• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Два гады ад разгрому партала Tut.by. Дырэктарку і галоўную рэдактарку пакаралі неадэкватнымі тэрмінамі зняволення

    Роўна два гады таму, 18 траўня 2021 года, сілавікі ўварваліся ў офіс інфармацыйнага партала Tut.by, паставіўшы крыж на існаванні звышпулярнага медыйнага праекта. З паўтара дзясяткаў арыштаваных супрацоўнікаў двое дагэтуль за кратамі — гендырэктарка Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава, асуджаныя на 12 гадоў пазбаўлення волі кожная. 

    Вось ужо два гады 18 траўня атаясамляецца з «чорнай датай» для ўсіх, хто ствараў і спажываў інфармацыйную прадукцыю партала Tut.by. Агулам — многія мільёны чытачоў і падпісчыкаў, уключна з дзяржслужбоўцамі. Колькасць штомесяцовых праглядаў старонак недзяржаўнага медыяпартала сягала за 200 мільёнаў.

    У гэты дзень 2021-га калектыў тутбаеўцаў папросту пазбавілі права на прафесію, а шматлікую аўдыторыю адштурхнулі ад якаснай журналістыкі.   

    Пасля татальнага ператрусу ў пастарунках апынуліся паўтара дзясятка супрацоўнікаў, уключна з Юліяй Чарняўскай, жонкай памерлага заснавальніка партала Юрыя Зісера. На ўсіх завялі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

    Рашэннем Міністэрства інфармацыі вядомы ўсім беларусам сайт быў заблакаваны, дзейнасць калектыву паралізаваная. Пазней частка журналістаў і менеджараў былой каманды, якім удалося вырвацца з Беларусі, арганізавалі і цяпер насычаюць кантэнтам інфармацыйны рэсурс Zerkalo.io.

    Закрыты працэс над супрацоўнікамі зліквідаванага ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» пачаўся ў Мінскім гарадскім судзе 9 студзеня 2023 года — на яго прызначылі дасведчаную ў палітычных справах суддзю Валянціну Зянкевіч. 

    Пры гэтым, паводле боку абвінавачання, бальшыню фігурантаў пасля дасудовага ўтрымання ў СІЗА і хатнім арыштам вызвалілі пад падпіскі аб нявыездзе і неразгалошванні — тыя нібыта прызналі віну, кампенсавалі прычынены ўрон і заявілі хадайніцтвы на адрас Аляксандра Лукашэнкі аб вызваленні ад адказнасці паводле падставаў, прадугледжаных арт. 88–1 Крымінальнага кодэкса. 

    На першае пасяджэнне ўрэшце выклікалі пецярых абвінавачаных: галоўную рэдактарку Марыну Золатаву і генеральную дырэктарку Людмілу Чэкіну, якія заставаліся пад вартай ад 18 траўня 2021-га, а таксама вызваленых пад паручальніцтвы з абавязкам з’явіцца ў суд рэдактарку палітыка-эканамічнага блока Вольгу Лойку, журналістку Алену Талкачову і юрыдычную кансультантку Кацярыну Ткачэнку. Трое апошніх з’ехалі за мяжу, як толькі назвалі дату працэсу. Іх абвясцілі ў міжнародны вышук, справу вылучылі ў асобную «спецвытворчасць».  

    Першапачаткова тутбаеўцаў абвінавацілі па шэрагу «злачынстваў» — ад нясплаты падаткаў да нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы. 

    У прыватнасці, Людмілу Чэкіну вінавацілі паводле такіх артыкулаў:

    - ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры (арт. 243 КК);

    - распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы (арт. 130 КК);

    - заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК).

    Марыне Золатавай інкрымінавалі наступнае:

    - ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК);

    - заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);

    - распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).

    Вользе Лойцы і Алене Талкачовай прад’явілі:

    - дапамога ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 6 арт. 16 КК, ч. 2 арт. 243 КК);

    - наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 3 арт. 130 КК);

    - заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК).

    Кацярыне Ткачэнцы прыпісалі найменш:

    - дапамога ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 6 арт. 16 КК, ч. 2 арт. 243 КК);

    - актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

    Таксама бокам абвінавачання даводзілася, што Людміла Чэкіна разам з Марынай Золатавай, Вольгай Лойкай і Аленай Талкачовай мелі дачыненне да публікацыі ў 2020–2021 гадах на сайце Tut.by і звязаных акаўнтах у сацсетках матэрыялаў, што змяшчалі «загадзя пазітыўную ацэнку дзеянняў апанентаў улады і негатыўнае адлюстраванне рашэнняў службовых асоб, якія выступалі за захаванне дзейнага канстытуцыйнага ладу, прыхаваную каардынацыю пратэснай актыўнасці ў грамадстве, звесткі, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі і прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы».

    Камітэт дзяржбяспекі Беларусі ўнёс Людмілу Чэкіну, Марыну Золатаву, Вольгу Лойка і Алена Талкачову ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

    Па факту суд пастанавіў вярнуцца да спраў Вольгі Лойкі, Алены Талкачовай і Кацярыны Ткачэнкі пасля іх «вяртання», затое на Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай суддзя Валянціна Зянкевіч адцягнулася па поўнай — 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму кожнай. Жорсткі вырак быў агучаны 17 сакавіка 2023 года, спробы аспрэчыць неадэкватныя тэрміны ў Вярхоўным судзе аказаліся марнымі.  

    Агулам прайшлі амаль чатыры дзясяткі закрытых пасяджэнняў, «сакрэтных матэрыялаў» назбіралася аж на 180 тамоў. З прычыны надзвычайнай сакрэтнасці да апошняга нават не было вядома, якія тэрміны для супрацоўніц партала запатрабавала пракуратура.

    Праваабарончая супольнасць прызнала Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну палітычнымі зняволенымі.

    Чытайце яшчэ:

    «Ці вырашыла з ліквідацыяй TUT.BY і іншых незалежных медыя дзяржава хоць адну праблему?» Марына Золатава — беларусам пра Беларусь

    Заблакаваныя рахункі ва Украіне, пытанні легалізацыі — праблемы журналістаў у выгнанні ўвайшлі ў даклад ПАРЕ

    Сайт MOST, а таксама ўсе праекты і сацсеткі журналіста Руслана Кулевіча прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці