Супраць блогеркі Алены Янушкоўскай распачалі крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі
Саму Алену Янушкоўскую абвясцілі ў вышук, а да таго часу, як знойдуць, крымінальную справу прыпынілі.
Блогерка дзівіцца, навошта яе шукаць:
— Я была вымушаная з’ехаць у Варшаву, але я не хаваюся. На маім відэаканале «Настоящая Беларусь» я працягваю размяшчаць відэаролікі з грамадскіх акцый у Польшчы. У каторым з іх міліцыянты ўбачылі абразы, я нават не ўяўляю. Мяне ніхто не апавяшчаў, які менавіта відэаролік фігуруе ў крымінальнай справе.На хатні адрас даслалі толькі паперу з дзесяцізначным нумарам справы, і ў гэтым дакуменце паведамляецца, што мяне абвясцілі ў вышук.
Тыдзень таму ў хаце Алены Янушкоўскай у вёсцы Суйкава Віцебскага раёна быў праведзены ператрус. На дадзены момант там пражывае прыёмная дачка Алены Янушкоўскай з двума дзецьмі. Аднак і ёй не патлумачылі прычыны ператрусу, сказаўшы толькі, што блогерка “нешта не тое размясціла ў інтэрнэце”.
Абвяшчэнне ў вышук азначае, што Алена Янушкоўская не зможа найбліжэйшым часам вярнуцца ў Беларусь, бо яе тут жа затрымаюць. Блогерка кажа, што ўсё ж спадзяецца на вяртанне на Радзіму — калі тут будзе бяспечна.
У доме віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай правялі ператрус