• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Упершыню ад 2003 году газэта «Свободные новости» трапіла ў падпіску «Белпошты»

    На незалежны тыднёвік «Свободные новости плюс» зноў можна аформіць падпіску.

    Як расказаў Свабодзе галоўны рэдактар выданьня Васіль Зданюк, з другога паўгодзьдзя 2017 году газэта зьявіцца ў каталёгу «Белпошты».

    Паводле Зданюка, такой магчымасьці рэдакцыя была пазбаўленая апошнія 14 гадоў, і ён спадзяецца, што падпісная кампанія будзе ўдалай.

    Васіль Зданюк тлумачыць вяртаньне ў сыстэму «Белпошты» невялікім лібэральным ухілам уладаў. Некалькі гадоў таму тыднёвіку дазволілі прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку».

    «Падпіска для нас вельмі важная, — гаворыць Васіль Зданюк. — Сёньня асноўны спажывец друкаваных СМІ жыве ў сельскай мясцовасьці і невялікіх гарадах, у Менску ды абласных цэнтрах людзі больш карыстаюцца інтэрнэтам. А ў вёсцы няма шапікаў, купіць газэту немагчыма. Адпаведна, спадзеў толькі на падпіску. Таму разьлічваем, што цяпер да вясковага жыхара „Свободные новости плюс“ дойдуць безь перашкод.

    Увесь наш наклад — звыш 27 тысяч — цалкам у шапіках прадаецца. Спадзяёмся, што цяпер да гэтай лічбы нешта дадасьць падпіска. Нават заклікаем: хай дзеці падпішуць сваіх бацькоў па вёсках. Хто там будзе гэтым займацца? А дзеці ў гарадах парупяцца, старым будзе прыемна. Яна недарагая: на месяц меней за 3 рублі, на тры месяцы — 8 рублёў з капейкамі».

    Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся сёлета ў лютым з галоўным рэдактарам газэты «Народная воля» Ёсіфам Сярэдзічам, паабяцаў, што праблемы з распаўсюдам незалежных і рэгіянальных газэт праз пошту і шапікі «Белсаюздруку» больш ня будзе. Сярод выданьняў, якім быў вернуты доступ у шапікі і пошту — «Борисовские новости», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», Intex-press, «Новы час», «Свободные новости плюс», «Рэгіянальная газета» і «ARCHE. Пачатак».

    Сваім днём нараджэньня «Свободные новости» лічаць люты 1991 году. Пэўны час абмяжоўваліся фарматам альманаху (раз на два тыдні), а ў 1994‑м, са зьменай формы ўласнасьці, атрымалі статус тыднёвіка.

    Наклад выданьня ў свой час перавышаў 100 тысяч асобнікаў.

    У 2003‑м «Свободные новости» былі выкрасьленыя з каталёгу «Белпошты».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці