• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як пісаць ці не пісаць пра палітвязняў і сітуацыю ў Беларусі. Меркаванне Уладзіміра Хільмановіча

    Гродзенскі журналіст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч даслаў Беларускай асацыяцыі журналістаў сваё бачанне вядомай праблемы. Пачытайце яго меркаванне наконт таго, як пісаць пра палітвязняў, каб не нашкодзіць, а калі ўвогуле лепш прамаўчаць.

    Гродна Хільмановіч

    «Пацярпелыя ад рэпрэсій не маюць ранейшага даверу да журналістаў»

    За чатыры гады, з 2020-га па 2024‑ы, грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі змянілася кардынальным чынам. А журналісцкая і праваабарончая супольнасці рэагавалі на новыя выклікі і рэаліі млява, запознена і, можна сказаць, нават неахвотна. Многія падыходы засталіся ранейшымі, хоць яны ўжо не адпавядаюць рэаліям часу, патрабаванням журналісцкай этыкі.

    Галоўным прынцыпам журналістыкі і адначасна ў сённяшніх рэаліях праблемай стала дапамагчы людзям. І пры тым, як у медыцыне, не нашкодзіць.

    Што ж змянілася істотнейшым чынам? Прававое поле ў Беларусі, якое хоць у нечым заставалася такім у 2020–21 гадах, за два апошнія гады разбурана дарэшты. Фактычна ў людзей не засталося права на абарону (на адвакатаў), на легальную падтрымку палітвязняў.

    Усе віды «бачнай» дапамогі прызнаныя дзяржавай дэ-факта незаконнымі і жорстка караюцца. Пацярпелыя ад рэпрэсій і іх сваякі з розных прычын не маюць ранейшага даверу да праваабаронцаў і незалежных журналістаў. Гэта таксама рэальнасць часу, якую трэба ўсведамляць і асэнсоўваць. Механічная фіксацыя рэпрэсій і тым больш неабачлівае публікаванне усёй інфармацыі не павінна быць самамэтай.

    Неабачлівась можа прывесці да трагедыі

    Як жа пісаць і не пісаць пра палітвязняў і палітычных рэпрэсаваных зараз? Найбольш яскравым і трагічным у выніку прыкладам журналісцкай неабачлівасці і неадказнасці я лічу гісторыю пра жоўтыя біркі.

    Многія беларускія незалежныя медыі апублікавалі інфармацыю пра жоўтыя біркі ў Шклоўскай калоніі і падкрэслівалі менавіта той факт, што пра гэта напісаў у сваім лісце Вітольд Ашурак. Вельмі імаверна, што менавіта пасля гэтага пачаліся ўзмоцненыя катаванні палітвязня, якога фактычна забілі.

    Інфармацыя пра жоўтыя біркі была патрэбная для апублічвання, але ж навошта было публікаваць, хто менавіта пра гэта паведаміў?! Важныя звесткі можна было б падаць зусім у іншай, нейтральнай форме, «не падстаўляючы» палітвязня.

    Вітольд Ашурак

    Вітольд Ашурак. Фота: Вольгі Быкоўскай

    Наступны, больш дробны прыклад. Часта ў інфармацыях падаецца наступнае: абвінавачаны прызнаў/не прызнаў сваю віну. Які практычны сэнс такой інфармацыі па палітычных карных працэсах?

    Бо калі абвінавачаны прызнаў віну, то гэта ў пэўным сэнсе яго прыніжае ў вачах іншых людзей (а мы ў пераважнай бальшыні выпадкаў ня ведаем, ці ён сам прызнаў ці яго змусілі рознымі гвалтоўнымі спосабамі да такога прызнання!). А калі ён прынцыпова не прызнаў, а мы пра гэта пішам, то правакуем карныя органы да далейшага ціску на палітвязня і імаверных катаванняў.

    Зразумела, што варта адсочваць выхад палітвязняў на волю. Але ці патрэбная шырокая публікацыя пра гэта? У сітуацыі, калі выйшаўшых на волю часта пераследуюць далей, такая інфармацыя можа справакаваць далейшы пераслед.

    Часта ў медыях пры апісанні жорсткіх рэпрэсій і катаванняў палітвязняў, цяжкай іх сітуацыі, недарэчна публікуюцца ранейшыя здымкі, дзе фігуранты артыкулаў усміхаюцца ад шчасця. Выглядае гэта, на мой погляд,  зусім неэтычна і недарэчна. Ці так важна ў такой сітуацыі  падаць абавязкова такі здымак, калі няма больш карэктнага фота арыштаванага ці палітвязня?

    Тэрміналогія медыяў фактычна не змянілася з 2019 года

    Сама тэрміналогія беларускіх медыяў і праваабаронцаў, на жаль, фактычна не змянілася з 2019 года. Па-мойму, гэта вельмі прыкра, бо ідзе падмена паняццяў.

    Амаль усе медыі надалей пішуць: «беларускія ўлады», «беларускі рэжым», «беларускія турмы», «беларускія калоніі» і да т. п. (а яны ж яскрава якраз менавіта АНТЫбеларускія!). Па сутнасці такая канатацыя вядзе да адмоўнай сэнсавай нагрузкі. У тым ліку і пры ўспрыманні беларусаў суседзямі, калі ўся адказнасць за тыя злачынствы, што адбываюцца зараз у Беларусі, у роўнай ступені кладзецца на ўсіх прадстаўнікоў нацыі. Упэўнены, што куды карэктней пісаць: «улада Беларусі», «цяперашні рэжым у Беларусі», «турмы Беларусі», «калоніі Беларусі» і г. д.

    Часта ў артыкулах можна сустрэць фразы кшталту «палітвязень N святкуе свой дзень нараджэння за кратамі». Як па мне, дык гэта гучыць проста як дадатковы здзек з чалавека. Нават словазлучэнне «адзначае свой дзень народзінаў» некарэктнае. Падаць такую інфармацыю можна больш нейтральна, напрыклад, «сустракае свой дзень народзінаў за кратамі».

    Незразумела, навошта надалей у публіцыстыцы карыстацца такімі тэрмінамі як «папраўчая калонія», «прызначана пакаранне на 10 гадоў» і т. п. Няўжо, калі напісаць проста «калонія», «засуджаны да 10 гадоў зняволення», мы не данясем да адрасата галоўны сэнс таго, што адбылося?

    Папаўненне «экстрэмісцкага спісу» Мінінфарма

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    У беларускую мову ўкаранілася вельмі шмат шкодных калек з расійскай слэнгавай мовы. Найбольш характэрны прыклад, калі беларускамоўныя медыі пішуць: «далі 3 гады калоніі», «далі штраф 10 базавых велічынь». Пры тым ідзе падмена сэнсу і сутнасці з’явы, паколькі чалавеку не далі, а ў яго забралі. Забралі 3 гады жыцця на волі, забралі вялікую суму грошай…

    У сітуацыі фактычна анексіі Беларусі Расіяй, нават у многіх незалежных беларускіх і беларускамоўных медыях прасоўваюцца наратывы расейскацэнтрычнай прапаганды ў выглядзе розных найменняў. Прыкладам, калі старшыні гарвыканкамаў называюцца мэрамі, а старшыні аблвыканкамаў — губернатарамі. Гэта вельмі шкодная і згубная з’ява.

    Пытанняў такога кшталту шмат, некаторыя з іх дастаткова дыскусійныя, але наспеў час адрасаваць іх беларускім журналістам і праваабаронцам.

    Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй Беларускай асацыяцыі журналістаў. Калі ў вас ёсць іншы погляд на дадзеную праблему, просім дасылаць тэкст для аўтарскай калонкі на адрас office@baj.media

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці