Леанід Судаленка: “Абарона правоў чалавека стала для мяне сэнсам жыцця”
Гомельскі праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка вярнуўся з Парыжа, дзе яму ўручылі прэмію Французскай Рэспублікі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” за важкі ўнёсак у абарону правоў чалавека. Гэта першы выпадак уганаравання беларуса за праваабарончую дзейнасць прэстыжнай французкай узнагародай. Карэспандэнт службы маніторынгу ГА “БАЖ” пагутарыў лаўрэатам.
— Леанід, дзе і як праходзіла ўганараванне прэміяй — у палацы Сен-Жэрмен, каля Трыумфальнай аркі на Елісейскіх палях?
— Цырымонія праходзіла ў Міністэрстве юстыцыі Францыі 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека. У прасторнай зале на другім паверсе міністэрства сабралася каля сотні запрошаных, у тым ліку і журналістаў. Уручалі прэмію міністр юстыцыі Ніколь Белабе і прэзідэнт няўрадавай арганізацыі CNCDH Крысціна Лазергес. На цырымоніі прысутнічала і камісар па правах чалавека Рады Еўропы Дуня Міятавіч, якая да нядаўняга часу была адмысловым прадстаўніком АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ.
— Назва прэміі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” (па-французку Liberté, Égalité, Fraternité) — гэта нацыянальны дэвіз Французскай Рэспублікі, запачаткаваны Рабесп’ерам падчас Вялікай французскай рэвалюцыі. Ці было адчуванне, што і сам далучыўся да багатай гісторыі гэтай краіны?
— На прынцыпах узаемаадносін паміж людзьмі, якія былі абвешчаныя падчас рэвалюцыйных падзей у Францыі, фармаваліся каштоўнасныя асновы дэмакратычнага грамадства: найперш права на жыццё — супраць смяротнага пакарання, права на свабоду слова, мірных сходаў, веравызнання, юрыдычную абарону, усеагульнага выбарчага права. Абараняючы правы беларускіх грамадзян цягам двух дзесяцігоддзяў на нацыянальным і міжнародным узроўні, я, канешне,у нейкім сэнсе далучаюся і да каштоўнасцяў, выпрацаваных еўрапейскімі краінамі, у тым ліку і Францыяй.
— Трэба думаць, што падчас уручэння прэміі давалі слова і самім лаўрэатам, каб не абмяжоўваць іх правы. На што звяртаў увагу у сваёй прамове?
– Я выказаў шкадаванне, што ў маёй краіне сітуацыя з правамі чалавека працяглы час не змяняецца да лепшага. Беларусь застаецца адзінайкраінай у Еўропе, дзе да сёння прымяняецца смяротнае пакаранне. Беларусы застаюцца адзінымі на еўрапейскай прасторы, хто пазбаўлены магчымасці абараняць свае правы ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. У нас магчымым механізмам абароны сваіх правоў на міжнародным узроўні з’яўляецца толькі сістэма ААН па правах чалавека. Аднаксістэма гэтая неэфектыўная, паколькі беларускі ўрад не выконвае рашэнні, якія прымае ў Жэневе Камітэт ААН па правах чалавека на падставе індывідуальных зваротаў грамадзян.
Сказаў таксама, што беларускія ўлады штогод пераследуюць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.
Згадаў пра крымінальны пераслед Незалежнага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці, пра леташнюю спрабу ўраду ўвесці падатак на грамадзян, якія страцілі працу.
Магчыма, гэта некалькі пафасна, але напрыканцы прамовы я сказаў, што для мяне асабіста абарона правоў чалавека стала насычаным сэнсам жыцця.
— “Свабоду-Роўнасць-Братэрства” французы падмацоўваюць нейкім фінансавым дадаткам?
— Так, падмацоўваюць. Кожны з пяці лаўрэатаў, апроч дыплома і медаля, атрымаў яшчэ і 15 тысяч еўра.
— Ці былі нейкія нефармальныя сустрэчы ў Парыжы — з журналістамі, афіцыйнымі асобамі?
— У мяне былі асабістыя сустрэчы ў МЗС Францыі з прадстаўніцай па Усходняй Еўропе. Прымаў мяне і спецдакладчык ААН па пытаннях становішча праваабаронцаў Мішель Форст. У гутарках з імі таксама даводзілася гаварыць пра пераслед беларускімі ўладамі журналістаў-фрылансераў. Прывёў нават нядаўні прыклал пагрозы жыццю і здароўю Кастусю Жукоўскаму, якая прыйшла ад невядомай асобы на ягоную электронную пошту. Пагражалі і мне за тое, што я абараняю Жукоўскага ў судах і ваенкамаце. Дарэчы, па вяртанні з Парыжа я атрымаў адказ з міліцыі на сваю заяву наконт пагрозы. Міліцыя паведамляе, што IP-адрас, з якога дасылаліся мне і Жукоўскаму пагрозы, зарэгістраваны ў Канадзе.
Прэмія “Свабода-Роўнасць-Братэрства” заснавана Французскай Рэспублікай у 1988 годзе. Яна прысуджаецца штогод асобным людзям ці арганізацыям за ўклад у абарону правоў чалавека. На постсавецкай прасторы гэтую прэмію атрымлівалі праваабаронцы Чачні і Таджыкістана. Яе лаўрэатамі станавіліся таксама асобныя прадстаўнікі і арганізацыі тых краін, дзе правы чалавека знаходзяцца ў крытычным стане.