• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заблакаваныя рахункі ва Украіне, пытанні легалізацыі — праблемы журналістаў у выгнанні ўвайшлі ў даклад ПАРЕ

    Беларускія журналісты, якія працуюць у выгнанні, сутыкаюцца з такімі ж праблемамі, як і іншыя суайчыннікі — складанасці ў легалізацыі, доступ да банкаўскіх рахункаў, блакаванне заробкаў. Гэта адзначаецца ў дакладзе, падрыхтаваным Міграцыйным камітэтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ). Даклад будзе разгледжаны на сесіі ў чэрвені.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў дзякуе прадстаўнікам ПАРЕ за супрацоўніцтва пры падрыхтоўцы даклада.

    Паводле ацэнак ПАРЕ, пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года Беларусь пакінулі ад 300 да 500 тысяч яе грамадзян.

    — Гэта, несумненна, найбуйнейшая хваля міграцыі ў гісторыі Беларусі з часоў Другой сусветнай вайны, — падкрэсліваецца ў дакладзе. — Многія з’ехалі супраць сваёй волі, і таму ў дадзеным дакуменце выкарыстоўваецца паняцце «выгнанне». Пакуль у большасці ёсць жаданне як мага хутчэй вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь.

    Сярод тых, хто вымушаны быў пакінуць краіну, — 450 журналістаў. Большасць з іх цяпер знаходзяцца ў Польшчы (каля 200), Літве (прыкладна 150), Грузіі (каля 50) і Германіі (ад 20 да 30).

    — Большасць па-ранейшаму працуюць у беларускіх незалежных СМІ, іх галоўная мэта — падаваць аб’ектыўную і правераную інфармацыю, каб супрацьстаяць прапагандысцкай машыне, — адзначае дакладчык ПАРЕ.

    Таксама адзначаецца, што ў месцах зняволення цяпер знаходзяцца 33 журналісты. А праца прадстаўнікоў незалежных медыя ў Беларусі немагчымая праз высокія рызыкі.

    У выгнанні, сказана ў дакуменце, журналісты сутыкаюцца з тымі ж праблемамі, што і іншыя беларусы, — складанасці пры легалізацыі, адкрыцці банкаўскага рахунку і г. д.

    — Нярэдкія выпадкі, калі заробак журналістаў блакуюць датуль, пакуль не будзе праведзеная праверка ў сувязі з барацьбой з адмываннем грошай. У гэты час рэпарцёры не маюць доступ да свайго заробку, — зроблены акцэнт на важнай праблеме.

    ПАРЕ таксама выказвае занепакоенасць у сувязі з блакаваннем банкаўскіх рахункаў беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца ва Украіне.

    Асамблея заклікала Службу бяспекі Украіны разблакаваць банкаўскія рахункі беларускіх журналістаў, да якіх законныя ўладальнікі не маюць доступу.

    На яшчэ адзін балючы момант звяртае ўвагу ПАРЕ. Гаворка пра добра вядомую праблему, якую неаднаразова падсвятлялі: такія пошукавыя сістэмы як Google песімізуюць навіны ад незалежных медыя (з прычыны блакавання сайтаў унутры краіны) у той час як дадзеныя з дзяржкрыніц аказваюцца ўверсе.

    — Той факт, што Беларусь з’яўляецца невялікім рынкам, не павінен перашкаджаць буйным ІТ-кампаніям рабіць свой унёсак у забеспячэнне справядлівага і бяспечнага інтэрнэту ў самой Беларусі, дазваляючы распаўсюджваць незалежную і аб’ектыўную інфармацыю, — заўважаецца ў дакладзе.

    Чытайце яшэ:

    Рашэннем суда знішчылі 25 кніг журналіста Дзяніса Івашына. Якія?

    «Нават зняць грошы не атрымалася». Ва Украіне ў беларускіх журналістаў па-ранейшаму заблакаваныя банкаўскія карткі

    Адрэагавалі на скаргі чыноўнікаў? «Рудабельскую паказуху» тэлефоннага пранкера Павука абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці