Магілёўскі блогер і журналіст Аляксей Бацюкоў, імаверна, затрыманы
Паводле сяброў Аляксея Бацюкова, пасля ператрусу ў яго жыллі і допыту ў КДБ 5 снежня ён не вярнуўся дахаты. Дзе ён зараз — невядома.
5 і 6 снежня ў Магілёве і магілёўскім рэгіёне прайшлі ператрусы і допыты журналістаў і актывістаў, падазраваных у сувязях з рэгіянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus. Гэтыя медыя Камітэт дзяржбяспекі прызнаў 29 лістапада «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Паведамленне пра такі статус з’явілася на сайце МУС Беларусі 4 снежня.
Як вынікае са зместу перадачы «Мордой в пол!», паказанай у мінулую пятніцу на дзяржтэлеканале «Беларусь 4 Могилев», былога дырэктара Музея гісторыі Магілёва, відэаблогера Аляксея Бацюкова вельмі жорстка затрымлівалі ўзброеныя байцы АМАП. У ягоную кватэру выбілі дзверы, гаспадара змусілі легчы на падлогу тварам уніз, трымаючы рукі за галавой.
У перадачы сцвярджаецца, што менавіта Аляксей Бацюкоў рэдагаваў адзін з медыярэсурсаў, які КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем». А таксама што менавіта ён удзельнічаў у размеркаванні нейкіх фінансаў, прызначаных на заробкі журналістаў.
Ёсць у відэасюжэце і яшчэ адзін момант, што выклікае шмат пытанняў у магілёўскага актывіста Змітра Салаўёва, які зараз жыве за мяжой пасля вымушанай эміграцыі. (Вядоўца магілёўскага ТБ Віталіна Петрусевіч называе Салаўёва «подельником» Бацюкова.)
«У перадачу ўключаныя фрагменты маіх гутарак з Бацюковым праз Тэлеграм. Першая размова адбылася 6 снежня: Аляксей распытваў мяне, як можна з’ехаць з Беларусі. Але мяне насцярожыла, што ён падрабязна распытвае пра тое, чым людзі з падобнымі намерамі звычайна не цікавяцца. 7 снежня ад яго быў яшчэ адзін падобны званок, і пасля прагляду перадачы я практычна перакананы, што Бацюкоў звяртаўся да мяне проста ў службовым кабінеце падчас допыту. Што яго змусілі так зрабіць, каб выпытаць інфармацыю», — распавёў Зміцер Салаўёў.
Ён таксама занепакоены тым, што нават блізкія не ведаюць, дзе цяпер Аляксей Бацюкоў:
«Калі ўявіць сабе, што ён вырашыў выехаць з Беларусі, то за два тыдні ён дакладна знайшоў бы магчымасць выйсці на сувязь. Таму я амаль што ўпэўнены: яго затрымалі, і верагодна, у межах крымінальнай справы».
Зміцер Салаўёў прыгадвае, што Алексея Бацюкова сёлета напрыканцы ліпеня – пачатку жніўня затрымлівалі па адміністрацыйнай справе. Ён адбыў у ізалятары часовага ўтрымання трое сутак да суда, а потым яшчэ восем сутак, ужо паводле рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва. Тады Бацюкова прызналі вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 19.11 КаАП — у распаўсюдзе так званай «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі».
У 2020 годзе Аляксей Бацюкоў быў аштрафаваны за «ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях». Як следства, у студзені 2021 года з ім не працягнулі працоўны кантракт, і навуковец быў вымушаны пакінуць пасаду дырэктара Музея гісторыі Магілёва.
Дарэчы, за амаль 10-гадовы тэрмін працы пад ягоным кіраўніцтвам музейная ўстанова здолела на грамадскія ахвяраванні вярнуць у Беларусь і папоўніць калекцыю каштоўнымі артэфактамі і старадрукамі. Сярод іх — Статут Вялікага Княства Літоўскага і кніга Казіміра Семяновіча «Вялікае майстэрства артылерыі». Музей стаў пляцоўкай для асветніцкіх, культурных ды музычных дзеяў.
Пасля сыходу з музея Аляксей Бацюкоў стварыў на YouTube ўласны відэаканал, дзе распавядаў пра гісторыю Магілёва.
Чытайце яшчэ:
Шведская асацыяцыя журналістаў адправіла калядныя паштоўкі зняволеным беларускім калегам
«Отдыхать от театра можно в любой момент. Только зачем?» Год назад не стало критика Алексея Стрельникова
Міністр інфармацыі: Супраць нас працуе сур’ёзная тэхналагічная машына