Ад сённяшняга дня «Новы Час» — у кіёсках Мінска і Мінскай вобласці!
Агульнарэспубліканскае выданне "Новы Час" ад сённяшняга дня можна набыць у кіёсках "Белсаюздрук". Пакуль у Мінску і Мінскай вобласці. Таксама ўжо можна падпісавацца на выданне на другое паўгоддзе — падпісны індэкс 63279.
— Усе нумары цяпер асаблівыя, бо мы распавядаем пра бурлівыя падзеі, што адбываюцца ў краіне. У гэтым нумары ёсць цікавы матэрыял — пачатак серыі артыкулаў пра рэпрэсаваных асобаў, якіх ніхто такімі не лічыў. Гэтых людзей высылалі без тэрміну, звычайна за эканамічныя злачынствы. Аўтар — Уладзімір Валодзін — абапіраецца на архіўныя звесткі, нідзе пра гэта яшчэ не пісалі. Я ўдзячная чытачам, якія падтрымлівалі нас усе гэтыя гады, і спадзяюся, што яны застануцца з намі і цяпер, будуць пытацца пра газету ў шапіках, набываць яе, — расказала прэс-службе БАЖ рэдактар «Новага Часу» Аксана Колб.
Цікава, што першы нумар, які пойдзе ў шапікі, мае 13‑ы нумар, але ў рэдакцыі спадзяюцца, што ён будзе шчаслівым.
Нагадаем, у лютым рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перадаў кіраўніку дзяржавы спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Лукашэнка абяцаў вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ.
Тыя, хто звярнуўся ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюды, сапраўды атрымалі станоўчыя адказы ўпершыню за шмат год. Так «Газета Слонімская», «Новы Час», «Intex-press» і «Борисовские новости» вярнуліся ў шапікі на гэтым тыдні.
Большасць згаданых выданняў, а таксама «СНплюс. Свободные новости плюс» і «Вольнае Глыбокае» цяпер знаходяцца на этапе ўзгаднення для ўключэння ў падпісны каталог «Белпошты» на другое паўгоддзе.
Набывайце незалежную прэсу! 🙂