• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нармалізацыя як умова выжывання. Што цяпер асвятляюць «перафарматаваныя» выданні

    Нармалізаваныя — гэта новы тэрмін, які актыўна ўваходзіць у айчынны прафесійны ўжытак. Выкарыстоўваецца ён у дачыненні да беларускіх медыяў, якія застаюцца ў краіне, але былі вымушаны пасля 2020 года істотна змяніць інфармацыйную палітыку. БАЖ паглядзеў, што за тэмы яны цяпер асвятляюць і як выходзяць з няёмкай сітуацыі.

    Onliner

    Рэдакцыя аднаго з найбуйнейшых навінавых сайтаў застаецца ў краіне, але яго інфармацыйная палітыка карэнным чынам змаянілася. Відавочна, што ўласнікі бізнэсу, які зарабляе на размяшчэнні прапановаў аб продажы электронных гаджэтаў і іншых спажывецкіх тавараў, пастаўленыя ў пэўныя рамкі. Ёсць чырвоныя рысы, якія перасякаць забаронена. На прыкладзе Onlin­er можна нават прасачыць, што за тэмы непакояць улады: палітыка, макраэканоміка, санкцыі, масавая эміграцыя беларусаў.

    Цяпер на сайце пяць інфармацыйных раздзелаў — «Кашалёк», «Лайфстайл», «Аўто», «Нерухомасць» і «Тэхналогіі». Знешне быццам бы мала што змянілася (хіба няма калонкі «Меркаванні», дзе раней часцяком выказваліся крытычныя і непрыемныя для ўладаў заўвагі), але калі ўважліва паглядзець, то немагчыма не заўважыць, напрыклад, адсутнаць публікацый пра эканоміку і палітыку. А калі ж яны з’яўляюцца, то гэта звычайна шэрагавыя навіны пра курсы валют і бытавыя аповеды, напрыклад, пра тое, як хлопец з невялікага горада зарабляе ў драўнянай майстэрні.

    Затое кідаецца ў вочы, што ва ўмовах цэнзуры і самацэнзуры журналістаў утварылася засілле заметак пра крымінал, здарэнні на дарогах і іншых махляроў. Тлумачэнне простае: гэта адносна бяспечныя тэмы са спасылкай на дзяржкрыніцы, за якія ніхто з кампетэнтных органаў не прычэпіцца.

    Поўнасцю ігнараваць адыёзных прыхільнікаў рэжыму сайт не можа. Такія тэмы, на якіх узнялася Вольга Бондарава, як рух ЛГБТ, заходнія святы (напрыклад, Дзень каханых), не ўздымаюцца.

    Калі ж з’яўляецца нейкая крытыка, то гэта звычайна спрэчкі паміж суседзямі, мінакамі і кіроўцамі, спажыўцамі тавараў і крамамі. Максімум, што можа дазволіць сёння партал, гэта асвятленне праблемаў дольшчыкаў жылля.

    У той жа час на Onlin­er перыядычна з’яўляюцца сюжэты, якія дазваляюць трымаць сувязь з «зямлёй». Гэта дазваляе хоць крыху адлюстроўваць працэсы ў Беларусі, хаця, канешне, не эканамічныя і не палітычныя.

    «Народная Воля»

    Да 2023 года здавалася, што гэта — адзінае  медыя, якое застаецца ў Беларусі і можа весці самастойную інфармацыйную палітыку, асвятляючы і палітычныя, і эканамічныя пытанні. Аднак улетку нязменны галоўны рэдактар выдання Іосіф Сярэдзіч абвесціў аб сыходзе, а новым уладальнікам стала фірма «Гіпер ПК».

    Ужо праз месяц, як заўважылі журналісты, з сайтам адбыліся дзіўныя метамарфозы. Палітычныя пытанні працягвалі асвятляцца, але фокус змяніўся на карысць улады. Стала заўважным, што транслююцца наратывы дзяржаўнай прапаганды, новы ўладальнік не чураецца нават фейкаў.

    У хуткім часе на гэта адрэагаваў Іосіф Сярэдзіч. Паводле яго, умовай перадачы даменнага імя было тое, што кантэнтам будуць займацца журналісты, якія ўваходзілі ў штат рэдакцыі газеты. Ён запэўніў, што будзе дзейнічаць з тым, каб аднавіць законнасць.

    Што адбывалася далей, невядома, але на дадзены момант сайт і Telegram-канал «Народнай Волі» не аднаўляюцца больш за два месяцы. Апошнія публікацыі датаваныя 7 снежня 2023 года. А ў вокладцы «Палітыка» размешчаныя артыкулы, загалоўкі якіх гавораць самі за сабе: «Лавров: Россия оценит перспективы восстановления отношений с ЕС», «Венгрия поддерживает диалог с Россией и Беларусью для урегулирования ситуации на Украине», «Беларусь и Россия планируют расширить военное сотрудничество».

    Да таго ж з сайта знікла беларуская мова. А тэксты на сацыяльную тэматыку нібыта павінны паказаць чытачу: усё нармальна, краіна развіваецца, нягледзячы на часовыя перашкоды. Гэтакая калька з дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА.

    ABW

    Драматычная гісторыя аднаго з старэйшых аўтамабільных парталаў краіны развівалася напрыканцы 2023 года. У лістападзе паведамлялася аб поўным спыненні працы. На сайце з’явіўся развітальны ліст. Літаральна за месяц да гэтага быў затрыманы дырэктар кампаніі, а яшчэ раней асуджаны два журналісты. Нягледзячы на ўсе перашкоды, рэдакцыя змагла аднавіць працу. Стужка навінаў з радасным паведамленнем ажыла ў студзені 2024 года.

    Канешне, на інфармацыйную палітыку паўплывалі цяперашнія ўмовы. Большасць публікацый носяць падкрэслена нейтральны характар. Журналісты фіксуюць дарожныя здарэнні, паведамляюць пра змены ў заканадаўстве, тлумачаць юрыдычныя нормы. Новыя ўмовы функцыянавання рынку знайшлі адлюстраванне ў рубрыкацыі. У прыватнасці, цяпер там ёсць асобны падраздзел «Навіны Расіі».

    Хаця прамой крытыкі дзяржорганаў няма, аднак ABW перыядычна ўздымае хвалюючыя грамадства пытанні. Напрыклад, у адным з артыкулаў расказваецца пра хібы ў інфраструктуры зарадак для электрамабіляў. Ці ўздымаецца пытанне ад грамадзянкі Расіі, якая атрымала, паводле яе, занадта вялікі штраф за перавышэнне хуткасці.

    Цікава, што ў карыстальнікаў сайта ёсць магчымасць пакідаць каменты і ставіць да іх лайкі. Зразумела, гэта можна зрабіць пасля адпаведнай аўтарызацыі і пасля прэмадэрацыі з боку адміністрацыі партала. Большасць каментаў носяць досыць нейтральны ці станоўчы характар.

    Kraj.by

    Непрыметна ў сярэдзіне 2023 года пад кантроль прапагандысцкага выдання «Мінская праўда» перайшоў буйны рэгіянальны праект (на што звярнула ўвагу «Наша Ніва»), які асвятляе падзеі ў Маладзечна, Вілейцы, Валожыне, Смаргоні, Мядзелі, Астраўцы, Ашмянах, Глыбокім, Докшыцах, Браславе, Паставах.

    Па-ранейшаму шмат «жывых» інфанагод, рэпартажаў і крытычных артыкулаў. 

    Цалкам у рэдакцыі атрымліваецца прытрымлівацца інфармацыйна нейтральнага стылю, не звальваючыся ў прапаганду. Рэгулярна з’яўляюцца крытычныя рэпартажы, напрыклад, пра стан рэкламных канструкцыяў ці аб спажывецкіх праблемах аграгарадка Аляхновічы. А днямі нават выйшла публікацыя пра тое, як рыхтуецца Маладзечна да Дня закаханых (у прапагандысткі Вольгі Бондаравай на гэтым месцы павінна здарыцца істэрыка).

    Канешне, без афіцыёзу не абыходзіцца — ёсць і інтэрв’ю з браслаўскім пракурорам, і неназойлівы сацыяльны заказ пра юрыстку, якая марыць, «каб усе кармілі грудзямі». Але гэта ўсё ж такі не ідзе ні ў якае параўнанне з адкрыта прапагандысцкімі выданнямі.

    «Прэсбол»

    Перыяд нармалізацыі некалі самага папулярнага спартыўнага выдання краіны праходзіў надзвычай хваравіта. Канфлікт у рэдакцыі пасля прызначэння туды кіраўніком былога карэспандэнта дзяржаўнага тэлеканала АНТ Сяргея Лісічкіна (памёр напрыканцы 2023 года) выплеснуўся вонкі. Частка калектыву пакінула рэдакцыю, а ў выданні сталі размяшчацца «пакаяльныя інтэрв’ю», з’явіліся «чорныя спісы», было і нарастанне прарэжымнага, ды і прарасійскага дыскурсу. 

    Цяпер жа электронная версія выдання стала цалкам прэснай. Адна з галоўных фішак партала — камунікацыя з карыстальнікамі — незваротна (?) страчана. Хоць на сайце можна пакідаць каментары, але для гэтага трэба пазначыць электронную пошту і нумар тэлефона.

    Аднак, відавочна, не толькі гэта адвярнула карыстальнікаў ад «Прэсбола». Вострыя аналітычныя публікацыі, з’едлівыя каментары, жорсткія інтэрв’ю, якімі славілася выданне, сышлі ў небыццё. Цяпер інфармацыйныя паведамленні з банальнай канстатацыяй вынікаў матчаў перамяшаныя з ліслівымі віншаваннямі з юбілеем былога кіраўніка федэрацыі футбола і стогнам пра санкцыі.

    Так, беларускае выданне размясціла каментар расійскага трэнера Андрэя Назарава з нагоды нядопуску Расіі і Беларусі да чэмпіянату свету па хакеі:

    — Расія ўжо даказала, што ўсе спробы яе ізаляваць з трэскам правальваюцца. Паглядзіце, наш прэзідэнт Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін бясспрэчна з’яўляецца самым папулярным і абмяркоўваемым чалавекам у свеце, яго інтэрв’ю амерыканскаму журналісту Такеру Карлсану набрала мільярд праглядаў на ўсіх мовах. Расійская эканоміка — наймацнейшая ў Еўропе.

    Дарэчы, рашэнне аб нядопуску выданне не каментуе, толькі спасылаецца на афіцыйную фармулёўку, але не называе сапраўдных прычын, у прыватнасці, тое, што пагрозай лічаць менавіта рэжымы дзвюх краін.

    Узнавіць стары добры «Прэсбол» на дадзены момант выглядае невыканальнай задачай. Яго нармалізаваная версія ўяўляе сабой кастрыраваны варыянт з прапагандысцкімі ўстаўкамі.

    Чытайце яшчэ:

    Навошта «Мерзкий Кокобай» рэкламуе выставу прапагандыстаў? Здаецца, дзяржава знайшла новы спосаб нармалізаваць блогераў

    Шлях да Беларусі ляжыць праз перамогу ва Украіне? Дыскусія пра тое, як утрымаць наш інфармацыйны парадак у свеце

    Іосіф Сярэдзіч: «Калі б у 1995‑м дэпутаты абаранілі «Народную газету», можа, па-іншаму развіваліся б падзеі»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці