Былы намеснік дэкана журфака БДУ, які сведчыў па «справе студэнтаў», стаў рэктарам абласнога інстытута
Прасоўвацца па кар'ернай лесвіцы Фёдар Драбеня пачаў пасля таго, як адзначыўся рэпрэсіямі ў дачыненні да пратэстуючых студэнтаў журфака БДУ і выступіў у якасці сведкі ў судзе па «справе студэнтаў».
Восенню 2020 года, калі адбываліся падзеі, за якія пазней асудзілі 12 чалавек, Фёдар Драбеня быў намеснікам дэкана па выхаваўчай рабоце журфака БДУ.
У 2021‑м Драбеня перайшоў у Акадэмію паслядыпломнай адукацыі і стаў дэканам факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў, а праз год — рэктарам Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Калектыву яго прадставілі ў снежні 2022-га.
У судзе па «справе студэнтаў» Фёдар Драбеня расказваў, што зрываў заняткаў не было, але было дыскамфортна: маўляў, былі спевы, а потым пачаўся варушняк, калідоры падчас акцый былі забітыя, прайсці — немагчыма.
Фёдар Драбеня казаў, што акцыі студэнтаў былі для таго, каб «папіярыцца», «пазбіраць лайкі», але «яны не ведалі, у што ўвязваліся».
Былы намеснік дэкана журфака БДУ кантраляваў працэс збору студэнтаў на акцыі, праводзіў асабістыя прафілактычныя гутаркі з тымі, каго пазнаваў у натоўпе сярод удзельнікаў акцый.
«Я ўжыў максімум свайго абаяння і харызмы, каб трымаць акцыі ў правільным рэчышчы», — казаў ён.
На пытанне адваката, ці маглі студэнты ўплываць на сітуацыю ў краіне, Фёдар Драбеня адказваў, што «студэнты не здольныя на такія маштабныя дзеянні».
На журфаку БДУ намеснік дэкана выносіў дысцыплінарныя спагнанні студэнтам, прымушаў пісаць тлумачальныя і пагражаў адлічэннем.
Некаторыя студэнты журфака БДУ нават судзіліся з факультэтам за неправамернае вынясенне дысцыплінарных спагнанняў.
Чытайце яшчэ:
Спецкамісія пад кіраўніцтвам былой міністаркі інфармацыі сотнямі множыць “экстрэмістаў”
VK заблакаваў старонку «Зеркало» і іншых незалежных СМІ на тэрыторыі Беларусі па патрабаванні Мінінфарма
«Кожны вызвалены палітвязень — гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты». Сваякі палітвязняў выпусцілі зварот да міжнародных лідэраў