• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маніторынг сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Рэспублікі Беларусь

    Маніторынг праводзіўся ў межах кампаніі "За права на інфармацыю". Маніторынг праводзіўся датычна:

    • сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь (спіс дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь складзены з улікам адпаведнай інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, на сайце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў пераліку рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 05.05.2006 г. № 289);

    • сайтаў абласных, раённых, гарадскіх мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (спіс абласных, раённых, гарадскіх мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў складзены з улікам адпаведнай інфармацыі, якая ўтрымліваецца на сайце Нацыянальнага кадастравага агенцтва).

    У далучаным файле можна пабачыць, што жоўтым колерам пазначаны станоўчы вынік (адпаведнасць вызначанаму крытэрыю), зялёным — адмоўны вынік (неадпаведнасць вызначанаму крытэрыю), аранжавы колер азначае, што пры адпаведнасці вызначанаму крытэрыю да электроннай старонкі ёсць пэўная заўвага. Маніторынг ахоплівае перыяд з 19 жніўня 2018 года па 29 кастрычніка 2018 г.

    Разглядаўся кантэнт сайтаў у адпаведнасці з крытэрыямі:

    1. датычна сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь:

    • наяўнасць версіі сайта на дзяржаўнай беларускай мове;

    • наяўнасць адаптаванай версіі сайта для людзей з кепскім зрокам.

    2. датычна сайтаў абласных, раённых, гарадскіх мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў:

    • наяўнасць магчымасці для грамадзян праз сайт мясцовага выканаўчага і распарадчага органа звярнуцца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню;

    • наяўнасць версіі сайта на дзяржаўнай беларускай мове;

    • наяўнасць адаптаванай версіі сайта для людзей з кепскім зрокам.

    Тлумачэнні да крытэрыяў маніторынга:

    • “Магчымасць для грамадзян праз сайт мясцовага выканаўчага і распарадчага органа звярнуцца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню” — бралася пад увагу наяўнасць на старонцы сайта мясцовага выканаўчага і распарадчага органа Рэспублікі Беларусь у адмысловай рубрыцы, якая звычайна называецца “электронныя звароты”, кнопкі “звярнуцца ў Савет дэпутатаў”, або інфармацыі на сайце мясцовага выканаўчага і распарадчага органа Рэспублікі Беларусь аб тым, што электронны зварот можна даслаць у мясцовы Савет дэпутатаў праз рубрыку электронных зваротаў на сайце мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, або інфармацыі на сайце мясцовага выканаўчага і распарадчага органа Рэспублікі Беларусь аб адрасе электроннай пошты мясцовага Савета дэпутатаў.

    • “Наяўнасць версіі сайта на дзяржаўнай беларускай мове” — бралася пад увагу магчымасць чытаць сайт дзяржаўнага органу і арганізацыі, мясцовага выканаўчага і распарадчага органу ў арыгінальным выглядзе на дзяржаўнай беларускай мове. Версіі сайтаў на беларускай мове праз дапаможныя механізмы, гэтакія, як убудаваны ў старонку інтэрнэт-перакладчык, не ўлічваліся з прычыны таго, што такі пераклад не з’яўляецца якасным, і, па-другое, выяўляе другасны характар дзяржаўнай беларускай мовы. Асобна адзначалася тое, як абнаўляецца кантэнт беларускамоўнай версіі сайта, — ці супадае гэтае абнаўленне з абнаўленнем на рускамоўнай старонцы.

    • “Адаптаванасць сайта для людзей з кепскім зрокам” — бралася пад увагу наяўнасць на сайце дзяржаўнага органу і арганізацыі, мясцовага выканаўчага і распарадчага органу кнопкі “версія для людзей са слабым зрокам” або адпаведнага значка (звычайна гэта выява чалавечага вока, або стылізаваных акуляраў, або шэрагу літараў рознага памеру — ад маленькай да вялікай), пры націсканні на якія адбываецца пераход на старонку сайта з кантэнтам, адаптаваным для чытання людзьмі з кепскім зрокам.

     

    Юрыдычнае абгрунтаванне неабходнасці трымацца вызначаных крытэрыяў пры распрацоўцы, стварэнні і працы сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь, сайтаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Рэспублікі Беларусь:

    Магчымасць для грамадзян праз сайт звярнуцца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню

    Згодна з артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя. Артыкулам 40 гарантуецца права кожнага накіроўваць асабістыя ці калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.

    У адпаведнасці з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2010 г. № 108‑З “О местном управлении и самоуправлении в Республике Беларусь” Савет з’яўляюцца прадстаўнічымі дзяржаўнымі органамі, якія ствараюцца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, і асноўным звяном сістэмы мясцовага самакіравання.

    Згодна з часткай 2 артыкула 22.1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10.11.2008 г. № 455‑З “Об информации, информатизации и защите информации” дзяржаўны орган абавязаны размяшчаць на інтэрнэт-сайце наступную інфармацыю, за выключэннем інфармацыі, распаўсюджанне і (ці) прадстаўленне якой абмежавана:

    аб дзяржаўным органе (афіцыйнае найменне і структура дзяржаўнага органа; паштовы адрас, адрас электроннай пошты; нумары тэлефонаў даведачных службаў; рэжым працы дзяржаўнага органа; звесткі аб задачах і функцыях дзяржаўнага органа, яго структурных падраздзяленняў, а таксама нарматыўныя прававыя акты Рэспублікі Беларусь (выняткі з іх), якія вызначаюць гэтыя задачы і функцыі; пералік тэрытарыяльных органаў, падпарадкаваных (уваходзячых у склад, сістэму) арганізацый, звесткі аб іх задачах і функцыях, а таксама іх паштовыя адрасы, адрасы інтэрнэт-сайтаў і электроннай пошты, нумары тэлефонаў даведачных службаў; звесткі аб кіраўніку дзяржаўнага органа і яго намесніках (пасада, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры яго наяўнасці), нумар службовага тэлефона); афіцыйнае найменне, паштовы адрас і рэжым працы вышэйстаячага дзяржаўнага органа і графік асабістага прыёму фізічных асоб, іх прадстаўнікоў, прадстаўнікоў юрыдычных асоб у гэтым органе);

    аб працы з зваротамі фізічных і юрыдычных асоб;

    аб ажыццяўленні адміністратыўных працэдур у адносінах да фізічных і юрыдычных асоб;

    аб таварах (працах, паслугах), якія вырабляюцца (выконваюцца, аказваюцца) дзяржаўнай арганізацыяй;

    аб навінах дзяржаўнага органа;

    аб формах адваротнай сувязі;

    для дзяржаўных органаў, указаных у частцы пятай гэтага артыкулу, — аб парадку падрыхтоўкі і правядзення адкрытых пасяджэнняў, павестцы дня, даце, часе і месцы правядзення адкрытых пасяджэнняў (як правіла, не пазней чым за пяць каляндарных дзён да дня правядзення адкрытага пасяджэння).

    Часткай 2 пункта 1 артыкула 25 Закона Рэспублікі Беларусь 18.07.11 № 300‑З “Об обращениях граждан и юридических лиц” вызначана, што “на афіцыйным сайце дзяржаўнага органа, іншай дзяржаўнай арганізацыі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт павінна быць размешчаная інфармацыя аб спосабе або спосабах падачы электронных зваротаў у гэты дзяржаўны орган, іншую дзяржаўную арганізацыю (накіраванне на адрас электроннай пошты і (ці) размяшчэнне ў спецыяльнай рубрыцы на афіцыйным сайце ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт)”.

    У пункце 7 “Положения о порядке функционирования интернет-сайтов государственных органов и организаций”, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29.04.2010 № 645, указваецца, што на галоўнай старонцы інтэрнэт-сайта непасрэдна або ў выглядзе паасобных рубрык размяшчаецца інфармацыя: аб дзяржаўным органе і арганізацыі; аб працы з зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб; аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур у адносінах да юрыдычных асоб і грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў; аб таварах (працах, паслугах), якія вырабляюцца (выконваюцца, аказваюцца) арганізацыяй; аб навінах дзяржаўнага органа і арганізацыі; аб формах зваротнай сувязі; іншая інфармацыя, якая вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь ці размяшчаецца па рашэнні кіраўніка дзяржаўнага органа і арганізацыі. Пукнт 7.1 “Положения о порядке функционирования интернет-сайтов государственных органов и организаций” утрымлівае пералік патрабаванняў да спецыяльнай рубрыкі “Электронныя звароты”.

    Інфармацыя аб мясцовых Саветах дэпутатаў утрымліваецца на адпаведных інтэрнэт-сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Рэспублікі Беларусь. Згодна з патрабаваннямі нарматыўна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь на гэтых жа сайтах павінна быць прадугледжаная магчымасць для грамадзян звярнуцца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню.

    Наяўнасць версіі сайта на дзяржаўнай беларускай мове

    Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Артыкулам 22 гарантуецца роўнасць грамадзян перад законам і права кожнага на роўную абарону праў і законных інтарэсаў без усякай дыскрымінацыі.

    У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 г. № 3094-XI Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё i функцыянаванне беларускай i рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

    У пункце 3 “Положения о порядке функционирования интернет-сайтов государственных органов и организаций”, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29.04.2010 № 645, указваецца, што інфармацыя на інтэрнэт-сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый размяшчаецца з улікам патрабавання прадстаўлення інфармацыі на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь, а пры неабходнасці таксама на адной ці некалькіх замежных мовах.

    Такім чынам, кантэнт сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь, сайтаў абласных, раённых, гарадскіх мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў павінны быць прадстаўлены на абедзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь: беларускай і рускай. Абедзве версіі сайтаў – на беларускай і рускай мовах – павінны мець цалкам раўназначнае і ідэнтычнае па зместу напаўненне.

     

    Адаптаванасць сайта для людзей з кепскім зрокам

    29 снежня 2016 г. для Рэспублікі Беларусь уступіла ў сілу Канвенцыя аб правах інвалідаў. Згодна з артыкулам 21 Канвенцыі дзяржавы-удзельнікі прымаюць усе належныя меры для забеспячэння таго, каб інваліды маглі карыстацца правам на свабоду выказвання меркавання і перакананняў, уключна з свабодай шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю нароўні з іншымі, карыстаючыся па сваім выбары ўсімі формамі зносін, вызначаных артыкулам 2 Канвенцыі, уключна: а) забеспячэнне інвалідаў інфармацыяй, прызначанай для шырокай публікі, у даступных фарматах і з выкарыстаннем тэхналогій, якія ўлічваюць разныя формы інваліднасці, своечасова і без дадатковай аплаты; b) прыняцце і садзейнічанне выкарыстанню ў афіцыйных зносінах: жэставых моў, азбукі Брайля, узмацняльных і альтэрнатыўных спосабаў зносін і ўсіх іншых даступных спосабаў, метадаў і фарматаў зносін па выбары інвалідаў; … d) заахвочванне сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку тых, якія прадстаўляюць інфармацыю праз Інтэрнэт, да пераўтварэння сваіх паслуг у даступныя для інвалідаў.

    Згодна з падпунктам 6.10 пункта 6 Мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017 – 20125 г. (зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 13.06.2017 г. № 451) у галіне задачы “Стварэнне умоў для інтэграцыі інвалідаў ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства” пазначана ўдасканаленне заканадаўства, у тым ліку ў частцы распрацоўкі і ўстанаўлення патрабаванняў у адносінах да адаптацыі інфармацыі, якая размяшчаецца на інтэрнэт-сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый, для інвалідаў па слыху, зроку і забеспячэнне іх рэалізацыі. Тэрмін рэалізацыі – 2017–2018 г.г. Выканаўцы: Мінсувязі, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, ГА “Беларускае таварыства глухіх”.

    У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 36 Закона Рэспублікі Беларусь ад 23.07.2008 № 422‑З “О предупреждении инвалидности и реабилитации инвалидов” сацыяльная адаптацыя інвалідаў уключае ў сябе фармаванне жыццёвага асяродку пражывання інвалідаў, якая забяспечвае доступ да аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, сродкаў транспарту, сувязі і інфармацыі; … іншыя меры па стварэнні спрыяльнага сацыяльнага асяроддзя для інвалідаў.

    Часткай 1 артыкула 24 Закона Рэспублікі Беларусь ад 11.11.1991 № 1224-XII “О социальной защите инвалидов в Республике Беларусь” устаноўлена, што рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, іншыя арганізацыі забяспечваюць інвалідам неабходныя ўмовы для свабоднага доступу да аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, жылым, грамадскім, вытворчым будынкам і пабудовам, бесперашкоднага карыстання грамадскім транспартам і транспартнымі камунікацыямі, сродкамі сувязі і інфармацыі, месцамі адпачынку і адпачынку.

    Адпаведна, усе сайты дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь, сайты абласных, раённых, гарадскіх мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў павінны мець версіі для людзей са слабым зрокам.

     

    Высновы і рэкамендацыі.

    На працягу 19 жніўня — 29 кастрычніка 2018 г. у адпаведнасці з крытэрыямі “Наяўнасць магчымасці для грамадзян праз сайт мясцовага выканаўчага і распарадчага органа звярнуцца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню”, “Наяўнасць версіі сайта на дзяржаўнай беларускай мове”, “Наяўнасць адаптаванай версіі сайта для людзей з кепскім зрокам” было прааналізавана 183 сайта (47 сайтаў вышэйшых дзяржаўных органаў, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, 136 сайтаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў). На падставе праведзенага маніторынгу зроблены наступныя высновы і рэкамендацыі.

    Наяўнасць магчымасці для грамадзян праз сайт мясцовага выканаўчага і распарадчага органа звярнуцца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню

    Высновы:

    Лепш за ўсё магчымасць для грамадзян праз сайт мясцовага выканаўчага і распарадчага органа звярнуцца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню рэалізаваная на сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў г. Мінска і Мінскай вобласці — прысутнічае гэтакая магчымасць у 85 % выпадкаў.

    Горш за ўсё магчымасць для грамадзян праз сайт мясцовага выканаўчага і распарадчага органа звярнуцца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню рэалізаваная на сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Гомельскай вобласці —  адсутнічае гэтакая магчымасць у 61 % выпадкаў.

    У агульных лічбах (па ўсіх рэгіёнах) магчымасць для грамадзян праз сайт мясцовага выканаўчага і распарадчага органа звярнуцца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню рэалізаваная ў большасці выпадкаў (60 %, 81 сайт). Варта заўважыць, што на 49 сайтах з 81 магчымасць для грамадзян звярнуцца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню можа быць рэалізаваная толькі праз напісанне лістоў на электронны адрас (пры наяўнасці адмысловай рубрыкі “Электронныя звароты”, дзе, аднак, гэтакай магчымасці няма).

    На розных сайтах выканаўчых і распарадчых органаў адрасы электроннай пошты мясцовых Саветаў дэпутатаў размяшчаюцца ў розных рубрыках (гэтакіх як “адрасы электроннай пошты дзяржаўных органаў”, або “Улада”), што можа выклікаць у карыстальніка цяжкасці ў іх пошуку, а таксама не заўсёды пазначаецца, што электронная пошта мясцовага Савета дэпутатаў прызначаная для зваротаў грамадзян у гэты орган.

    На некаторых сайтах, напрыклад, на сайце Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Крупскага раённага выканаўчага камітэта для працы з электронным зваротам у электроннай прыёмнай патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя карыстальніка. Закон Рэспублікі Беларусь 18.07.11 № 300‑З “Об обращениях граждан и юридических лиц” вызначае патрабаванні да ідэнтыфікацыі асобы, якая звяртаецца (артыкул 12), а таксама парадак разгляду электронных зваротаў (артыкул 25). Патрабаванне папярэдняй рэгістрацыі асобы, якая звяртаецца ў дзяржаўны орган, з’яўляецца празмерным інструментам ідэнтыфікацыі і можа выклікаць цяжкасці ў рэалізацыі права на зварот. Акрамя таго, патрабаванне папярэдняй рэгістрацыі не адпавядае патрабаванням, вызначаным да спецыяльнай рубрыкі “Электронныя звароты” пунктам 7.1 “Положения о порядке функционирования интернет-сайтов государственных органов и организаций”, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29.04.2010 № 645.

     

    Рэкамендацыі:

    Забяспечыць магчымасць для грамадзян праз сайты мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў звяртацца ў Савет дэпутатаў адпаведнага ўзроўню — на сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў усіх узроўняў.

    Прадугледзець размяшчэнне інфармацыі аб спосабе або спосабах падачы электронных зваротаў (накіраванне на адрас электроннай пошты і (ці) размяшчэнне ў спецыяльнай рубрыцы на інтэрнэт-сайце), а таксама адрасоў электроннай пошты мясцовых Саветаў у рубрыцы з інфармацыяй аб працы з зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

    Скасаваць папярэднюю рэгістрацыю асобы, якая звяртаецца ў дзяржаўны орган, для працы з электронным зваротам у электроннай прыёмнай як неадпаведную актам заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

     

    Наяўнасць версіі сайта на дзяржаўнай беларускай мове

    Высновы:

    Сайты дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь забяспечаны паўнавартаснай беларускамоўнай версіяй у 13%. Больш за палову сайтаў — 53 % — мае фіктыўную беларускамоўную версію, гэта значыць, версію, якая не служыць камунікатыўна-інфарматыўным мэтам (утрымлівае значна менш навін, чым рускамоўная версія, мае меншае напаўненне кантэнту, чым рускамоўная версія).

    Самае лепшае становішча з наяўнасцю беларускамоўных версій сайтаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў – у Гродзенскай вобласці: у 95% выпадкаў гэтакая версія прысутнічае. На жаль, варта заўважыць, што ў 100 % выпадкаў гэта — фіктыўная беларускамоўная версія, гэта значыць, версія, якая не служыць камунікатыўна-інфарматыўным мэтам (утрымлівае значна менш навін, чым рускамоўная версія, мае меншае напаўненне кантэнту, чым рускамоўная версія).

    Самае горшае становішча з наяўнасцю беларускамоўных версій сайтаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў — у Брэсцкай вобласці: у 100 % выпадкаў гэта версія адсутнічае.

    У агульных лічбах (па сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў усіх рэгіёнаў) беларускамоўная версія сайтаў адсутнічае ў 76 % выпадкаў. У астатніх 24 % выпадкаў прысутнічае фіктыўная беларускамоўная версія, гэта значыць, версія, якая не служыць камунікатыўна-інфарматыўным мэтам (утрымлівае значна менш навін, чым рускамоўная версія, мае меншае напаўненне кантэнту, чым рускамоўная версія). Ніводны сайт мясцовага выканаўчага і распарадчага органа не мае паўнавартаснай функцыянальнай версіі на беларускай мове.

    Не гледзячы на тое, што ў маніторынгу згодна з крытэрыем “Наяўнасць версіі сайта на дзяржаўнай беларускай мове” даследаваўся толькі навінавы кантэнт сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь, сайтаў абласных, раённых, гарадскіх мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, можна сказаць аб агульным уражанні ад версій сайтаў на беларускам мове: яны значна бяднейшыя амаль па ўсім іншым напаўненні (у іншых рубрыках і раздзелах). Гэтая выснова трымаецца на агульным уражанні і паасобных назіраннях, якія не фіксаваліся, таму як даследаванне па ўсяму напаўненню сайтаў запатрабавала б значна больш часу і высілкаў.

    Уражваюць асобныя недарэчныя выпадкі, напрыклад: сайт Уздзенскага райвыканкама не мае беларускамоўнай версіі — ні арыгінальнай, ні праз інтэрнэт-перакладчык, затое мае арыгінальныя старонкі з інфармацыяй на кітайскай мове.

    Рэкамендацыі:

    Забяспечыць функцыянаванне паўнавартаснай версіі на беларускай мове на сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь, на сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з прынцыпаў недыскрымінацыі і роўнасці моў беларускамоўная версія любога дзяржаўнага органа і арганізацыі Рэспублікі Беларусь павінна быць абсалютна раўназначнай па кантэнту яго рускамоўнай версіі.

     

    Наяўнасць адаптаванай версіі сайта для людзей з кепскім зрокам

    Высновы:

    Сайты дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь забяспечаны адаптаванай для людзей з кепскім зрокам версіяй у 66% выпадкаў.

    Самае лепшае становішча з наяўнасцю адаптаванай для людзей з кепскім зрокам версіяй сайтаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў — у Гродзенскай вобласці: у 95 % выпадкаў гэтакая версія прысутнічае.

    Найгоршае становішча з наяўнасцю адаптаванай для людзей з кепскім зрокам версіяй сайтаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў — у Брэсцкай вобласці: у 100% выпадкаў такой версіі няма.

    У агульных лічбах (па сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў усіх рэгіёнаў) адаптаваная для людзей з кепскім зрокам версія сайтаў адсутнічае ў 60% выпадкаў.

     

    Рэкамендацыі:

    Забяспечыць сайты дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наяўнасцю адаптаванай для людзей з кепскім зрокам версіяй у 100 % выпадкаў. У мэтах уніфікацыі і спрашчэння карыстання распрацаваць адзіныя патрабаванні да месца размяшчэння і выявы кнопкі “версія для людзей са слабым зрокам”, або адпаведнага стылізаванага значка, пры націсканні на якія адбываецца пераход на старонку сайта з кантэнтам, адаптаваным для чытання людзьмі з кепскім зрокам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці