Суд газеты «Наша Ніва» / Мінск, 11.05.2011 г.
Справу па зыску Мінінфармацыі да «Нашай Нівы» прыпынілі
Але толькі да разгляду скаргі выдання на вынесенае міністэрствам трэцяе папярэджанне.
Сёння ў Вышэйшым Гаспадарчым судзе Беларусі адбылося папярэдняе слуханне па зыску Міністэрства інфармацыі аб закрыцці газеты «Наша Ніва». Паседжанне вёў суддзя Віктар Курыла.
Падставай для закрыцця адной з самых папулярных незалежных газет сталі вынесеныя цягам года тры папярэджанні ад міністэрства, адно з якіх было падпісана 14 красавіка і яшчэ не прайшло законную працэдуру абскарджання.
Менавіта гэта і дало падставу газеце хадайнічаць перад судом аб прыпыненні справы аб закрыцці «Нашай Нівы». Міністэрства інфармацыі не пярэчыла, і суддзя прыняў рашэнне на карысць газеты.
Такім чынам, афіцыйны разгляд зыску аб закрыцці «Нашай Нівы» пачнецца толькі па выніках разгляду скаргі газеты на папярэджанне ад 14 красавіка. (Чакаецца, што разгляд адбудзецца 18 мая.)
Спадзеваў на тое, што Міністэрства інфармацыі адмовіцца ад свайго жадання закрыць выданне, амаль няма. На сённяшнім паседжанні прадстаўнікі Мінінфарму адмовіліся разглядаць іншыя варыянты пакарання газеты.
Галоўны рэдактар газеты Андрэй Скурко цалкам задаволены сённяшнім рашэннем Вышэйшага Гаспадарчага суда (ВГС).
«На нашу думку, і два мінулагодніх папярэджанні, і гэтае апошняе — занадта фармальныя, каб закрыць „Нашу Ніву“. Калі нават тое парушэнне, якое мы дапусцілі, мела месца, то пакаранне проста несувымернае яму», — адзначыў Андрэй Скурко ў інтэрв’ю журналістам пасля завяршэння сустрэчы ў ВГС.
Галоўны рэдактар таксама адзначыў, што ніякія санкцыі не здольныя паўплываць на рэдакцыйную палітыку выдання.
««Наша ніва» ужо 10 гадоў (ці, можа, нават усе 100) застаецца такой, да якой усё прызвычаіліся, а хістаецца, на жаль, ідэалагічная «лінія дзяржавы. У апошні год „НН“ ніякім чынам не радыкалізавалася, ні экстрэмізавалася, а заставалася спакойнай і ўзважанай», — запэўніў Скурко.
Што тычыцца трагедыі ў мінскім метро і сітуацыі вакол інфармацыі пра Марыну Шубіч, да якой мае прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі, то галоўны рэдактар «Нашай Нівы» адзначае, што журналісты выдання працавалі ў надзвычайных умовах, у якіх памылкі не выключаныя.
«Мы лічылі сваім абавязкам даваць максімум інфармацыі пра тое, што адбываецца… Памыляюцца ўсе, памыліліся нават нашыя сілавыя структуры, якія запісалі ў спіс загінулых некалькі жывых асобаў», — нагадаў Андрэй Скурко.
«Мы не думаем, што публікацыяй пра Марыну Шубіч мы закранулі нейкім чынам грамадскія інтарэсы альбо падарвалі давер грамадства да дзяржавы, як пазначана ў папярэджанні Міністэрства інфармацыі», — адзначае рэдактар «Нашай Нівы».