Перакупленая «Народная воля» перайшла на лукашэнкаўскія пазіцыі
Пасля таго як нязменны галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч пакінуў сваю пасаду, выданне пратрымалася на блізкіх да старых пазіцыях усяго месяц. За апошнія дні ў падачы матэрыялаў «Народнай волі» адзначыўся карэнны пералом, які ставіць кропку на яе гісторыі як незалежнага медыя. У рэдакцыі звярнуліся нават да ўпадабаных дзяржаўнымі медыя «астролагаў», якія прадказваюць развал Захаду, падзел Украіны і поспехі Пуціна.
«Народная воля» зазнала тыя ж праблемы, што і ўсе незалежныя выданні ў лёсавызначальны для беларускага грамадства 2020 год. У лістападзе таго года рэдакцыя была вымушаная спыніць друк газеты пасля таго, як лукашэнкаўскія ўлады забаранілі з ёй супрацоўнічаць усім беларускім друкарням і перакрылі магчымасці друкавацца за мяжой.
Газета працягнула выдавацца ў PDF-фармаце, але ў пачатку 2023 года было прыпынена і гэта. А ў чэрвені Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвогуле анулявала пасведчанне аб рэгістрацыі. 31 ліпеня сайт выдання перастаў абнаўляцца.
4 жніўня стала вядома, што Іосіф Сярэдзіч пакідае пасаду галоўнага рэдактара. Ён кіраваў выданнем 28 гадоў з моманту заснавання газеты ў ліпені 1995 года. Менавіта на ягонай асобе трымалася выданне ва ўмовах, калі астатнія агульнанацыянальныя незалежныя медыя ў Беларусі былі разгромленыя, выгнаныя з краіны і прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Новым уладальнікам выдання «Народная воля», як даведаліся журналісты, стала фірма «Гіпер ПК», якую ачольвае менеджар інтэрнэт-праектаў Мікалай Зіневіч. Гэты чалавек раней у медыйнай сферы нікому не быў вядомы.
Сайт і тэлеграм-канал «Народнай волі» аднавілі працу 8 жніўня пад назвай «НВ». Пры першым набліжэнні здавалася, што ніякіх зменаў у падачы матэрыялаў не адбылося, артыкулы на сайце заставаліся таго ж стрыманага кірунку, што былі да 31 ліпеня.
Аднак у верасні стала ясна, што палітыка некалі незалежнага выдання пасля звальнення галоўнага рэдактара карэнным чынам змянілася. Асабліва яскрава гэта выявілася ў падачы інфармацыі пра вайну ва Украіне і супрацьстаянне Расіі і Захаду.
Так, напрыклад, расказваючы пра польскую забарону на пастаўкі збожжа з Украіны, «НВ» дакладна паўтарае тыя фармулёўкі, якія выкарыстоўваліся дзяржаўнымі медыя кшталту БелТА для стварэння ўражання моцных супярэчнасцей паміж дэмакратычнымі краінамі. Ці расказвае пра крытыку Байдэна з боку Трампа, якога ў расійскіх і прарасійскіх медыя малююць ледзь не змагаром супраць «бесчалавечнай ліберальнай сістэмы», якую нібыта ЗША навязваюць усяму свету.
А з 11 верасня «НВ» пачала актыўна публікаваць навіны, якія цяжка адрозніць ад таго, што пішуць прапагандысцкія крыніцы.
У гэты дзень з’явіліся матэрыялы пра тое, што польскія вайскоўцы, размешчаныя на мяжы з Беларуссю, нібыта сутыкнуліся з сур’ёзнымі цяжкасцямі ў забеспячэнні сваіх базавых патрэбаў; пра прыбыццё ў Мінск мошчаў з Расіі; разбіраўся быццам бы наяўны канфлікт паміж Украінай і Румыніяй; расказвалася пра безумоўную патрэбу Германіі ў расійскім газе і пра Індыю, якая, «нягледзячы на ціск з боку Амерыкі і Еўропы, не саступае і працягвае закупкі расійскай нафты» — усё гэта навіны, якія кожную гадзіну, адна за адной, публікаваліся на канале некалі «незалежнага выдання».
Да прыкладу, кіруючыся знаёмым нам наратывамі, «Народная воля» ў сваім артыкуле выстаўляе Украіну як фактар раздражнення заходніх суседзяў:
«Украіна ўжо двойчы заявіла пра ўяўныя расійскія ўдары па аб’ектах НАТА, ствараючы напружанасць у рэгіёне».
Невялікі тэкст насычаны адсылкамі да іншых уяўных палітычных канфліктаў паміж краінамі Захаду і Украінай, якія ўпарта, але безвынікова раскручвае расійская, а следам і лукашэнкаўская, прапаганда.
«Сітуацыя стала больш складанай пасля адмовы Бруселя фінансаваць экспарт украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі і забароны Польшчы на імпарт украінскай пшаніцы», — у тэксце добра пазнаецца ўпадабаная прапагандысцкая тэма ўкраінскага збожжа, якая, як і энерганосьбіты, застаецца апошнім рычагом уздзеяння Расіі на заходні свет.
На наступны дзень падача матэрыялаў у духу звычайных прапагандыстаў засталася ранейшай: былы дарадца Пентагона паведаміў, што заходнія краіны «знішчылі ўкраінскую нацыю і разбурылі краіну»; забастоўка на аўстралійскіх заводах прыводзіць да падаражання газу ў Еўропе; французскі палітык асудзіў пагрозу Зяленскага аб бунце бежанцаў у Еўропе; кіраўнік Палаты прадстаўнікоў ЗША падтрымаў расследаванне, якое можа прывесці да імпічменту зненавіднага Расіі Джо Байдэна.
Звярнуліся і да ўпадабаных дзяржаўнымі медыя «астролагаў», якія прадказваюць развал Захаду, падзел Украіны, перамогу Расіі і поспехі Пуціна. Вялікім аматарам астралогіі з’яўляецца і новы ўласнік беларускага выдання. «НВ» пераказала прадказанне аракула, што Ала Пугачова, якая з’ехала з Расіі і выразна асудзіла вайну, урэшце вернецца назад.
І ўчора, і сёння на «НВ» працягваецца палітыка выкрыцця супярэчнасцей на Захадзе, агрэсіўнай палітыкі ЗША, публікуюцца матэрыялы пра нібыта цяжкія страты ва ўкраінскім войску, для закрыцця якіх заклікаюць ваяваць жанчын; пра абмежаванні на ўвоз збожжа з Украіны; патрэбу ў зброі супраць непераўзыдзенай расійскай; няздольнасць паўднёвай суседкі падтрымліваць баяздольнасць свайго войска і хуткае спыненне контрнаступу.
І цалкам адсутнічаюць публікацыі на тэмы беларускай палітыкі.
Не саромеецца выданне цяпер спасылацца і на зусім смеццевыя прарасійскія крыніцы. Так, нармалізаваная «НВ» напісала пра пагрозу звяржэння Зяленскага з боку вайскоўцаў, пра якую распавёў прапуцінскі блогер з псеўданімам «Гоблін». А адказнасць за расстрэл пратэстоўцаў на Майдане ў 2014 годзе пераклала з рэжыму Януковіча на замежжа. Крыніца — прапагандысцкі фільм «Украіна: схаваныя ісціны» італьянскага журналіста Джана Мікалесіна, чые артыкулы публікаваліся на сайце «Руская вясна».
Фільм быў паказаны яшчэ ў 2017 годзе тэлекампаніяй Matrix, што належыць сям’і Сільвіа Берлусконі, які ў 2015 годзе наведваў акупаваны Крым.
А неназваным экспертам, які прадрок Еўропе «велізарныя геапалітычныя змены», як выявілася, аказаўся адзін з гасцей канала «Салаўёў Live», якога дружна працытавалі ўсе іншыя прапагандысты.
Незалежнага медыя «Народная воля» больш няма. Цяперашні рэсурс мімікруе пад стары і не заяўляючы пра кардынальны паварот свайго палітычнага кірунку, спрабуе даволі груба ўздзейнічаць на старую аўдыторыю.
Выданне, якое на працягу дзесяцігоддзяў давала беларусам альтэрнатыўны погляд на палітыку, пасля сыходу Іосіфа Сярэдзіча ўлілося ў прапагандысцкі дыскурс рэжымаў-агрэсараў.