• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Газета «Intex-press» вярнулася ў шапікі

    Упершыню за апошнія 11 гадоў баранавіцкая незалежная газета “Intex-press” патрапіла на прылаўкі Саюздрука.

    Калі ў 2006 годзе “Intex-press” выгналі з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду, у шапіках Саюздрука прадавалі каля 2,5 тысячы асобнікаў, каля 1 000 распаўсюджвалася па падпісцы.

    — Вядома, гэта добрая навіна — у нас пашыраюцца магчымасці патрапіць да чытачоў, з’явіліся новыя каналы распаўсюду. Але і тэхналагічныя і эканамічныя рэаліі сёння такія, што нам не даводзіцца чакаць вялікіх дывідэндаў ад гэтага вяртання, — кажа Уладзімір Янукевіч, дырэктар ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс».

    Для чытачоў газеты Intex-press гэты канал рэалізацыі за 11 гадоў стаў па сутнасці новым, гэты шлях да чытачоў выданню яшчэ трэба прайсці. У шапікі «Брэстаблсаюздрука» ў красавіку рэдакцыя штотыдзень аддавала каля 500 асобнікаў. Спісанне першых паставак склала каля 50 %. Паступова гэта лічба змяншаецца, але яна значна вышэй, чым па іншых гандлёвых кропках. 

    — А ў дамове ёсць пункт, што пры 30%-ым спісанні «Брэстаблсаюздрук» можа скасаваць з намі дамову. Пры гэтым мы ніяк не можам паўплываць на тое, у якія шапікі колькі нашых газет аддаваць. Так што тэарэтычна пры жаданні нескладана арганізаваць скасаванне з намі дамовы на законных падставах, — кажа Уладзімір Янукевіч.

    Зрэшты, ён мяркуе, што калі гэта адбудзецца, то гэта будзе такое ж палітычнае рашэнне, як і рашэнне 2006 года пра выключэнне Intex-press з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду ці як рашэнне 2017 года пра вяртанне выдання назад.

    — Эканамічна продажы газеты “Intex-press” былі для баранавіцкіх пунктаў «Брэстаблсаюздрука» ў 2006 годзе самымі выгоднымі — нашых газет там прадавалі нават больш, чым «Камсамолкі». Аднак гэта не перашкодзіла скасаваць з намі адносіны. Ніякага тлумачэння няма і таму, чаму шэраг перыядычных выданняў не вярнулі ў дзяржаўную сістэму распаўсюду разам з «Нашай Нівай» і «Народнай воляй», — кажа Уладзімір Янукевіч.

    У траўні рэдакцыі Intex-press так і не атрымалася скласці дамову на продаж газеты ў аддзяленнях «Белпошты», хоць з іншымі незалежнымі выданнямі такія дамовы склалі.

    — Я асабіста не бачу іншага чынніку, акрамя як лабіяванне мясцовымі органамі ўлады інтарэсаў дзяржаўнай прэсы, якія бачылі і бачаць у нашым выданні сур’ёзнага канкурэнта, — кажа Уладзімір Янукевіч.

    Андрэй Пузыноўскі, начальнік аддзела маркетынгу ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» ставіцца больш аптымістычна да вяртання ў дзяржаўную сістэму распаўсюду.

    — У мяне стварылася ўражанне, што ў кропках «Брэстаблсаюздрука» прадаўцы зацікаўленыя працаваць і зарабляць. Зараз жа падаюць продажы ўсіх друкаваных выданняў. Тыя прадаўцы, якія працавалі яшчэ ў 2006 годзе і памятаюць продажы нашай газеты, сустрэлі нашае вяртанне з радасцю і запалам, — распавядае Андрэй Пузыноўскі.

    Ён кажа, што ў «Брэстаблсаюздрука» ёсць свае сталыя кліенты, якія любяць набываць перыёдыку менавіта там.

    — Гэта асаблівая катэгорыя знаўцаў друкаванай прадукцыі. Я не думаю, што мы дасягнём узроўню продажаў 2006 года, але я рады, што мы вярнуліся менавіта да гэтага чытача, — кажа начальнік аддзела маркетынгу ТАА Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс».

    Што да падпіскі, то Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» стварыў за гэтыя гады сваю сістэму распаўсюду. Паслугі Выдавецкага дома значна таннейшыя, чым у «Белпошты».

    — Але вяртанне ў падпісны каталог на другое паўгоддзе — гэта таксама добрая навіна для чытачоў. Прыватны сектар, вёскі, турмы, калоніі — там рэальна атрымліваць нашу газету стане прасцей, — распавядае Андрэй Пузыноўскі.

    Уладзімір Янукевіч, дырэктар Выдавецкага дома «Інтэкс-прэс” кажа, што не адмовіцца і ад уласнай сістэмы распаўсюду, якую атрымалася стварыць за апошнія 11 гадоў: «Раптам ізноў прыйдзе 2006‑ы”.

    Нагадаем, у лютым рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перадаў кіраўніку дзяржавы спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Лукашэнка абяцаў вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ.

    Тыя, хто звярнуўся ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюды, сапраўды атрымалі станоўчыя адказы ўпершыню за шмат год.

    “Борисовские новости” вяртаюцца ў шапікі «Саюздруку» і гандлёвыя цэнтры

    Упершыню ад 2003 году газэта «Свободные новости» трапіла ў падпіску «Белпошты»

    «Газета Слонімская» ўпершыню за 11 гадоў у кіёсках

    «Новы Час» — у кіёсках Мінска і Мінскай вобласці

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці