«Кожны вызвалены палітвязень — гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты». Сваякі палітвязняў выпусцілі зварот да міжнародных лідэраў
У ініцыятыўную групу Аб'яднання сваякоў палітвязняў і колішніх палітвязняў уваходзяць сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, муж Ірыны Слаўнікавай Аляксандр Лойка і жонка Уладзіміра Мацкевіча Святлана Мацкевіч.
«Пачынаючы з 2020 года Беларусь перажывае самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі з моманту набыцця незалежнасці. На дадзены момант у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца каля 1500 чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі вязнямі. Але нават гэтая жахлівая лічба не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў тэрору. Праваабаронцы не ў стане сабраць усю інфармацыю пра рэпрэсіі, а самі вязні і іх родныя часта баяцца расказваць пра тое, што з імі адбываецца, бо баяцца помсты з боку сілавікоў. Між тым, толькі паводле афіцыйных дадзеных за 2,5 гады было распачата звыш 11,5 тысячаў крымінальных справаў, звязаных з палітыкай.
У турмах палітвязні сутыкаюцца са здзекамі, знявагамі і шантажом. Ім абмяжоўваюць перапіску, пазбаўляюць спатканняў і перадачаў, кідаюць у карцэр. Нашытыя на вопратку жоўтыя біркі і цяжкая прымусовая праца ў калоніях — гэта тое, якім чынам у Беларусі караюць за іншадумства і жаданне жыць у свабодным грамадстве. Кожны дзень і гадзіна праведзеныя за кратамі — гэта катаванне для палітвязняў і іх сваякоў.
Мы са шкадаваннем вымушаныя канстатаваць, што для вызвалення нашых родных сёння робіцца недастаткова. Падзеі апошніх гадоў у Беларусі часта параўноўваюць з вайной і акупацыяй. Але нават падчас вайны ў палонных ёсць магчымасць павярнуцца дадому. Перад нашымі вачыма прыклад Украіны: за час канфлікту сотні ўкраінцаў былі вызваленыя з варожага палону ў выніку перамоваў і абмену. Перамовы пра вызваленне палонных ніяк не ўздзейнічалі на рашучасць Украіны змагацца з агрэсарам да поўнага вызвалення ўсіх акупаваных тэрыторый — наадварот, вяртанне герояў толькі ўмацоўвае маральны дух грамадства.
Мы ж у Беларусі за мінулыя 2,5 гады былі сведкамі толькі паадзінкавых выпадкаў вызвалення палітвязняў.
З аднаго боку, гэта сведчыць пра тое, што цяперашнія падыходы не з’яўляюцца эфектыўнымі. Але з іншага боку, гэта даказвае, што выратаванне палонных рэжыма не з’яўляецца невыканальнай задачай.
Вызваленне ўсіх палітвязняў і поўнае спыненне рэпрэсій у Беларусі мы лічым задачай, якая не можа ставіцца пад сумневы ні пры якіх абставінах. Але спосабы дасягнення гэтай задачы могуць адрознівацца. Кожны вызвалены палітвязень — гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты. Калі сёння ёсць магчымасць выратаваць хаця б аднаго чалавека — мы павінны гэта зрабіць. А заўтра будзем выцягваць з засценкаў тых, каго сёння вызваліць было немагчыма.
Лёс Еўропы сёння вырашаецца на палях бітваў ва Украіне. Але супрацьстаянне расейскай агрэсіі не робіць праблему палітвязняў у Беларусі менш важнай — у абодвух выпадках гаворка ідзе пра абарону агульначалавечых каштоўнасцяў. Мы заклікаем лідэраў свабоднага свету да больш рашучых дзеянняў па вызваленні палітвязняў. Гэтыя дзеянні маюць уключаюць у сябе перамоўныя працэсы, намаганні як публічнага, так і непублічнага характару. Мы ў сваю чаргу гатовыя актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы новых падыходаў, тактыкі і стратэгіі».
На дадзены момант пад зваротам Аб’яднання сваякоў палітвязняў і колішніх палітвязняў стаіць 29 подпісаў.
Чытайце яшчэ:
Супрацоўніцы Tut.by Лойка, Талкачова і Ткачэнка з’ехалі з Беларусі, не чакаючы пачатку суда. Іх абвясцілі ў міжнародны вышук
«Партал рабіў наш голас гучнейшым, а праблемы, з якімі мы сутыкаліся, бачнымі». Чытачы пра тое, за што любілі TUT.BY
Пасля “бану” ад Мінінфармацыі аднавіў працу сайт недзяржаўнай газеты “Народная воля”