна, быў бы пазначаны як тэлевізійная праграма. Але інтэрнэт-выданне «Plan B» — гэта ўжо іншае. Тое ж самае тычыцца «Koska». Выдавецтва і СМІ — розныя віды дзейнасці.
Узнікае лагічнае пытанне: гэта значыць, можна выкарыстоўваць брэнды Times ці Politico для свайго медыйнага прадукту? Не ўсё так проста.
— Сусветна вядомые таварныя знакі могуць абараняцца ў іншых таварных класах, нават калі яны там не зарэгістраваныя, — дадае юрыст. — Гэта так званае размыванне таварнага знака. Калі назваць абутак New York Times, то, напэўна, праз некаторы час атрымаеш пазоў у суд. Гаворка ідзе пра пагрозу рэпутацыі ўладальніка таварнага знака. Гэта тычыцца толькі вельмі гучных брэндаў. А вось беларускія медыя будуць абараняцца толькі ў абранай групе таварнага знака.
Аляксандр Класкоўскі: «Звычайна спрэчкі вырашаліся на ўзроўні рэдактараў»
У такой далікатнай справе як нэймінг медыяпраектаў значэнне маюць не толькі аргументы юрыстаў, але і нормы прафесійнай этыкі. Інстытут рэпутацыі не можа адмяніць ніводны закон.
— Перш чым выбіраць назву для СМІ, трэба добра аглядзець ландшафт. Зусім не камільфо перадзіраць назву нават не ў шырока вядомых брэндаў. Лепш застрахавацца, — лічыць Аляксандр Класкоўскі, які ў журналістыцы з 1970‑х гадоў, а цяпер працуе для праекта «Позірк».
На яго думку, у спрэчнай сітуацыі лепш саступіць таму, хто выстаўляе прэтэнзіі. Як гэта, дарэчы, зрабіў Мікіта Мелказёраў.
Што тычыцца памежных сітуацый («Plan B», «Koska»), то, кажа ветэран журналістыкі, адназначных адказаў няма і быць не можа.
— Не хацеў бы выступаць суддзёй у такіх выпадках, як з «Plan B», — прызнаецца ён. — Пра гэта можна доўга спрачацца, і абодва бакі будуць мець рацыю. Можна ўзгадаць, напрыклад, што быў, здаецца, амерыканскі фільм з такой назвай. Але ж дзе кінастужка, а дзе — тэлевізійная праграма?
Вялікіх скандалаў вакол найменняў у беларускай журналістыцы Аляксандр Класкоўскі не прыгадаў. Хоць час ад часу рубрыкі ці загалоўкі асобных артыкулаў аўтары адзін у аднаго пазычалі.
— Звычайна спрэчкі вырашаліся на ўзроўні рэдактараў. Званілі ці сустракаліся і па-сяброўску спрабавалі разруліць канфліктную сітуацыю. Часам атрымлівалася, часам — не, — заўважае мэтр.
У большасці выпадкаў незалежныя СМІ імкнуліся гучна не скандаліць, каб не даваць пас прапагандзе. Гэта было няпісаным правілам сярод незалежных медыя: не выносіць смецце з хаты.
Па словах журналіста, у сферы мусіць быць аўтарытэтная структура, якая б стала маральным арыенцірам для іншых журналістаў і медыя. Ён прыгадаў вопыт працы Камісіі па этыцы БАЖ.
— Да 2020 года яна працавала і, на мой погляд, яе незаслужана падвяргалі крытыцы. Некаторыя прадстаўнікі медыя ляпілі мянушкі, маўляў, парткам, інквізіцыя, «хто гэтыя людзі»… Аднак інстытуцыя была патрэбная і, сапраўды, там былі прафесійныя, узважаныя пастановы. На такой пляцоўцы можна было б кшталтаваць журналісцкую этыку, — падкрэслівае Аляксандр Класкоўскі.
Цяпер жа больш складаная сітуацыя. Незалежныя медыя выціснутыя з Беларусі і раскіданыя па розных краінах. Адна рэдакцыя — у Польшчы, а іншая — у Грузіі. Як вырашаць прэтэнзіі? У які суд падаваць?
— Нейкі інструмент, каб у сваім асяродку вырашаць канфлікты, патрэбен нават у такія часы, — падсумоўвае журналіст. — Рашэнні такой структуры трэба абвяшчаць публічна, праводзіць разбор канкрэтных кейсаў. Хай гэта будуць выключна рэкамендацыі маральнага кшталту, але гэта было б урокам, і высновы рабілі б не толькі ўдзельнікі канфлікту, аднак і іншыя журналісты.
Чытайце яшчэ:
«Не рабіце мне нервы!» Прадстаўнікі медыя — аб таксічных выпадках у межах прафесіі
«У калоніі дапамагаў іншым зняволеным, але непублічна, таемна». Інтэрв’ю Леаніда Судаленкі для БАЖ
Іосіф Сярэдзіч: «Калі б у 1995‑м дэпутаты абаранілі «Народную газету», можа, па-іншаму развіваліся б падзеі»