• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гарантуецца права на інфармацыю! Пра што гаварылі падчас ток-шоу “Доступ да праўды”

    Наколькі цяжка атрымаць інфармацыю ад уладаў? У ЗША, да прыкладу, улады самі “бегаюць” за журналістамі, каб распавесці пра сваю дзейнасць. А ў Беларусі назіраецца зусім іншая карціна: атрымаць патрэбную інфамарцыю ад чыноўнікаў — той яшчэ квэст для журналістаў.  У Гомелі ў межах кампаніі “За права на інфармацыю” прайшло ток-шоу “Доступ да праўды”.

    Старшыня Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Мікола Бянько

    У якасці экспертаў на мерапрыемства былі запрошаныя лаўрэат прэміі “Свабода-роўнасць-братэрства” Французскай Рэспублікі, юрыдычны эксперт ГА “БАЖ” па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка; эксперт установы “Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч; архітэктар, публіцыст Сяргей Ляпін, былы памочнік кіраўніка аддзела інавацый Канзас-Сіці (ЗША), выпускнік праграмы МакКейна Яраслаў Бекіш. Сустрэча была адкрытай: удзельнічалі ў ёй не толькі журналісты, але і зацікаўленыя тэмай грамадзяне.

    Старшыня Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Мікола Бянько, адкрываючы мерапрыемства, звярнуў увагу на тое, што, згодна з артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд  поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў. А таксама, паводле артыкула 17 Канстытуцыі, дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Аднак у рэальнасці ўсё выглядае інакш.

    У якасці аргумента Мікола Бянько прывёў вынікі маніторынгу БАЖ, які праводзіўся з 19 жніўня па 29 кастрычніка 2018 г.

    Паводле вынікаў маніторынгу ГА «БАЖ», сайты дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь забяспечаны паўнавартаснай беларускамоўнай версіяй толькі ў 13% выпадкаў.

    “Збольшага гэты пераклад выкананы пры дапамозе google-перакладчыка”. То бок можна ўявіць якасць тэксту”, — падзяліўся ўражаннямі старшыня гомельскай філіі БАЖ.

    Мікола Бянько ўзгадаў выпадкі з уласнай прафесійнай дзейнасці, калі ўлады адмаўляліся даваць адказы нават на зусім бяскрыўдныя пытанні.

    Напрыклад, у свой час прэс-служба Гомельскай абласной ДАІ адмовілася распавесці пра акцыю з флікерамі, бо журналіст прадстаўляў СМІ, якое не значылася ў спісе тых, каму Дзяржаўтаінспекцыя паведамляе інфармацыю.

    Мікола Бянько падкрэсліў, што атрымліваць інфармацыю ад уладаў важна не толькі для журналістаў, але і для грамадзян. “І кейсы нашых экспертаў даказваюць гэта”, — падсумаваў старшыня гомельскай філіі БАЖ.

    Архітэктар, аўтар шэрагу артыкулаў пра развіццё Гомеля, сябра ГА «БАЖ» Сяргей Ляпін распавёў пра доступ да інфармацыі пра горадабудаўнічыя праекты. Публіцыст два гады таму сваімі артыкуламі спрычыніўся да адмены рэканструкцыі плошчы Леніна. Улады планавалі пабудаваць у гэтым гістарычным месцы падземныя пераходы. Аднак Сяргей Ляпін у артыкулах давёў, што такія дзеянні з’яўляюцца прамым парушэннем заканадаўства. Справа ў тым, што плошча Леніна з’яўляецца часткай Гомельскага палаца-паркавага ансамбля, які мае свае ахоўныя зоны.  

    Архітэктар, сябра ГА "БАЖ" Сяргей Ляпін

    Цяперашні генплан Гомеля абмяркоўваўся ў 2015 годзе. “І да сёння, акрамя графічнай часткі, якая з’явілася на сайце гарвыканкама, нічога няма. Дагэтуль не з’явілася тэкставае апісанне. То бок мы не разумеем, якія ў дакумента характарыстыкі, да якога года павінен дзейнічаць, на якую колькасць насельніцтва разлічаны… Гэтыя базавыя паказнікі да сёння застаюцца сакрэтнымі,” — распавёў Сяргей Ляпін.

    На яго думку, небяспечна, калі план з праекта інжынера адразу пераносіцца ў горад без грамадскага абмеркавання, калі насельніцтва не мае доступу да інфамарцыі. У якасці такога прыкладу, калі грамадзяне не валодалі папярэдняй інфармацыяй, публіцыст прывёў у прыклад гомельскую вуліцу Кірава, калі грошы хутка засвоілі, зрабілі пэўныя змены, аднак рэканструкцыя кепска паўплывала на якасць асяроддзя.

    Сяргей Ляпін таксама падзяліўся інфармацыяй перад прысутнымі, што ў планах гарадскіх уладаў — забудова шматпавярховымі дамамі ляснога масіва ў раёне 9‑га км Чарнігаўскай шашы. У тым месцы  знаходзяцца месцы масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў.

    Гісторык і намесніца старшыні Гомельскай філіі ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Марыя Булавінская заўважыла, што гэтую інфамарцыю таксама было цяжка атрымаць.

     

    Журналіст і сябра ГА “БАЖ” Андрэй Мядзведзеў прывёў прыклад маніторынгу сайтаў дзяржаўных органаў.

    — Я праманіторыў 27 сайтаў і толькі на 9 з іх знайшоў рубрыку “Грамадскія абмеркаванні”. Прычым толькі ў Жыткавіцкім раёне гэтая рубрыка бачная на галоўнай старонцы, не схавана. На гарвыканкамаўскім сайце трэба спярша зайсці ў рубрыку “Транспарт і экалогія”, потым ідзе ўкладка “Экалогія” і толькі там “Грамадскія абмеркаванні”. А яшчэ больш “намудрылі” на сайце Навабеліцкага райвыканкама. Там трэба зайсці ў рубрыку “Дзяржава насельніцтву”, потым адкрыць укладку “Абарона правоў спажыўцоў” і толькі тады можна знайсці, што і дзе збіраюцца пабудаваць. Звычайны чалавек наўрадці нешта знойдзе на сайтах выканкамаў.

    Прысутныя абмеркавалі, як можна ўскоснымі шляхамі атрымаць неабходную інфармацыю. Паводле жыхара Гомеля Валерыя Сляпухіна, атрымаць інфармацыю можна на сайце дзяржзакупак. Там можна яшчэ да стадыі грамадскага абмеркавання паспрабаваць зразумець планы ўладаў.

     

    Адмыслова для мерапрыемства жыхароў Гомеля апыталі на тэму, ці спрабавалі яны звяртацца да чыноўнікаў дзеля атрымання патрэбнай інфармацыі і што з гэтага выйшла.

     

    Лаўрэата прэміі “Свабода-роўнасць-братэрства” Французскай Рэспублікі, юрыдычнага эксперта ГА “БАЖ” у Гомельскай вобласці Леанід Судаленку з падачы ўладаў сталі неафіцыйна называць “адвакатам дармаедаў”. Свой выступ ён прысвяціў фармаванню “антыдармаедскіх” камісій. А менавіта гісторыі сваёй перапіскі з дзяржорганамі.

    Юрыдычны эксперт ГА “БАЖ” па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка

    Праваабаронца распавёў, што афіцыйным месцам працы апошнія 12 год у яго з’яўляецца незалежны прафсаюз РЭП. Паколькі, паводле заканадаўства, у склад “антыдармаедскіх камісій” могуць уваходзіць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, то кіраўнік Леаніда Судаленкі Генадзь Федыніч накіраваў яго ў гэтую камісію. Праз два месяцы заяўнікі атрымалі адказ на сваю просьбу.

    У адказе за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Віталя Атаманчука гаварылася, што камісіі ўжо створаныя. “Ён не напісаў, ці спазніўся я. Ён і не мог так напісаць, бо мяне вылучылі своечасова. Ён проста адзначыў, што «не з’яўляецца магчымым Вас уключыць”, — падкрэсліў Леанід Судаленка.

    На думку праваабаронцы, калі б яго ўключылі ў камісію, то як мінімум, не было б нагоды казаць, што камісія працуе непразрыста і з’яўляецца цалкам залежнай ад выканаўчай улады.

    “Я падкрэсліваю, паўнамоцтвы ў гэтых камісіяў вельмі вялікія. Напрыклад, яны могуць без судовых санкцыяў накіроўваць залежных ад алкаголю людзей у лячэбна-працоўныя прафілакторыі”, — сказаў Леанід Судаленка

    Кейс наконт неўключэння Леаніда Судаленкі ў камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва, паказвае, што чыноўнікі прымаюць такія рашэнні, у выніку якіх грамадства і ўлады існуюць асобна.

     

    Эксперт установы “Стратэгічная думка”, сябра “БАЖ” Аляксей Харкевіч у пачатку размовы пра доступ да інфармацыі наконт  выкарыстанне бюджэтных сродкаў прыгадаў прыпавесць.

    “Прэрыя. Дзікуны. Падае самалёт. Яны ўпершыню бачаць такі цуд свету. І звяртаюцца да правадыра, каб ён запусціў такую птушку. Правадыр, каб яго не з’елі прадстаўнікі свайго ж племені, вырашае зрабіць самалёт з чарота. Робяць, значыцца, дзікуны дакладную копію і спрабуюць яе запусціць. Вось прыкладна тое ж самае адбываецца ў нашай краіне з пункту гледзішча агульнай сістэмы інфармацыі.

    Эксперт установы “Стратэгічная думка” і сябра “БАЖ” Аляксей Харкевіч

    Аляксей Харкевіч распавёў, што пакуль інфармацыя ідзе ў аднабаковым парадку. Грамадзяне паведамляюць пра сябе разнастайныя звесткі. Аднак адваротнай інфармацыі грамадзяне атрымліваюць мала.

    “Існуе ў Беларусі і сістэма кантролю. Уся інфармацыя, якая праходзіць праз дакументазварот (усе нашыя электронныя звароты, усе запыты), апрацоўваецца, адлічбоўваецца і накіроўваецца ў Дзяржкантроль, які пастаянна гэта маніторыць. “То бок кантроль ёсць. Толькі доступу ў нас з вамі да гэтай інфармацыі няма”, — заявіў Аляксей Харкевіч.

    Як пажартавалі прысутныя на гэта: “Карову карміць можна, а даіць не”.

    Ток-шоу “Доступ да праўды” адбывалася ў межах кампаніі БАЖ “За права на інфармацыю”. Каардынатарка кампаніі Юлія Катаржынская заўважае, што тэма доступу да інфармацыі — набалелая, бо ёсць праблемы ў працы з чыноўнікамі і ў журналістаў, і ў грамадства.

    #праванаінфармацыю

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці