Барыс Гарэцкі: Наваполацкая калонія, куды адправілі Пачобута – адна з самых жорсткіх
Журналіста Анджэя Пачобута этапавалі ў наваполацкую калонію. У гэтым месцы адбывае свой 14-гадовы тэрмін былы прэтэндэнт у кандыдаты на пост прэзідэнта і банкір Віктар Бабарыка, сядзяць журналісты Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык, піша Беларускае Радыё Рацыя.
Пра Пачобута кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:
– Пачобут незвычайны палітычны вязень, гэта адзін з галоўных, я б так сказаў, прадметаў гандлю Лукашэнкі. Гэта чалавек, вызвалення якога вельмі моцна, усімі сваімі дыпламатычнымі сіламі дамагаецца Польшча. Пачобута паказальна судзілі жорстка і паказальна жорстка будуць утрымліваць. Мне падаецца, што гэта ўсё робіцца, каб яшчэ больш для Польшчы і ўсяго свету ствараць арэол жорсткасці.
Па яго словах, гэта калонія – адно з самых вядомых месцаў катаванняў палітычных вязняў:
– Любая калонія зараз вельмі складаная, але ў Наваполацку напэўна самыя жорсткія ўмовы ў плане таго, што там кіраўніцтва калоніі адкрыта здзекуецца з палітвязняў. Я думаю, што і над усімі іншымі вязнямі яны паводзяць сябе такім жа чынам, а для палітычных там створана сапраўднае пекла. Калі адбываецца канкрэтны здзек з людзей, пра нейкія правы чалавека ці штосьці такое мы не гаворым, бо гэта не пра правы чалавека, гэта проста барацьба за выжыванне.
Палітвязень і журналіст Анджэй Пачобут асуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 4 кастрычніка 2022 г. КДБ дадаў журналіста ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Чытайце яшчэ:
Эйджызм і мянушкі ў калёніі. Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча
«Калі я адказны за тое, што Пятрашка цяпер робіць у эфіры, то мяне трэба пакараць». Шчырае інтэрв’ю з экс-дацэнтам журфака — пра калег і чорныя спісы
Яўген Магда: «Распавядаць пра Беларусь ва Украіне — як кідаць зерне на бетонную падлогу»