Улады прызналі «экстрэмісцкім» кантэнт старонак «Новага Часу», «Брестской газеты», «Белсата» і іншых медыяў
Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла спіс інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі матэрыяламі. У яго дадалі яшчэ некалькі старонак у сацсетках, афіляваных з незалежнымі выданнямі. А таксама старонку ў Facebook віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай.
-
7 лютага суд Пінскага раёна і горада Пінска Брэсцкай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» групу «Новы Час/ Novy Čas» у сацыяльнай сетцы Facebook.
-
6 лютага суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай» старонку ў Instagram з адрасам @hajtaktv, што належыць тэлеканалу «Белсат».
-
8 лютага суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці пастанавіў прызнаць «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй Instagram-акаўнт «voice_of_belarus» і яго лагатып; акаўнт у Facebook «Informationsstelle Belarus 2023» і яго лагатып; YouTube-канал «Voice_of_Belarus» і лагатып канала. Voice of Belarus — гэта сетка медыярэсурсаў, створаных у 2020 годзе для асвятлення на замежных мовах пратэсных падзей у Беларусі, а таксама навін палітычнага жыцця ў краіне.
-
13 лютага суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкім» змест інтэрнэт-рэсурса ZNADNIEMNA.PL portal informacyjno-publicystyczny Polakow na Bialorusi.
«Гэта ўжо другі раз, — адкаментаваў занясенне рэсурса ў «экстрэмісцкі спіс» рэдактар выдання Анджэй Пісальнік. — Першы раз, калі гэта яшчэ быў сайт Саюза палякаў на Беларусі, яго прызналі экстрэмісцкім у студзені 2022 года».
-
31 студзеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі» сайты з назвай УНИАН і ідэнтыфікатарамі www.unian.net і www.unian.ua, групу ў Теlеgram пад назвай «УНИАН — новости Украины | война», групу ў Теlеgram «УНИАН Chat», старонку ў у сацсетцы Facebook з назвай «УНIАН» і старонку ў Х (Twitter) з назовам «unian». УНИАН — гэта ўкраінскае незалежнае інфармацыйнае агенцтва. Медыя паведамляе навіны з Украіны і з усяго свету.
-
8 лютага 2024 года суд Пінскага раёна і горада Пінска прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «Настоящая Беларусь» у сацсетцы Facebook, якую ў 2019 годзе стварыла віцебская відэаблогерка Алена Янушкоўская. Першыя відэаролікі яна здымала у вёсцы Суйкава, дзе жыла яе маці, і запрашала Аляксандра Лукашэнку прыехаць і паглядзець, як нялёгка жывуць людзі ў сельскай мясцовасці. У 2020 годзе асвятляла грамадскія пратэсты. Яе каля дзясятка разоў затрымлівалі і судзілі «за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Улады завялі супраць Алены Янушкоўскай і крымінальную справу — «за абразу прэзідэнта». Відэаблогерка была вымушаная з прычыны пераследу пакінуць Беларусь.
Чытайце яшчэ:
Нармалізацыя як умова выжывання. Што цяпер асвятляюць «перафарматаваныя» выданні
Суд у Брэсце надаў экстрэмісцкі статус незалежнаму сайту і акаўнтам мясцовых СМІ ў сацсетках
«Спадзяюся, ў яе атрымаецца». Ксеніі Луцкіной за кратамі споўнілася 40