• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогеры-палітвязні Пятрухін і Кабанаў на свабодзе пасля трох гадоў зняволення

    Папулярных блогераў і актывістаў з Берасцейшчыны Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава абвінавацілі ў тым, што яны нібыта “рэалізоўвалі планы арганізацыі пратэставага руху". За гэта і іншыя “парушэнні закону” кожнаму прысудзілі па тры гады калоніі. Блогеры цалкам адбылі свае тэрміны і 17 снежня 2022 года выйшлі на волю.

    Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў атрымалі вядомасць як аўтары YouTube-каналаў “Народны рэпарцёр” і «Youtube-депутаты». Асвятлялі праблемныя бакі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы. Асабліва шмат увагі надавалі пратэстам жыхароў Брэста і ваколіцаў у справе будаўніцтва акумулятарнага завода. Прыкладна ў той жа стылістыцы працаваў і іх гомельскі калега Сяргей Ціханоўскі, пазней пакараны 18 гадамі ўзмоцненага рэжыму.

    Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе Аляксандр Кабанаў заняў пасаду прэс-сакратара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, аднак папрацаваць у выбарчай кампаніі амаль не паспеў. Блогер знік 15 чэрвеня ў Брэсце, калі быў выкліканы ў паліклініку для кантролю за адбыццём каранціна з прычыны COVID-19. Толькі праз некалькі дзён ён знайшоўся ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага раёна Брэста, калі ўжо адбываў 15 сутак за “хуліганства”. А неўзабаве Аляксандра перавезлі ў СІЗА №1 Мінска ўжо як падазраванага па крымінальным артыкуле, а па месцы пражывання яго бацькоў сілавікі правялі ператрус.

    Сяргея Пятрухіна затрымалі на дзень пазней пад Пухавічамі (Мінская вобласць) і даставілі ў Кобрынскі ізалятар часовага ўтрымання, але ўрэшце ён таксама апынуўся на Валадарцы.

    Праваабарончая супольнасць прызнала зняволеных блогераў палітычнымі вязнямі.

    Працэс пачаўся амаль праз паўгода чамусьці ў зусім іншым баку Беларусі – у Кастрычніцкім судзе Магілёва. У выніку суддзя Вольга Краўчанка прызнала фігурантаў вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Сяргея Пятрухіна, акрамя таго, зрабілі яшчэ вінаватым у абразе суддзі Брэсцкага абласнога суда Андрэя Лешчанкі (арт. 391 КК).

    Сукупна кожны атрымаў па тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама іх абавязалі выплаціць па 750 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАПа Віталю Аўтушэнку, якога “зняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках”.

    Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачання Таццяна Амосава ў судзе настойвала, што Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў у змове з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам “ажыццяўлялі ўзгодненую і мэтанакіраваную дзейнасць у стварэнні напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года грамадска-палітычнай напружанасці, рэалізоўвалі планы арганізацыі пратэставага руху пад выглядам пікетаў, збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду”. У матэрыялах справы згадваліся таксама палітык Павел Севярынец і блогер Ігар Лосік.

    Віны ў інкрымінаваных злачынствах Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў не прызналі, хоць патлумачыць сваю пазіцыю ім так і не ўдалося – 11 лютага іх выдалілі з судовага пасяджэння за парушэнне парадку яго правядзення, а хадайніцтвы аб вяртанні на працэс пакідаліся без задавальнення. Мала за тое, цягам двух месяцаў разгляду справы іх нават не прывозілі на суд, яны не выступалі з апошнім словам. 

    Паводле адвакатаў падсудных, падабаронныя дзейнічалі ў межах правоў, гарантаваных Канстытуцыяй. А штучнае прыцягненне да справы Сяргея Ціханоўскага і Міколы Статкевіча мусіла прадэманстраваць “сур’ёзнасць злачынных намераў”, хоць ніяк не абгрунтавала хоць якое ўзаемадзеянне.

    Нягледзячы на шматлікія нестыкоўкі ў працэсе следства, блогерам прысудзілі тэрмін пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

    Абодва блогеры нарадзілся ў 1971 годзе, а таму сустрэлі за кратамі сваё 50-годдзе: Сяргей Пятрухін — 10 траўня, Аляксандр Кабанаў — 30 ліпеня.   

    Сяргей Пятрухін адбываў тэрмін у папраўчай калоніі №3 у пасёлку Віцьба пад Віцебскам. Паводле сяброў, якія сустракалі блогера 17 снежня 2022 на волі, Сяргей схуднеў на 25 кілаграмаў, але захоўвае бадзёрасць.

    Што тычыцца Аляксандра Кабанава, дык ён у той жа дзень вызваліўся з турмы №4 у Магілёве. Летась у канцы кастрычніка стала вядома, што Аляксандра пакаралі 6 месяцамі ПКТ за «сістэматычныя парушэнні правілаў утрымання». А ў выніку змянілі рэжым адбывання пакарання на строгі турэмны і 21 снежня 2021 года паводле рашэння суда перавялі з наваполацкай ПК‑1 у магілёўскую турму. За кратамі ў Аляксандра сур’ёзна пагоршылася здароўе.

    Паколькі блогераў затрымалі задоўга да прэзідэнцкіх выбараў, яны адбылі свае тэрміны пакарання з апярэджаннем – згодна з абноўленым заканадаўствам, паўтара дня ў СІЗА лічыцца за дзень у калоніі.

    Нагадаем, што абвешчаная амністыя да так званага Года народнага адзінства на палітычных вязняў не распаўсюджваецца – пакуль што практычна ўсе, за рэдкім выключэннем, адбываюць прызначаныя тэрміны ў поўным аб’ёме.

    Чытайце яшчэ:

    Блогер, будаўнік, мае чорны пояс у каратэ. Хто такі Аляксандар Кабанаў, якога будуць судзіць за масавыя беспарадкі

    «Ня ведаю, калі скончыцца гэты сюр». Блогер Сяргей Пятрухін расказаў пра жыццё ў віцебскай калоніі

    «Падпарадкавацца гэтаму страху — значыць, прайграць». Апошняе інтэрв’ю Аляксея Стрэльнікава

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці