«Газета Слонімская» ўпершыню за 11 гадоў у кіёсках!
Ад 5 красавіка "Газету Слонімскую" можна нарэшце купіць у кіёсках "Гроднааблсаюздруку". У пятніцу, 7 красавіка, там з'явіцца і "Новы Час".
Нагадаем, у лютым рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перадаў кіраўніку дзяржавы спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Лукашэнка абяцаў вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ.
Тыя, хто звярнуўся ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюды, сапраўды атрымалі станоўчыя адказы ўпершыню за шмат год. Так «Газета Слонімская», «Новы Час», «Intex-press» і «Борисовские новости» вяртаюцца ў шапікі на гэтым тыдні.
Да гэтага «Газета Слонімская», напрыклад, 11 гадоў не мела магчымасці знаходзіцца на прылаўках побач з іншай перыёдыкай.
Большасць згаданых выданняў, а таксама «СНплюс. Свободные новости плюс» і «Вольнае Глыбокае» цяпер знаходяцца на этапе ўзгаднення для ўключэння ў падпісны каталог «Белпошты» на другое паўгоддзе. Аднак канчатковыя дамовы пакуль не падпісаныя ні ў каго.