У доме віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай правялі ператрус
Алена Янушкоўская ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца ў замежжы, але міліцыянты з’явіліся ў яе хату ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна, дзе зараз жыве прыёмная дачка блогеркі з двума дзецьмі.
Як распавяла прыёмная дачка Святлана, міліцыянты шукалі незарэгістраваную сімволіку ды распытвалі, ці вярталася Алена Янушкоўская дахаты і ці не збіраецца зрабіць гэта найбліжэйшым часам. Пра тое самае міліцыянты распытвалі і суседзяў-аднавяскоўцаў, а прыёмнай дачцэ патлумачылі, што ператрус робяць, бо маці “нешта не тое размясціла ў інтэрнэце”.
Алена Янушкоўская мусіла пакінуць Беларусь праз судовы пераслед і пакаранні адміністрацыйнымі арыштамі нібыта за ўдзел у мінулагодніх пратэстах. Блогерка рабіла з іх стрымы і размяшчала на сваім відэаканале “Настоящая Беларусь“. Адзін з апошніх відэаролікаў і стаў непасрэднай прычынай ператрусу, мяркуе Алена:
— Мой відэаролік “Малітва за Беларусь з Вячаславам Барком” трапіў у пералік так званых “экстрэмісцкіх” матэрыялаў. Ініцыявала гэта ўсё пракуратура Расонскага раёна. Ксёндз Вячаслаў Барок служыў у Расонскам касцёле і таксама з’ехаў з Беларусі, бо яго вінавацілі ў “экстрэмісцкіх” выказваннях у ягоным відэаблогу.
“Малітва за Беларусь” — гэта цыкл акцый, якія праводзяць у Варшаве беларусы, што былі вымушаныя з’ехаць у Польшчу. Алена Янушкоўская дапамагае ў арганізацыі гэтых сустрэч і вядзе з іх наўпроставыя трансляцыі.