Сайт MOST, а таксама ўсе праекты і сацсеткі журналіста Руслана Кулевіча прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
Інфармацыйны партал MOST і яго старонкі ў сацсетках, а таксама іншыя праекты і асабістыя акаўнты ў сацсетках гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне 17 траўня 2023 года прыняло Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
Часткамі экстрэмісцкага фармавання МУС пералічвае, усё што звязана з інтэрнэт-выданнем MOST:
-
Telegram-канал
-
Telegram-чат MOST Chat
-
Telegram-бот MOST Bot
-
Суполка ў «Одноклассники»
-
Старонка ў Instagram
-
Старонка ў Facebook
-
Старонка ў «ВКонтакте»
-
Старонка ў Twitter
-
Cтаронка ў TikTok
-
Лагатып MOST Media
Усё асабістыя акаўнты Руслана Кулевіча ў сацыяльных сетках і месенджарах: Telegram, Instagram, Facebook, «ВКонтакте», «Одноклассники». Іншыя праекты журналіста: You-Tube каналы «Мы вернёмся» і «Беларусы могут», старонку «Новости Гродно І Grodno news» у «ВКонтакте».
«MOST заўсёды працаваў адкрыта. Да нас у рэдакцыю можа зайсці кожны чытач. Такая смеласць не можа не раздражняць дыктатарскі рэжым, які ўсе гады свайго існавання імкнецца застрашыць і знішчыць любое праяўленне свабоды і салідарнасці. Для нас нічога не змянілася, мы працуем далей і будуем MOST, які прывядзе нас да дэмакратычнай Беларусі», — так пракаментавала рэдакцыя навіну аб далучэнні да ліку экстрэмісцкіх фармаванняў.
Руслан Кулевіч — «экстрэміст» са стажам. Яго старонкі ў сацсетках прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў студзені 2023 года. Прадукцыю і сацсеткі інтэрнэт-рэсурсу MOST прызнавалі экстрэмісцкімі матэрыяламі нават двойчы: у траўні 2022 года адпаведнае рашэнне вынес суд Ленінскага раёна г. Гродна, у красавіку 2023 года — суд Крупскага раёна Мінскай вобласці.
MOST пазіцыянуе сябе як рэгіянальнае медыя ў Беластоку для беларусаў па абодва бакі мяжы. Рэдакцыя MOST — каманда беларускіх журналістаў у вымушанай эміграцыі пад кіраўніцтвам Руслана Кулевіча. Сярод іншага сайт распавядае пра навіны і падзеі Беластока, Гродна, Беларусі і Польшчы; пра жыццё беларуска-польскага памежжа: людзей, гісторыю, культуру, турызм і бізнес; пра падзеі на мяжы. «Наша місія — аб’яднаць беларусаў Беластока, заставацца інфармацыйным мостам паміж Беларуссю і Польшчай» — гаворыцца на старонцы сайта.
У апошнія два тыдні ў Гродне сілавікі затрымліваюць дзясяткі чалавек за падпіскі на старонкі і асабістыя акаўнты людзей, якіх МУС раней назвала экстрэмісцкімі матэрыяламі. За падпіску ж на старонкі «экстрэмісцкіх фармаванняў» людзям у Беларусі пагражае ўжо не адміністрацыйная, а крымінальная адказнасць.
Чытайце яшчэ:
Рашэннем суда знішчылі 25 кніг журналіста Дзяніса Івашына. Якія?
Экспрэс-фактчэкінг. Як заўважыць фэйк і спыніць маніпуляцыю?
Выйшла новае відэа Пасольства Германіі ў Мінску. Гэтым разам — на тэму свабоды прэсы