Анджэя Пачобута дадалі ў «Спіс экстрэмістаў»
23 чэрвеня ў «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» з'явілася прозвішча журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута.
Днямі Анджэя Пачобута этапавалі ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацк.
Палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Гродне паводле так званай «польскай справы». За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га ХХ стагоддзя Анджэя абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце» — у прыватнасці, інкрымінавалася, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020‑м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
Працэс у абласным судзе Гродна пачаўся толькі сёлета 16 студзеня і праходзіў у закрытым рэжыме. 8 лютага суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес прысуд журналісту — 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У кастрычніку 2022 года Камітэт дзяржбяспекі ўнёс Анджэя Пачобута ў спіс асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці».
Увесь час знаходжання пад вартай журналісту забароненыя спатканні са сваякамі, ягоныя лісты цэнзуруюцца і блакуюцца ў перапісцы нават з сынам. Цягам больш чым двух гадоў за кратамі Анджэй Пачобут адчуваў пастаянны ціск. Тым не менш, ён неаднаразова адхіляў прапановы вызвалення ў абмен на просьбу аб памілаванні і ад’езд з Беларусі.
Чытайце яшчэ:
Справу Ларысы Шчыраковай перадалі ў суд
«Я сейчас рассказываю и думаю, какая же это блевотина невероятная». Большое интервью с экс-ведущей российских «Вестей»
Барыс Гарэцкі: Наваполацкая калонія, куды адправілі Пачобута – адна з самых жорсткіх